Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛЕДАВІКОВЫ ПЭРЫЯД ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І ЗАХАДАМ МОЖА ПРАЦЯГВАЦЦА…”


Алена Панкратава, Менск

Найбуйнейшая за ўсю гісторыю нямецка-беларускіх стасункаў сустрэча мела назву “Новая беларуская палітыка Нямеччыны”. У імпрэзе бралі ўдзел больш як 300 прадстаўнікоў палітычных, грамадзкіх, навуковых колаў краінаў, а таксама студэнты і журналісты.

Калі браць нефармальны, неафіцыйны ўзровень канфэрэнцыі й гаварыць пра якасьць дачыненьняў паміж навукоўцамі, грамадзкімі дзеячамі, недзяржаўнымі арганізацыямі, то, паводле аналітыкаў, яшчэ ніводная зь пяці папярэдніх брульскіх імпрэзаў не дэманстравала такіх канструктыўных падыходаў, распрацовак і праектаў у галіне гуманітарнага супрацоўніцтва.

Калі ж разглядаць будучыню стасункаў на больш высокім узроўні (у брульскай сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі афіцыйнага Бэрліну і Менску), то, як выказваюцца назіральнікі, яна надзвычай складаная і няпэўная.

Мой калега Райнгард Лаўтэрбах, журналіст “Hessischer Rundfunk", у мінулым карэспандэнт ARD ў Беларусі і Ўкраіне, гэтак параўнаў афіцыйныя дачыненьні Беларусі й Эўропы:

(Лаўтэрбах: ) “На дадзены момант сытуацыя такая: абодва партнэры як тыя два каты, якія бегаюць адзін за адным. І кожны чакае першага кроку з боку іншага. Усё нагадвае працэс, які ў дыпляматычных колах называюць ледавіковым пэрыядам.

Як мне тут у Брулі сказалі дасьведчаныя нямецкія дыпляматы, па сутнасьці, гэта ёсьць працэс палітычнай фэрмэнтацыі ў Беларусі, і да гэтага трэба ставіцца звыкла. Мой прагноз на бліжэйшы час — названы пэрыяд працягнецца”.

Як вынікае з брульскай імпрэзы, усё менш нямецкіх паліткаў, аналітыкаў, журналістаў захоўваюць нейкія надзеі на тое, што неўзабаве Крэмль і Пуцін паспрабуюць зрабіць пэўны ціск на Лукашэнку дзеля дэмакратызацыі Беларусі. Як піша нямецкі друк, у Пуціна зараз іншыя клопаты. Крамлёўскі кіраўнік хоча ліквідаваць беларускія пазыкі, і ў гэтым зьвязку яму не патрэбная нейкая новая пэрсона ў Менску, якая б магла б дэнансаваць былыя пагадненьні.

Паводле аўтарытэтнага нямецкага журналіста, карэспандэнта “Frankfurter Allgemeine" Маркуса Вэнэра, нягледзячы на тое, што паміж Пуціным і Лукашэнкам назіраюцца не найлепшыя дачыненьні, крамлёўскі лідэр належыць да тых палітыкаў, хто можа вельмі глыбока схаваць свае эмоцыі дзеля дасягненьня пэўных палітычных і эканамічных мэтаў.

Паводле Маркуса Вэнэра, для Крамля Лукашэнка той гулец, якім цяпер можна кіраваць.

(Вэнэр: ) “Вядома, што былы кіраўнік беларускага КГБ Мацкевіч доўгі час быў у Маскве, як былі ў Расеі й многія іншыя людзі зь Менску, якія многа ведаюць пра зьніклых беларускіх палітыкаў, пра той жа “эскадрон сьмерці”. Канечне, Масква, маючы такія веды пра беларускага кіраўніка, робіць Лукашэнку залежным — як палітычна, так і эканамічна. У тым выпадку, калі Пуцін захоча, ён заўсёды зможа ціснуць на Менск. Пакуль жа, калі меркаваць па нейкім момантах, Лукашэнку час ад часу паказваюць: ты ад нас залежны й ты павінен ведаць, хто тут грае першую ролю”.

Паводле маіх нямецкіх суразмоўцаў, Лукашэнка, вядома, раздражняе Маскву — асабліва калі спрабуе прэтэндаваць на асобную ролю ў будучым саюзе. Аднак, лічаць у Маскве, пакуль ён сядзіць у сваёй маленькай рэспубліцы — хай сядзіць, бо ў гэтым сэнсе расейскаму кіраўніцтву ён не перашкаджае.
XS
SM
MD
LG