Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ МАЛАДОМУ ФРОНТУ ПРАВЕСЬЦІ КАРНАВАЛЬНАЕ ШЭСЬЦЕ Ў ДЗЕНЬ СЬВ. ВАЛЯНЦІНА Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Любоў Лунёва, Менск

Менгарвыканкам не задаволіў просьбу Маладога Фронту правесьці 14-га лютага шэсьце з плошчы Якуба Коласа па праспэкце Францішка Скарыны.

У чацьвер намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка дзьве гадзіны вёў перамовы з кіраўніцтвам гарадзкой міліцыі. Міліцыянты параілі Яўгену напісаць заяву ў Менгарвыканкам з просьбай прыняць кампраміснае рашэньне і дазволіць прайсьці з плошчы Якуба Коласа па вуліцы Чырвонай да Опэрнага тэатру. Міліцыянты нават паабяцалі дапамагчы ў гэтым.

(Скочка: ) “У пятніцу яны пераехалі ў новы будынак, і дагэтуль у іх няма тэлефонаў, невядомы іхны адрас. Куды зьнік ГУУС? Я лічу, што, па-першае, улады самі ня хочуць у Эўропу, па-другое, не жадаюць нікога туды пускаць, па-трэцяе, баяцца, што іншая моладзь убачыць, што нехта імкнецца ў Эўропу і хоча лепшага жыцьця. Пабачаць, што Малады Фронт — гэта нармальныя хлопцы й дзяўчаты, якія сьвяткуюць эўрапейскія сьвяты”.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец выказаўся больш катэгарычна:

(Севярынец: ) “У любым выпадку акцыя ў Дзень сьвятога Валянціна адбудзецца. Прычым адбудзецца ў 44 гарадох Беларусі. У Менску шэсьце пачнецца а 17-й гадзіне з плошчы Якуба Коласа па праспэкце Францішка Скарыны — незалежна ад таго, якой будзе пазыцыя мэра Паўлава ці Аляксандра Лукашэнкі ці кагосьці яшчэ. Улада вельмі баіцца, калі моладзь выходзіць на праспэкт.

Калі ўлада не жадае ісьці на кампрамісы й арганізоўваць вулічны карнавал, то касьцюмаваньне, шэсьце, бэнгальскія агеньчыкі і ўсе астатнія вясёлыя сьвяточныя справы будуць ісьці па цэнтральных вуліцах самацёкам. Так, як гэта было заўсёды на Дзень сьвятога Валянціна”.

Старшыня міжнароднай камісіі Сяржук Лісічонак распавёў журналістам пра непрыемны інцыдэнт на беларускай мяжы.

(Лісічонак: ) “Напярэдадні акцыі Малады Фронт атрымаў непасрэдна ад Эўрапейскай камісіі 603 кіляграмы даіпамогі ў выглядзе інфармацыйных матэрыялаў пра новыя эўрапейскія грошы і пра Эўразьвяз. Але сытуацыя ўскладнілася тым, што паводле мытнага беларускага заканадаўства мытнікі за “растаможку” запатрабавалі тры з паловай тысячы даляраў. Зразумела, у Маладога Фронту такіх грошай няма. Мы вымушаныя былі адмовіцца ад гэтай партыі, і зараз гэтыя шэсьць тонаў грузу вярнуліся ў Эўропу, у Брусэль”.

На прэсавай канфэрэнцыі Малады Фронт прэзэнтаваў сайт “MFront.org”, на якім у рэжыме on-line будуць аднаўляцца навіны ў кампаніі “Беларусь у Эўропу!”

Маладафронтаўцы спадзяюцца, што за кампаніяй “Беларусь у Эўропу!” і ўвогуле за дзейнасьцю Маладога Фронту будзе сачыць значная колькасьць моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG