Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСКІЯ АЛІМПІЙЦЫ ЎСТОЙЛІВА ЗАМАЦАВАЛІСЯ СЯРОД АЎТСАЙДЭРАЎ


Ігар Карней, Менск

Ад пачатку алімпійскага старту ўсьцешыла беларускіх заўзятараў толькі хакейная зборная. Але, як мяркуюць некаторыя адмыслоўцы, заслуга ў гэтым ня столькі беларускай каманды, колькі ўкраінскай, у якой воля да перамогі адсутнічала наогул. Вынік — мінімальная перамога зь лікам 1:0 на карысьць беларусаў.

Але па такой гульні, што паказалі падначаленыя Ўладзімера Крыкунова ў суботу, разьлічваць на прагрэс выпадае наўрад ці. Да таго ж, беларусам яшчэ моцна пашанцавала, атрымаўшы спарынг-партнэрамі французаў ды швайцарцаў, а не кагосьці з эліты міжнароднага хакею. Але кіраўнік аддзелу хакею газэты “Прессбол” Аляксандар Адзінец бачыць у гэтай перамозе добры знак:

(Адзінец: ) “Пачаў прагледжвацца нейкі малюнак гульні. Нават калі на першы погляд ня вельмі яскрава глядзелася каманда, то ўстаноўка Крыкунова на матч выкананая: акуратна згулялі ля сваёй брамы, а трэнэр надзвычай угадаў з брамнікам, Шабанавым. У двух астатніх матчах хлопцы павінны дадаць, патэнцыял ня вычарпаны, і выходзіць на пляцоўку будзе ня сорамна. Я бачыў усе матчы, тут кожная каманда дэманструе вельмі добры хакей, таму да ўчорашняга дня мелі шанцы выйсьці ў другі этап амаль усе. Так што калі мы трапім далей, безумоўна, гэта будзе дасягненьне”.

А вось спартовы камэнтатар БТ Аляксандар Пуціла, наадварот, не падзяляе спадзяваньняў на ўдалы выступ вельмі ўзроставай, а таму маларухомай хакейнай дружыны.

(Пуціла: ) “Было інтрыжнае чаканьне гэтай сустрэчы: як выступяць беларусы ў сваім стартавым матчы пад кіраўніцтвам новага трэнэра. Шчыра кажучы, паядынак не спадабаўся. Тонкага разьліку ў гульні нашай каманды не было: без усялякіх мэтанакіраваных дзеяньняў ля брамы, без усялякіх цудаў тэхнікі. І выпадковая, як аказалася, шайба Алега Мікульчыка за 12 хвілінаў да канца сустрэчы прынесла перамогу.

Напэўна, усё ж нашая каманда не была мацнейшая за ўкраінцаў, а дакладней, зборная Ўкраіны згуляла вельмі слаба, без агеньчыку ў вачах. Можа таму, што для ўкраінцаў не стаіць задача выхаду ў васьмерку наймацнейшых, адрозна ад каманды Беларусі”.

Зь іншых выступаў варта адзначыць посьпех, так бы мовіць, новай беларускі, алімпійскай чэмпіёнкі ўзору Калгары-1988, Сьвятланы Нагейкінай. Нягледзячы на свае 37 гадоў, Нагейкіна нават пасьля падзеньня на трасе здолела канкураваць з прызнанымі фаварыткамі, а ейнае шостае месца — наогул найлепшы вынік за ўсю гісторыю ўдзелаў беларускай каманды ў гэтай дысцыпліне на Алімпіядах. Што й казаць: паказальны ўрок малодшым, але менш спрытным беларускам.

Гэта, бадай, усе адметныя дасягненьні беларускай каманды на сёньняшні дзень. Затое зьявіліся ўстойлівыя аўтсайдэры. Двухборац Сяргей Захаранка быў апошнім адразу ў дзьвюх дысцыплінах — скачках з трампліну (саступіўшы ў выніку лідэру болей за 30 мэтраў) і індывідуальных гонках. На апошнім, 32-м радку, у выніковым сьпісе засталася Сьвятлана Чапельнікава, якая брала ўдзел у спаборніцтвах сярод канькабежак на 3000 мэтраў. Такія вынікі не даюць шмат падставаў да мараў нават пра мінімальную колькасьць мэдалёў любой вартасьці ў нацыянальную скарбонку.

Гаворыць Аляксандар Пуціла:

(Пуціла: ) “Тое, чаго баяліся кіраўнікі спорту (маўляў, паедуць на алімпійскія гульні статысты) — вось гэта якраз вынік Сьвятланы Чапельнікавай. Сяргей Захаранка на мінулай Алімпіядзе быў 43-і, зараз ён перадапошні. Гэта ня вынік для каманды, на падрыхтоўку якой выдаткоўваліся немалыя грошы цягам двух год. Можа, калі няма адметных прадстаўнікоў гэтага віду, якія могуць дастойна паказаць краіну на алімпійскіх гульнях, то й ня варта рыхтаваць выпадковых спартоўцаў? Міністар спорту акрэсьліў: нармальныя выступы — калі мы заваюем тры мэдалі. Але як будзе насамрэч?”

(Карэспандэнт: ) “Імправізаваныя таталізатары усё часьцей сведчаць, што мэдалёў можа ня быць наогул...”

(Пуціла: ) “Спадзявацца, натуральна, трэба. Тая ж Ала Цупер, якая прыехала да нас з Украіны. Альбо нашыя фрыстайлісты Аляксей Грышын ці Зьміцер Дашчынскі. Гэта асноўныя спадзяваньні. І цяжка сказаць, будзе альбо не мэдаль у мужчынскай біатлённай эстафэце”.

Натуральна, што Алімпіяда — гэта і ёсьць той выпадак, калі надзея памірае апошняй. Ды й кожны заўзятар гатовы чакаць цуду, здаецца, нават у самай безвыходнай сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG