Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПАЧАЛАСЯ ЭПІДЭМІЯ ГРЫПУ


Ганна Соусь, Менск

Трапіць у лягер валанцёраў цяпер вельмі складана — наўкол бездарожжа. Падземны пераход яшчэ не дабудаваны, ногі тонуць у сьлізкай гліне, паўсюль лужыны. Ля намёту валанцёры выкапалі канавы, каб не залівала вадой.

У лягеры сустракаю маладафронтаўца Дзяніса Чыкалёва з Гомеля. Летась ён каля месяца браў удзел у вахце памяці, 8 і 9 лістапада хлопца двойчы затрымлівалі амонаўцы. Тады ж Дзяніса моцна зьбілі. Дзяніс Чыкалёў распавёў, што хутка ва ўрочышча прыедуць новыя добраахвотнікі з Гомеля, каб узяць удзел у бестэрміновай вахце памяці. Дарэчы, у ягоным горадзе ёсьць свае Курапаты. Распавядае Дзяніс Чыкалёў:

(Чыкалёў: ) “У нас у Гомелі за Навабеліцай ёсьць 9-ы кілямэтар па Чарнігаўскай шашы — там таксама месца пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. І там стаіць сьцяна, збудаваная рабочымі, і нейкі зьліў. Мы зьбіраемся зрабіць там мэмарыял. Фарбу зараз зьбіраем, крыху цяплей стане, дык пачнем фарбаваць”.

Калі я была ў Курапатах, ішоў дождж, і таму валанцёры часова зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг — каб не сапсаваць. Мінулым тыднем амонаўцы прымушалі валанцёраў зьняць сьцяг, але ў выходныя сытуацыя зьмянілася. Распавядае Антон Шкурынскі:

(Шкурынскі: ) “Прыходзіў гарадзкі міліцыянт, назваў сябе — як належыць. Запытаўся, як нашыя справы. Мы сказалі, што ўсё добра, толькі вось сьцяг прымушаюць здымаць. Дык міліцыянт сказаў: “Вешайце колькі заўгодна, хай увесь час вісіць. Калі што, клічце нас”.

Антон Шкурынскі — расеец, нарадзіўся ў горадзе Мур Уладзімерскай вобласьці. Разам зь беларускімі добраахвотнікамі ўжо больш за месяц дзяжурыць у Курапатах. За гэты час ён ужо крыху авалодаў беларускай мовай.

(Шкурынскі: ) “Жыве незалежная Беларусь! Абаронім Курапаты не ад НКВД, а ад улады... Абаронім!”

У валанцёраў узьніклі праблемы з дровамі. Мінулым тыднем лесьнікі вызначылі сухія дрэвы для высечкі і сёньня мусілі прыехаць, каб іх сьпілаваць, але чамусьці не зьявіліся. А бяз іхнага дазволу валанцёры ня хочуць валіць дрэвы, каб іх потым не абвінавацілі ў незаконнай высечцы.

Мой наступны суразмоўца — Алесь Гетман, ён сёньня быў старэйшым у лягеры.

(Гетман: ) “Зараз з харчаваньнем стала лепш. На ўправе БНФ стаіць скарбонка для грашовых ахвяраваньняў “Для абароны Курапатаў”. І вось на грошы з той скарбонкі мы будзем набываць ежу. Зараз намнога лепей ужо. Надвор’е вельмі дрэннае, і амаль усе валанцёры хварэюць на грып. Я таксама хварэю, у Антося таксама пачаўся грып. Некаторыя ўвогуле зьехалі дахаты, таму што грып вельмі моцны”.

Што да лячэньня хваробы ды яе прафіляктыкі, то, паводле Алеся Гетмана, валанцёры ўжываюць народныя сродкі — цыбулю ды часнок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG