Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАДАПОШНІ ДЫКТАТАР ЭЎРОПЫ ЗАЎТРА СТАНЕ ПЕРАД СУДОМ


Аляксанадар Лукашук, Прага

Больш за 200 000 чалавек загінулі падчас распаду Югаславіі, пераважна мусульмане. Босьнія падзеленая паводле этнічных межаў. У Косаве кіраўніцтва ажыцьцяўляе міжнародная супольнасьць. У наяўнасьці горы доказаў – парэшткі ахвяраў, дакумэнты, прызнаньні. І тым ня менш, экспэрты лічаць, што суд можа зацягнуцца на два гады.

Слабадан Мілошавіч заявіў, што не прызнае паўнамоцтваў Гаагзкага трыбуналу і ўсё, што ён рабіў – гэта спрабаваў захаваць цэласнасьць Югаславіі. Я папрасіў пракамэнтаваць пазыцыю, якую заняў перадапошні эўрапейскі дыктатар, майго калегу, дырэктара Югаслаўскай службы радыё Свабодная Эўропа Ніно Пэйіча.

(Пэйіч: ) “Мілошавіч вельмі палітызаваны, гэта так. Ён гаворыць пра палітыку, а не пра закон. І зь ягонага боку, гэта удалы ход – ён заявіў, што не прызнае Гаагзкі трыбунал, але кожны раз прынагодна скарыстоўвае яго як трыбуну для палітычных прамоваў. Гэта ягоны адзіны шанец”.

(Лукашук: ) “Ці можна сказаць, што ў Гаазе будуць судзіць і Сэрбскае грамадзтва?”

(Пэйіч: ) “Безумоўна, не. Грамадзтва ня судзяць. Мы гаворым пра суд, закон. А калі гаварыць пра палітыку – нават тады я лічу, што судзяць не былую Югаславію. Судзяць аднаго чалавека. Аднак сёньня ў Сэрбіі хацелі б ускласьці ўсю віну на Мілошавіча. Думаю, гэта памылкова”.

(Лукашук: ) “Мілошавіч зьдзяйсьняў злачынствы і вёў войны не адзін. Як ставяцца паспалітыя сэрбы да суду над Мілошавічам? Ці ёсьць разуменьне сваёй адказнасьці, якое некалі праз працэс дэнанцыфікацыі перажылі немцы?”

(Пэйіч: ) “Сэрбы лічаць, што яны зрабілі дастаткова, калі выдалі Мілошавіча. Баюся, Сэрбія яшчэ ня ў стане прызнаць сваю адказнасьць за злачынствы і войны. Я не кажу, што нацыю можна прызнаць у нечым вінаватай – не. Але гаворачы пра адказнасьць – яны павінны ўзяць адказнасьць за Мілошавіча. Яны яго абралі. Яны за ім ішлі. І нават цяпер у структуры ўлады Югаслаўскай Фэдэрацыі шмат людзей, якія падтрымліваюць яго, якія былі сябрамі ягонай партыі. Цяперашняя кааліцыя складаецца ў тым ліку з саюзьнікаў Мілошавіча. Мала хто ў Сэрбіі гаворыць адкрыта пра гэта, як міністар замежных справаў і інтэлектуалы. Сэрбія мусіць паглядзець у люстэрка і задаць пытаньне сабе – якая наша доля адказнасьці за войны Югаславіі? Яны не гатовы”.

(Лукашук: ) “Спадар Пэйіч, як будуць сэрбскія СМІ асьвятляць працэс Мілошавіча?”

(Пэйіч: ) “Першыя пару дзён будуць падрабязна асьвятляцца, а пазьней забудуць. Такі будзе ягоны лёс. Калі ён прызнае трыбунал, тады зможа выклікаць сьведак, і гэта будзе цікава. Калі ж не – а я думаю, што так і будзе – яго забудуць. Усе ў Сэрбіі хацелі бы забыыца на Мілошавіча як мага хутчэй, і ўскласьці на яго усю віну. Ня думаю, што гэта справядліва ў дачыненьні да Мілошавіча. Ён сапраўды адказны. Трыбунал вызначыць, вінаваты ён ці не. Без сумненьня. Ён нясе палітычную адказнасьць за ўсё. Але ёсьць іншыя адказныя”.
XS
SM
MD
LG