Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯ МЕНСКАЙ КАЛЁНІІ НА КАЛЬВАРЫЙСКАЙ ПРАЙШЛА АКЦЫЯ Ў ПАДТРЫМКУ АНДРЭЯ КЛІМАВА


Альгерд Невяроўскі, Менск

За паўгадзіны да пачатку апазыцыйнага мерапрыемства каля калёніі па вуліцы Кальварыйскай сабралася нямала міліцыянтаў у форме і ў цывільным. Апоўдні да сьценаў турмы прыйшлі каля 50 удзельнікаў акцыі з партрэтамі Андрэя Клімава ў руках і сталі ланцугом уздоўж дарогі.

Гаворыць арганізатар акцыі, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “На 2002 год мы маем плян кампаніі “Хочам ведаць праўду!”, якая ўключае і звычайны фармат (гэта правядзеньне “Ланцугоў неабыякавых людзей”). Гэта ўжо другі такі ланцуг, першы быў з нагоды 50-годзьдзя Юрыя Захаранкі. А сёньня роўна чатыры гады, як у турме знаходзіцца наш калега, сябра нашай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў — і гэта акцыя салідарнасьці зь ім. Чалавек 1460 дзён знаходзіцца за кратамі”.

Многія мінакі падыходзілі да ўдзельнікаў, цікавіліся мэтай акцыі і выказвалі падтрымку. Удзельнікі ланцугу тлумачылі, чаму выйшлі на вуліцу з партрэтамі спадара Клімава. Гаворыць Марына Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Я не хачу апынуцца там. І спадзяюся, што калі я раптам там апынуся, таксама выйдуць неабыякавыя людзі й будуць тут стаяць, і ня будуць баяцца”.

Андрэй Клімаў быў арыштаваны раніцай 11 лютага 1998 году перад пад’ездам уласнага дому на вачах жонкі Тацяны. Сёньня Тацяна Леановіч-Клімава разам з Андрэевай маці спадарыняй Алай стаялі ў ланцугу з партрэтамі свайго мужа й сына. Я зьвярнуўся з пытаньнем спачатку да жонкі Андрэя Клімава Тацяны:

(Карэспандэнт: ) “Тацяна, ці ведае Андрэй, што перад сьценамі турмы сёньня ягоныя калегі ладзяць акцыю?”

(Тацяна Леановіч-Клімава: ) “Я думаю, што ён ведае пра гэта мерапрыемства. Ён чытае беларускую прэсу. І думаю, што ён зь нецярпеньнем чакае, бо для яго гэта сур’ёзны фактар падтрымкі”.

Жонка й маці спадара Клімава кажуць, што ў наступныя дні Андрэй мусіць выйсьці на волю, бо паводле Папраўча-працоўнага кодэксу зьняволены, які адбыў дзьве траціны вызначанага судом тэрміну і да паводзінаў якога няма прэтэнзіяў, пераводзіцца з калёніі на вольнае пасяленьне. А Андрэй якраз адседзеў чатыры з вызначаных яму шасьці гадоў. Але калі Клімаў будзе вызвалены, ягоныя родныя ня ведаюць. Гаворыць маці Ала Клімава:

(Ала Клімава: ) “Паводле закону яго павінны выпусьціць пасьля 11-га. Але паколькі ў нас ніхто законаў не выконвае і законы не працуюць, то ў нас няма ніякай надзеі, што Андрэя Клімава выпусьцяць пасьля 11-га”.

Побач з роднымі Андрэя Клімава ў ланцугу стаялі жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына з дачкой Валерыяй. Гаворыць Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) “Я прыйшла сюды, каб найперш выказаць сваю павагу й удзячнасьць Андрэю Клімаву, якога ўжо чатыры гады няма разам з намі. Такім чынам я хачу падтрымаць Андрэя, ягоную сям’ю і паказаць, што ёсьць людзі, якія памятаюць пра яго, якія ўдзячныя яму й якія будуць заўсёды разам зь ім. І па-другое, я хачу каб людзі гэтай краіны задумаліся над тым, што адбываецца”.

Акцыя каля сьценаў калёніі па вуліцы Кальварыйскай працягвалася паўгадзіны. Міліцыя яе правядзеньню не перашкаджала.
XS
SM
MD
LG