Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫВАТНЫЯ КАТЭДЖЫ Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

За індывідуальнае будаўніцтва на пачатку 1990-х ня браўся толькі гультай. Адзін перад адным спаборнічалі — і маштабамі будоўлі, і формамі. У модзе ўсё больш былі гэткія мінізамкі: зь вежамі, вінтавымі лесьвіцамі, шыбамі-аркамі. Цьверазелі толькі тады, калі сканчаліся грошы, альбо выяўлялася, што ў чыстым полі няма ніякіх камунікацыяў і жыць фактычна немагчыма.

Ніхто з высокіх чыноў (ініцыятараў вырашэньня жыльлёвай праблемы шляхам катэджавага будаўніцтва) не зазіраў далей за сьцены-карабы. А мо й не спадзяваліся, што будаўніцтва набудзе такі маштаб. Да таго ж, тады мала хто ўяўляў, колькі будзе каштаваць сямейнаму бюджэту ўтрыманьне такога маёнтка.

Гаворыць старшыня каапэратыву індывідуальных забудоўнікаў Сяргей Саевіч:

(Саевіч: ) “Некалькі гадоў таму, калі салярка каштавала 10-12 цэнтаў за літар, ацяпленьне дому плошчай ад 200 квадратных мэтраў каштавала 100-150 даляраў на месяц. Зараз, калі кошт саляркі рэзка падскочыў, многія ад яе адмовіліся: калі сто даляраў цяжка было знайсьці, то зараз гэта ўтрая болей. Цяпер за ацяпляльны сэзон спальваецца 10-15 тонаў вуглю ці торфу. Гэта таксама вельмі шмат.

Калі б існавала нейкая арганізацыя, якая б давала парады: як правільна пабудаваць дом у нашых кліматычных умовах; як яго ўцяпліць; як падрыхтаваць камунікацыі, каб яны эфэктыўна працавалі; якія выбраць радыятары. Іншымі словамі, патрэбны комплекс паслугаў, зьвязаных з эканоміяй. І гэта павінна быць дзяржаўнай палітыкай. Каб дзяржава гэткую арганізацыю ўтрымлівала, гэта дало б рэальную эканомію матэрыяльных рэсурсаў і сродкаў. Бо ўрэшце гэта ўсё роўна дзяржаўныя выдаткі!”

Нядаўна я патрапіў у мястэчка Хмелеўка, што пад Менскам. Калі ехаць у маладэчанскім кірунку на электрычцы, з вокнаў бачны вялікі пасёлак з двух-трох-, нават чатырохпавярховых будынінаў. Амаль кожны раз у вагоне знаходзіўся праўдалюб, які пачынаў клясьці розных прайдзісьветаў ды нуворышаў, якія раскідваюцца грашыма.

Насамрэч у Хмелеўцы — участкі менскага заводу “Гарызонт”. І будаваліся тут звычайныя рабочыя ды інжынэры. Калі падысьці да гмахаў бліжэй, зьнешні бляск зьнікае. Гатовых на 100% дамоў — можа, 5–6 з васьмі дзясяткаў. То няма даху, то вокнаў. Калі звонку ўсё быццам нармальна, значыцца, у сярэдзіне не дароблены.

Спадар Анатоль будуе свае два паверхі 9 гадоў. Банкаўскі крэдыт даўно скончыўся, свае грошы таксама “замураваныя” ў сьцены. Паўсюль сьмецьце, пыл, рэшта будматэр’ялаў. А калі ўдарылі маразы, парвала трубы ацяпленьня. Няўжо ён гатовы ўкладваць сродкі й надалей?

(Анатоль: ) “Гэта ня толькі прыйдзецца рабіць, але й даводзіцца ўвесь час. За ўсё трэба плаціць, вялізныя грашовыя ўкладаньні. Гэта пякельная праца для любога чалавека, які жыве ў нашым паселішчы. Трэба адначасна быць і вартаўніком, і гаспадаром, і будаўніком, ды кім заўгодна. Ужо тры гады жыву тут стала. Спадарожна будуемся і жывём”.

Стала жывуць у пасёлку толькі некалькі сем’яў. У асноўным гэта тыя, хто стаўся ахвяраю выбару: альбо кватэра, альбо вялікі дом з кавалкам зямлі. У 1994-м кіраўніцтва “Гарызонту” такі выбар якраз прапанавала. Хто ўрэшце згадзіўся на пажыцьцёвыя пакуты, зараз зайздросьцяць тым, хто атрымаў аднапакаёўку на ўскрайку Менску.

Сяргей Саевіч з гэтага шэрагу, бо ніякага іншага жыльля ня мае. Да таго ж, гэтыя людзі сталі закладнікамі яшчэ адной сытуацыі: пасяліўшыся ў Хмелеўцы, яны страцілі сваю прапіску ў Менску, а ўлады Заслаўя, да якога адносіцца Хмелеўка, браць на балянс лішніх людзей адмаўляюцца, бо бальшыня на працу па-ранейшаму езьдзіць у Менск.

Спадар Саевіч паказвае славуты дакумэнт ад 1990 году. Паводле пастановы Саўміну БССР, скасоўвалася практыка абмежаваньня будаўніцтва ў плошчы (знакамітыя 6 сотак). Людзям дазволілі будаваць жыльлё любой плошчы, каб у адным вялізным доме жылі ўсе наступныя пакаленьні. Такім чынам плянавалася найперш разгрузіць гарады. Пра тое, што бэнзын не заўсёды будзе каштаваць 10 капеек за літар, тады ніхто ня думаў.

Пазьней выявілася, што пабудавацца — гэта адно, але ацяпліць такую махіну можа хіба толькі невялікая атамная станцыя. Да таго ж бальшыня катэджавых пасёлкаў дагэтуль ня мае элемэнтарных выгодаў, што ўрэшце адбілася на коштах. Калі напачатку 1990-х нават недабудаваны дом каштаваў дзясяткі тысяч даляраў, зараз набываць галаўны боль ня хочуць і за пару тысяч. Гаворыць Сяргей Саевіч:

(Саевіч: ) “Кошты ўпалі да такой ступені, што “каробкі” каштуюць 6-7 тысяч даляраў, і гэта фактычна за 4-павярховы дом: сутарэньні, два паверхі й мансарда. Вось тут побач дом, дык чалавек гатовы памяняць яго на паўтарапакаёўку ў Менску. Раней хацеў двухпакаёўку, але пасьля таго, як дом абрабавалі (зрэзалі радыятары, кацёл вывезьлі), ён ужо згодны на меншае, можа, нават і на аднапакаёвую.

Кошты ўпалі катастрафічна. Голы ўчастак — ад 150 да 500 даляраў, у залежнасьці ад месца. Але калі б сюды правялі камунікацыі (газ, вадаправод), гэты ўчастак каштаваў бы мінімум 2000 даляраў. А так фактычна няма нічога, апроч вадаправоду, які дрэнна працуе, ды электрычнасьці. Дарэчы, і тое, і другое мы рабілі за свае грошы і праводзілі абы-як. Вось такая складаная сытуацыя, і таму кошт амаль ніякі”.

Падобных недабудаваных паселішчаў у Беларусі тысячы. Але ці будзе тут калі-небудзь сапраўднае жыцьцё — цалкам залежыць ня толькі ад волі людзей, якім з розных прычынаў наканавана тут жыць, але і ад пазыцыі вялікіх ды малых начальнікаў. Ды й ці падрыхтаваныя самі беларусы да жыцьця ў “палацах” — пытаньне таксама рытарычнае.
XS
SM
MD
LG