Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫЯ ЗЬВЕСТКІ СА ШТАБУ БЕЛАРУСКАЙ КАМАНДЫ Ў СОЛТ-ЛЭЙК-СЫТЫ


Ігар Карней, Менск

З добрых навінаў: якраз напярэдадні Пятро Рабухін сустракаў нашага фрыстайліста Зьміцера Дашчынскага, удзел якога ў Алімпійскіх гульняў быў пад сумненьнем пасьля атрыманай ім траўмы ключыцы. Так што адно з рэдкіх спадзяваньняў на мэдалі ўсё ж застаецца. Але слова Пятру Рабухіну і, адпаведна, нашае першае ўключэньне з Солт-Лэйк-Сыты:

(Рабухін: ) "А 15.30, калі ў Менску будзе палова на адзінаццатаю, мы зьбіраемся ў Алімпійскай вёсцы і выходзім на парад. Да самога стадыёну, як ні дзіўна, будзем ісьці пешшу. Ісьці дастаткова далёка, хвілінаў 20 хуткім крокам. Падобна, цырымонія зойме вельмі шмат часу: практычна да дзевятай увечары. Калі вернемся назад — нават ня ведаю".

Пакуль што спартоўцы займаюцца паводле асабістых плянаў. Бальшыня адпачывае, зьбірае сілы да галоўных стартаў. На трэніроўкі ніхто асабліва не налягае. Працягвае Пётар Рабухін.

(Рабухін: ) "Былі ўжо першыя сьмешныя моманты. Прайшла чутка, што, маўляў, у міжнароднай зоне выступае Хуліо Іглесіас. Спартоўцы, трэнеры, усе туды кінуліся, такі натоўп сабраўся! А там не Іглесіас, а нехта зусім іншы. Потым ужо сьмяяліся: дык тут і Рыкі Мартын таксама выступаў: а гэта аказваецца парадыст нейкі прыехаў, якіх і ў нас багата. А так умовы выдатныя. Мэдычны цэнтар працуе, можна зубы палячыць, зрок падкарэктаваць, акуляры выпішуць, — і ўсе гэта бясплатна. Наўпрост у нашым доме ёсьць пральня. Парашок выдаюць бясплатна. Чаго няма — дык гэта лазьні. У Японіі і Аўстраліі лазьні былі. А тут далі адрэсу, маўляў, у горадзе ёсьць адна агульная лазьня на ўсіх".

Што засмучае, дык гэта рэзкая зьмена надвор'я. Спадар Рабухін кажа, што ўжо больш пахне вясной, чым зімой.

(Рабухін: ) "Моцна сапсавалася надвор'е. Усю ноч дзьмуў штармавы вецер, сыпе сьнег і зараз, дрэнная бачнасьць, усё зацягнутае, ня бачна нават гораў, а тут побач з Алімпійскай вёскай дзьве вялізныя вяршыні, вельмі дрэнная бачнасьць. Зараз сьнегапад крыху меншы, а ўначы быў сапраўдны ураган".

Так што ня выключана, што алімпійская шэсьце таксама будзе праходзіць у экстрэмальных умовах. І яшчэ. Паводле спадара Рабухіна, на чым зараз амэрыканцы сапраўды зарабляюць грошы, дык гэта на алімпійскай сымболіцы. Любы значок — 8-10 даляраў. Паштоўка — ня меней за тры даляры. Але й гэтаму ёсьць тлумачэньне: кожны дзень Алімпіяды — гэта гісторыя — са сваімі рэкордамі і трагедыямі.
XS
SM
MD
LG