Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫЯСПАРА ВЫКАЗВАЕ СВАЁ РАСЧАРАВАНЬНЕ З НАГОДЫ СКАНАДАЛУ ВАКОЛ ВОЛЬГІ КОРБУТ


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Усе, з кім давялося размаўляць, прыгадваюць той надзвычайны посьпех, які мела Вольга Корбут пасьля Мюнхенскай Алімпіяды, у пачатку 70-ых гадоў. І заваяваныя спартоўкай з Гародні чатыры Алімпійскія мэдалі, і гімнастычныя элемэнты, якія ўпершыню былі выкананыя менавіта Корбут, здабылі ёй вялізную папулярнасьць.

Тады ўсе вядучыя амэрыканскія сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра прыняцьцё Вольгі Корбут у Белым Доме прэзыдэнтам Рычардам Ніксанам. Дарэчы, на тым прыёме была яшчэ адна беларуская алімпійская чэмпіёнка – віцяблянка Тамара Лазаковіч.

Прыгадваюць амэрыканскія беларусы і паказальны выступ Вольгі Корбут у нью-ёркскім Madison Square Garden – па тым часе (ды й цяпер) гэта адна з самых прэстыжных заляў у ЗША. Дастаткова сказаць, што менавіта там даваў канцэрт Джон Ленан, калі перабраўся на жыхарства ў Амэрыку. І цяпер там выступаюць зоркі першай вялічыні – такія, як Пол Макартні ці Элтон Джон. Адбываюцца тут і прэстыжныя спартовыя спаборніцтвы.

На тым выступе Вольгі Корбут ў Madison Square Garden прысутнічала шмат амэрыканскіх беларусаў, і сярод іх – старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць. Сёньня спадар Шукелойць прыгадвае, што сядзеў у сэктары для ганаровых гасьцей, і толькі таму атрымаў магчымасьць у перапынку перакінуцца са знакамітай гімнасткай некалькімі словамі. Антон Шукелойць прыгадвае, што тады амэрыканская прэса вельмі часта ўзгадвала Беларусь менавіта ў зьвязку з імём Корбут.

Таму калі ўжо напрыканцы 80-ых гадоў, пасьля завяршэньня сваёй спартовай карьеры Вольга Корбут прыехала ў ЗША, актывісты беларускай дыяспары спрыялі ёй у навязаньні кантактаў з кіраўнікамі розных спартовых арганізацыяў. Такая дапамога выглядала вельмі істотнай, бо Корбут і ейны муж Леанід Барткевіч ня ведалі ангельскай мовы.

Шмат дапамагаў Вользе Корбут і Данчык (дарэчы, ён запісаў супольны з Леанідам Барткевічам альбом). Вольга Корбут і Леанід Барткевіч пад час знаходжаньня ў Нью-Ёрку жылі ў беларускай сям’і.

Імя Корбут усё яшчэ заставалася папулярным у ЗША, у краіне існавалі некалькі дзясяткаў клюбаў, якім было нададзеная імя Корбут. Алімпійскую чэмпіёнку ўрачыста прымалі ў розных гарадох Амэрыкі. Натуральна, для яе не было вялікай праблемай знайсьці сабе працу. Як вядома, яна трэніравала дзяцей у спартовай школе ў Атланце, штат Джорджыя.

Антон Шукелойць кажа, што у апошнія дзесяць гадоў сталага жыцьця ў Амэрыцы Корбут адыйшла ад беларускай дыяспары. Шмат хто быў расчараваны некаторымі ейнымі інтервію, у якіх яна падкрэсьлена называла сябе рускай.

Антон Шукелойць назваў мне некалькі вядомых у беларускай дыяспары асобаў, якія ў свой час дапамагалі Корбут, але яны адмовіліся прыгадваць як падзеі мінулага, так і камэнтаваць цяперашні скандал. “Нічога добрага сказаць не магу, а дрэннае – не хачу” – сказаў адзін зь іх.

Спадар Шукелойць адзначыў, што у амэрыканскіх сродках масавай інфармацыі, якія падрабазна пішуць пра сытуацыю вакол і Корбут, яна звычайна называецца не беларускай, а “экс-савецкай” спартоўкай.
XS
SM
MD
LG