Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПАРТОВЫЯ АДМЫСЛОЎЦЫ ПЕРАКАНАНЫЯ, ШТО БЕЛАРУСКАЙ КАМАНДЗЕ ТРЭБА СПАДЗЯВАЦЦА НА ВЫПАДАК


Ігар Карней, Менск

Спробы злучыцца са штабам беларускай каманды ў Солт-Лэйк-Сыты плёну ня мелі: за некалькі хвілінаў да эфіру гадзіньнікі ў штаце Юта паказвалі блізу васьмі раніцы, а такім часам на працоўным месцы кагосьці знайсьці яшчэ цяжка. Таму, напярэдадні цырымоніі адкрыцьця першых алімпійскіх гульняў новага тысячагодзьдзя, мы вымушаныя карыстацца меркаваньнямі мясцовых адмыслоўцаў.

Кожны сапраўдны заўзятар зазірае наперад, аналізуючы ды прагназуючы, якія шанцы на ўзнагароды маюць тыя 60 беларускіх спартоўцаў, якія заваявалі права выступаць у 9 з 15 алімпійскіх дысцыплінаў.

Бальшыня аналітыкаў сыходзіцца ў меркаваньні, што больш за 2-3 мэдалі заваяваць беларусам ня ўдасца — практычна ўсе каманды вельмі ўзроставыя. Таму сытуацыя разгортваецца такім чынам, што, пэўна, лягчэй сказаць, дзе шанцаў у беларусаў няма ніякіх. З гэтага я й пачаў гаворку з аглядальнікам газэты "Прессбол" Сяргеем Аляхновічам.

(Аляхновіч: ) “Мяркую, што без мэдалёў вернуцца з Солт-Лэйк-Сыты майстры лыжнага двухбор’я, скакуны з трампліна, шорт-трэку (на Алімпіядзе ў гэтай дысцыпліне беларусы будуць дэбютаваць). Няма ніякіх падставаў разьлічваць на мэдалі ў лыжных гонках, нават нягледзячы на тое, што многія расейскія спартоўцы прынялі беларускае грамадзянства, як, прыкладам, 37-гадовая чэмпіёнка Калгары (а гэтая Алімпіяда адбылася 14 гадоў таму) Нагейкіна”.

(Карэспандэнт: ) “Матэрыяльныя стымулы для нашых камандаў альбо асобных гульцоў, якія заваююць мэдалі, вельмі высокія. Але пры тым, што мінімум людзей гатовыя заваяваць гэтыя мэдалі, паўстае лягічнае пытаньне: можа таму й абяцаюць такія значныя сумы? Бо няма шанцаў?”
(Аляхновіч: ) “Вы маеце рацыю. Гэта сапраўды велізарныя грошы. Нават у Расеі за залаты мэдаль абяцана 50 тысяч даляраў, 20 — за срэбраны і 10 за бронзавы. У нас — 60, 30 і 22,5 тысяч адпаведна. Можа так яно і ёсьць. Прынамсі, я ня думаю, што дзяржава разарыцца на прызавых грошах, бо мэдалёў добра, калі будзе два ці тры”.

Практычна ня маюць шанцаў усьцешыць заўзятараў беларускія хакеісты. А яшчэ чатыры гады таму прэзыдэнт Лукашэнка адмыслова зрабіў нечаканы ваяж у Нагана, каб асабіста падтрымаць абвешчаны ім жа спорт №1 у Беларусі — хакей. Сёлета японскі ваяж Лукашэнку паўтарыць удасца наўрад ці — і ня толькі таму, што ён лічыцца нявыязным палітыкам.

Летась беларускія хакеісты выбылі з групы наймацнейшых камандаў сьвету і зараз замацавацца ў алімпійскай эліце таксама практычна ня маюць шанцаў. Гэта прызнае і галоўны трэнэр хакейнай дружыны Ўладзімер Крыкуноў, тэрмінова запрошаны з Расеі.

(Крыкуноў: ) “Вось, дзякуючы прэзыдэнту, каткоў набудавалі. У Варывончыка — даўным-даўно каток, у Наваполацку — таксама. Школы адмысловыя працуюць. І чамусьці нікога не падрыхтавалі. Дзесяць гадоў катаюць хлопцаў, якіх я рыхтаваў сам. Дзесяць гадоў зараблялі на іх грошы; а людзі ж старэюць, “здаюць” як спартоўцы. А што я магу зрабіць за месяц-другі? Каманду цягам часу я ствару. Дык што, зноў нехта 10 год будзе потым спакойна існаваць?”

Тым ня меней, сапраўдныя заўзятары заўжды спадзяюцца на цуд. І з гэтымі чаканьнямі сюрпрызаў ад беларускай каманды мы таксама пачынаем сачыць за разьвіцьцём спартовых баталіяў у Солт-Лэйк-Сыты.
XS
SM
MD
LG