Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ ПРЫ ЗАГАДКАВЫХ АБСТАВІНАХ ЗЬНІК СЯБРА БНФ “АДРАДЖЭНЬНЕ” ЮРАСЬ КОРБАН


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Увечары 19-га студзеня Юрась Корбан патэлефанаваў бацькам з уласнае кватэры, каб паведаміць, што а 23-й гадзіне плянуе да іх прыехаць. Але ў той вечар бацькі яго не дачакаліся. Сотавы тэлефон Юрася не адказваў таксама.

А калі зранку маці паехала на сынаву кватэру, то знайшла на стале дакумэнт, складзены супрацоўнікамі адмысловага падразьдзяленьня “Ахова” з нагоды таго, што ў кватэры праз 40 хвілін пасьля таго, як яе пакінуў гаспадар, раптам спрацавала сыгналізацыя. Самога Юрася з тае пары ў Віцебску ня бачылі.

Як паведаміла спадарыня Ніна Корбан, ніколі раней сын ня меў звычкі зьяжджаць або сыходзіць некуды надоўга без папярэджаньня. І гэтым разам нічога ў кватэры сына ня сьведчыла пра ягоныя зборы ў якую-небудзь тэрміновую вандроўку. Тым ня менш, як распавяла спадарыня Корбан, сын патэлефанаваў ёй на наступны дзень ды паведаміў, што мусіў тэрмінова зьехаць зь нейкім чалавекам і што ў яго ўсё добра.

А яшчэ праз тыдзень, 28 студзеня, Юрась Корбан, паводле словаў маці, зьвязваўся зь ёй апошні раз зь Менску ды сказаў, што яны, магчыма, больш не пабачацца. Прычым у спадарыні Корбан склалася ўражаньне, што Юрась тэлефанаваў з уласнага тэлефону, але пад чужым наглядам і, падобна, быў моцна зьбіты…

Апытаўшы яшчэ раз усіх сяброў ды знаёмых, 4-га лютага бацькі Юрася Корбана падалі заяву на вышук у Чыгуначны раённы аддзел міліцыі Віцебску. Першыя допыты ягоных сяброў адбыліся ўчора. Дарэчы, сябры ня маюць аніякіх тлумачэньняў раптоўнага зьнікненьня кіраўніка Віцебскага цэнтру “Контур”.

Бацькі Юрася Корбана не знаходзяць гэтаму тлумачэньняў таксама, яны самі праводзяць расьсьледаваньне сынавага зьнікненьня: апытваюць суседзяў, тэлефануюць сябрам ды знаёмым, даюць аб’явы ў віцебскія ды менскія газэты.

Маці Юрася Корбана зьбіраецца асабіста паехаць у Менск, адкуль Юрась тэлефанаваў апошні раз, бо віцебскія міліцыянты, на ейную думку, працуюць недастаткова актыўна.

Сьледчы Міхаіл Чорны, які непасрэдна займаецца пошукам зьніклага Юрася Корбана, катэгарычна адмовіўся даць якія-небудзь зьвесткі па гэтай справе тутэйшым журналістам, спасылаючыся на адмысловую забарону свайго кіраўніцтва.
XS
SM
MD
LG