Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ БУДУЦЬ ЗЬНІШЧАНЫЯ ЎСЕ ШАПІКІ


Вольга Савіцкая, Менск

Чыноўнікі тлумачаць сваё рашэньне некалькімі прычынамі. Першая зь іх — шапікі псуюць эстэтычны выгляд сталіцы: маўляў, жыхары ад гэтага пакутуюць. На думку ж бальшыні месьцічаў, можа шапікі й выглядаюць недастаткова эстэтычна, але галоўнае — яны вельмі зручныя.

Некаторыя чыноўнікі ўзгадваюць і іншую прычыну — парушэньне спажывецкіх правоў. Гавораць пра нізкі культурны ўзровень абслугоўваньня і якасьць тавару. Але, як высьвятляецца, колькасьць скаргаў, што паступаюць ад пакупнікоў у Менскае таварыства абароны спажывецкіх правоў, аднолькавае і на шапікі, і на дзяржаўныя крамы. Часам у працы апошніх недарэчнасьцяў нават болей. А што да кошту, то ў шапіках тавар значна больш танны — у гэтым вялікая перавага апошніх. Пра гэта распавядае і мая суразмоўца, старшыня таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева.

(Астаф’ева: ) “Кава ў шапіку каштуе 2 300 рублёў, у краме — 3 900. Істотная розьніца. Сёньня ў краіне ёсьць багатыя людзі. Яны могуць дазволіць сабе пераплаціць. Большасьць насельніцтва арыентуецца на свой абмежаваны бюджэт. Напрыклад, учора я не купіла сабе каву ў краме, вырашыла набыць яе ў шапіку. Таму несправядліва ў дачыненьні да спажыўцоў прыбраць усе шапікі з цэнтру гораду”.

Менавіта розьніца ў кошце за аднолькавы тавар і стала трэцяй — галоўнай — прычынай пераносу шапікаў за горад, далей ад дзяржаўных крамаў, якім прыватны гандаль складае вялікую канкурэнцыю. За невялікі тэрмін частка неарганізаванага гандлю ў таваразвароце Менску павялічылася з 22 да 29%. І, сапраўды, навошта купляць тавар у краме і пераплачваць, калі тое ж самае можна набыць больш танна. Так найчасьцей і робяць беларускія пакупнікі, якім даводзіцца лічыць кожны рубель.

Сытуацыю камэнтуе старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “У нашай краіне, на жаль, няма нармальнага дзяржаўнага падыходу да гэтай праблемы. Натуральна, горад патрэбна добраўпарадкаваць, але, з другога боку, павінны быць створаныя пэўныя зручнасьці й для людзей, каб яны ў даступных месцах, па параўнальна невысокіх цэнах маглі купіць тавар. Сёньня няма аптымальнага рашэньня, як і спробы прыняць да ўвагі інтарэсы ўсіх бакоў. Мы не вітаем выкарыстаньне ў такім выпадку адміністрацыйнага рэсурсу, таму мы супраць неадрэгуляваных спосабаў. Памяркоўна, крок за крокам, усё гэта нагадвае рэстаўрацыю сацыялістычнай сыстэмы”.

Паводле спадара Патупы, перш чым ліквідаваць шапікі, чыноўнікам неабходна было б падумаць пра альтэрнатыву — буйныя супэр- ды гіпэрмаркеты, якія дапамагаюць пакупніку не губляць дарма час і набываць усё па параўнальна нізкіх коштах у адным месцы. Такая форма гандлю існуе і карыстаецца вялікім попытам у эўрапейскіх краінах і ў Амэрыцы. У Беларусі ж пакуль актыўна руйнуюць, а будаваць нешта новае толькі абяцаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG