Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦЫ ЎЗМАЦНЯЮЦЬ МЕРЫ БЯСЬПЕКІ НАПЯРЭДАДНІ АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯЎ


Сяргей Абламейка, Прага

Пагроза тэрарызму і палітычны сымбалізм могуць прыцягнуць заўтра да сябе падчас адкрыцьця гульняў нават большую ўвагу, чым уласна спорт. Падчас таго, як прэзыдэнт Буш будзе афіцыйна адкрываць гульні, група амэрыканскіх спартоўцаў разам зь нью-ёркскімі пажарнымі і афіцэрамі паліцыі ўздыме над стадыёнам амэрыканскі сьцяг, які быў знойдзены ў руінах Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру. Адносна гэтага акту ў Міжнароднага Алімпійскага камітэту да апошняга часу існавалі сумненьні, ці адпавядае ён алімпійскаму пратаколу і алімпійскаму ўнівэрсалізму, паколькі ахвярамі трагедыі 11 верасьня былі прадстаўнікі дзясяткаў нацыяў.

Гэтыя алімпійскія гульні стануць самымі прадстаўнічымі гульнямі ў гісторыі. У іх возьмуць удзел 2531 атлет з 77 краінаў, у той час як у Алімпіядзе ў Нагана іх было 2177 і прадстаўлялі яны 72 краіны, будзе разыграна 78 камплектаў мэдалёў (у нагана іх было 68), а тэлетрансьляцыя гульняў будзе весьціся на 160 краінаў сьвету.

Беларусь на Алімпіядзе будуць прадстаўляць 61 спартсмэн, а ў склад усёй дэлегацыі увайшлі 138 чалавек. Спартовая грамадзкасьць, аналітыкі і журналісты згодныя ў тым, што Беларусі варта спадзявацца на тры мэдалі – верагодна, у біятлёне, фрыстайле і ў жаночым бегу на каньках. Затраты Беларусі на падрыхтоўку да гэтай зімовай Алімпіяды склалі каля 3 мільёнаў даляраў.

Многія спартоўцы выказваюць апасеньні адносна магчымых тэрарыстычных актаў падчас гульняў. Гэтыя страхі яшчэ больш умацаваліся пасьля учорашняй заявы дырэктара ЦРУ. Выступаючы перад сэнацкім Камітэтам па разьведцы Джордж Тэнэт заявіў:

(Тэнэт: ) “Аль-Кайда яшчэ ня зьнішчаная. Яна і падобныя ёй арганізацыі застаюцца гатовыя нанесьці ўдар па нас. Лідэры Аль-Кайды ўсё яшчэ на свабодзе, яны працуюць над адбудовай арганізацыі і плянуюць новыя тэрарыстычныя апэрацыі. Мы павінныя выкараніць іх структуры, перакрыўшы крыніцы фінансаваньня і зьнішчыўшы іх магчымасьць выкарыстоўваць дабрачынныя арганізацыі для тэрарыстычных мэтаў. Мы павінныя быць гатовыя да доўгай вайны і мы не павінны хістацца”.

Зь іншага боку, амэрыканскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што прынятыя захады бясьпекі цалкам гарантуюць бясьпеку спартоўцаў і гасьцей Алімпіяды. Напрыклад, дырэктар унутранай бясьпекі ЗША Том Рыдж заявіў, што ХІХ Алімпійскія гульны гэта “найлепш сплянаваныя, найлепш скаардынаваныя і найлепш арганізаваныя гульні, якія сьвет калі-небудзь бачыў”. На бясьпеку Алімпіяды было патрачана 310 мільёнаў даляраў, у ажыцьцяўленьні бясьпекі непасрэдна бяруць удзел 20 розных агенцтваў на чале з Сакрэтнай службай. Агульная колькасьць паліцыянтаў і агентаў розных службаў на Алімпіядзе складае 11 тысяч чалавек. Карэспандэнт нашага радыё ў Солт-Лэйк-Сыты Джэфры Данаван у сваім сёньняшнім рэпартажы прыводзіць гутарку з адной зь мясцовых журналістак, Ліндсі Блюмэл, якая кажа, што велізарная колькасьць жаўнераў на вуліцах і мэталадэтэктараў ва ўстановах, а таксама шматлікія і паўсюдныя праверкі дакумэнтаў дазваляюць ёй адчуваць сябе абсалютна бясьпечна.

XS
SM
MD
LG