Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НЯ ВЫЗНАЧЫЛІСЯ НАКОНТ ФІНАНСАВАЙ ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ, ЛІЧАЦЬ ЭКСПЭРТЫ


Міхал Стэльмак, Менск

4 лютага ў Пскове адбылося чарговае паседжаньне міжбанкаўскай рады Беларусі і Расеі. Начальнік дэпартамэнту Нацыянальнага банку Беларусі Юры Ўласкін паведаміў сёння, што прынятае рашэнне стварыць беларуска-расейскую рабочую групу, якая зоймецца абмеркаваннем пытання эмісійнага цэнтру. Паводле ягоных словаў, на сённяшні дзень па-ранейшаму няма згоды наконт перспэктываў і месца знаходжання гэтага цэнтра. Прадстаўнік Нацбанку ня выключае, што эмісійны цэнтр будзе нагадваць акцыянэрнае таварыства, доля Беларусі ў якім будзе ўсяго каля 5-6 адсоткаў. Пры гэтым, аднак, Юры Ўласкін цьвёрда перакананы ў правільнасці палітыкі фінансавай інтэграцыі:

(Уласкін: ) "З пункту гледжання эканамічных працэсаў у сьвеце і Эўропе я вам гарантую, што вы з уласнай валютай доўга ня пратрымаецеся. Таму што ўласная валюта – гэта магчымасць уласнага ўраду дурыць вас кожны раз і на кожным кроку. Адсутнасць жа ўласнай валюты дысцыплінуе ўрад у пытанні грашовай палітыкі. І калі ўсе папярэднія гады урад вызначаўся сваім чэмпіёнствам у справе інфляцыі, то магчыма якраз і добра яго прыструніць з дапамогай інтэграцыйных працэсаў".

Між тым, гэты аптымізм наконт фінансавай інтэграцыі ва ўладных структурах падзяляюць ня ўсе. Як сёньня высьветлілася, палітыка грашовага аб'яднання Беларусі і Расеі дагэтуль ня мае эканамічнага абгрунтавання. Вось што паведаміў у часе паседжаньня "круглага стала" сябра экспэртнай Рады Савету Міністраў Беларусі Васіль Дадалка:

(Дадалка: ) "Адзіны ўдзельнік гэтага праекту – Нацыянальны банк. Усе астатнія міністэрствы і ведамствы, па вялікім рахунку, ствараюць масавасьць. І яны не адказваюць за тыя рашэнні, што прапануюць Нацыянальнаму банку. На жаль, няма адзінай каманды, якая б працавала на нашыя інтарэсы. Таму пакуль мы не пералічым усе гэтыя выдаткі і выгады, я мяркую, выніку ня атрымаем – ні палітычнага, ні эканамічнага. Бо калі прыходзіш у банк, каб узяць крэдыт – прыносіш бізнэс-плян. А ў нас гэтага няма. Апроч таго, мы мусім улічваць становішча ў сьвеце – як будуць складацца міжнародныя эканамічныя адносіны. Тады будзем ведаць дакладна – выгадна гэта ці нявыгадна".
XS
SM
MD
LG