Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХОДНІЯ ЖУРНАЛІСТЫ І ДЫПЛЯМАТЫ КАМЭНТУЮЦЬ ВОСТРЫЯ ЗАЯВЫ ДЗЯРЖСАКРАТАРА ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Газэты зьвяртаюць увагу, што Колін Паўэл адмовіўся падаваць нейкія дэталі. Пры гэтым ён апісаў сытуацыю як “найбольш сур’ёзную ацэнку парамэтраў, якія можна толькі ўявіць”.

Дзяржсакратар ЗША сказаў, што інспэктары ААН у справе ўзбраеньняў павінныя мець “свабодны доступ” для кантролю падазроных аб’ектаў на ўсёй тэрыторыі Іраку. Гэтая апэрацыя пачалася адразу пасьля вайны ў Пэрсыцкай затоцы, але была перапыненая ў 1998 годзе пасьля некалькіх месяцаў несупрацоўніцтва перад амэрыканскім і брытанскім бамбаваньнем Іраку.

Адрасуючы свае словы непасрэдна кіраўніцтву Іраку, Паўэл заявіў: “Дапусьціце інспэктараў без усялякіх умоваў. Мы ня верым вам, і менавіта таму нам неабходныя інспэктары, і менавіта таму яны павінныя быць вольнымі ў выбары любога маршруту, які, зь іхнага гледзішча, неабходны, каб высьветліць, што вы ня робіце таго, у чым мы вас падазраем і што вы адмаўляеце”.

Адначасна Дзяржсакратар зазначыў, што паводле інфармацыі амэрыканскай выведкі, Ірак наўрад ці здольны распрацаваць ядзерную зброю цягам году ці крыху больш. Бязь зьнешняй дапамогі запатрабуецца значна больш часу, -- сказаў ён.

Вельмі вострыя словы знайшліся ў Паўэла і ў бок Ірану, урад якога ён абвінаваціў у дзеяньнях, якія дэстабілізуюць працу часовага ўраду Афганістану, які толькі становіцца на ногі. Таксама Дзяржсакратар скрытыкаваў Паўночную Карэю, якая “працягвае распрацоўваць і гандляваць ракетамі, якія могуць запускаць зброю масавага зьнішчэньня, у той час, як народ галадуе.”

Усе гэтыя выказваньні Паўэла расшыфроўваюць Бушава вызначэньне Іраку, Ірану і Паўночнай Карэі як “восі зла”. Але ў адрозьненьне ад Іраку, на думку Паўэла, дыялёг зь Іранам і Паўночнай Карэяй ўсё яшчэ магчымы. ЗША дадуць зразумець іранцам, што яны павінны зрабіць выбар. Дзяржсакратар заявіў: “Калі вы хочаце быць часткай сьвету, які рухаецца наперад, то настаў час, каб адмовіцца быць дзяржавай, якая фундуе тэрарызам, і выйсьці з восі зла…”

Гэтыя заявы Паўэла выклікалі крытычную рэакцыю ў Эўропе. Міністар замежных справаў Францыі Губэрт Вэдрын назваў стаўленьне Вашынгтону да тэрарызму “спрошчаным, якое зводзіць усе праблемы ў сьвеце да барацьбы супраць тэрарызму.” Вэдрын лічыць, што эўрапейцы павінныя выказвацца больш выразна, сутыкнуўшыся з тым, што ЗША дзейнічаюць паасобку, без кансультацыяў зь іншымі, прымаючы рашэньні, якія грунтуюцца на іхным уласным бачаньні сьвету і іхных уласных інтарэсах.

У якасьці прыкладу Вэдрын заакцэнтаваў розныя падыходы ЗША і Эўропы да блізкаўсходняга канфлікту. На ягоную думку, шлях ціску на палестынскага лідэра Ясіра Арафата, які абралі ЗША, ёсьць памылковым. Гэтаксама як і памылковая, з гледзішча міністра замежных справаў Францыі, падтрымка Злучанымі Штатамі рэпрэсыўнай палітыкі ізраільскага лідэра Арыэля Шарона.
XS
SM
MD
LG