Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ПАЛІТЫКА ДАТЫЧНА БЕЛАРУСІ – ДЫСТАНЦЫЯ АД РЭЖЫМУ, СУПРАЦОЎНІЦТВА З ГРАМАДЗКІМІ СТРУКТУРАМІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле шэрагу экспэртаў, пасьля пераезду сталіцы Нямеччыны на ўсход, немцы сапраўды адчулі сябе суседзямі Беларусі. Па сутнасьці, пераважна немцы складаюць тое невялікае беларускае лёбі, якое зараз існуе ў эўрапейскіх структурах. Некаторыя зь іх адмыслова прыедуць у Бруль дзеля абмеркаваньня будучыні беларуска-эўрапейскіх стасункаў.

Адна з арганізатараў канферэнцыі – палітоляг Мангаймскага унівэрсытэту, доктар Астрыд Заам.

(Заам: ) "Па-першае, хачу сказаць, што гэтая канфэрэнцыя плянавалася яшчэ загадзя, на падставе некалькі іншых эўрапейскіх надзеяў і чаканьняў. Тады мы зыходзілі з таго, што палітыка ізаляцыі ніякіх жаданых вынікаў не прынесла і трэба думаць пра іншую стратэгію. Цяпер будзем зыходзіць зь іншых рэаліяў і зробім акцэнты на такіх момантах, як пашырэньне Эўразьвязу і магчымыя наступствы гэтага працэсу для Беларусі. Другі момант -- гэта рамкавыя ўмовы для няўрадавых арганізацыяў. Менавіта няўрадавыя, грамадзянскія структуры сёньня маюць найбольшы уплыў на мэнтальнасьць, псыхалёгію, жыцьцёвыя арыентацыі беларускага насельніцтва. Летась нямецкі бок пачаў кампанію збору бюджэтных сродкаў на розныя гуманітарныя праекты з удзелам беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Цяпер наш урад і грамадзтва маюць права выставіць прэтэнзіі да беларускага дэкрэту нумар 8, з тым, каб Беларусь палепшыла нарматыўныя, заканадаўчыя ўмовы дзеля супрацоўніцтва".

Паводле спадарыні Заам, нягледзячы на апошнія расчараваньні Захаду ў дачыненьні да палітыкі афіцыйнага Менску, сустрэча ў Брулі можа стаць дастаткова знакавай для Эўропы.

Прафэсар Генадзь Грушавы, які запрошаны на сустрэчу як экспэрт, лідэр чарнобыльскага руху, партнэр сотняў грамадзкіх ініцыятываў у Нямеччыне, перакананы, што нават магчымае закрыцьцё місіі АБСЭ ў Менску не павінна ставіць кропку ў беларуска-нямецкіх дачыненьнях.

(Грушавы: ) "Калі гаварыць пра сустрэчу ў Брулі, мне падаецца, што менавіта гэты накірунак разьвіцьця падзеяў у галіне дэмакратызацыі, у першую чаргу, сьвядомасьці, псыхалёгіі беларускага грамадзтва, найменш залежыць ад прынцыповых перашкодаў, якія ставяць беларускія ўлады. Я магу даць стоадсоткавы прагноз, што беларускі ўрад не пагодзіцца на захаваньне ранейшага мандату місіі АБСЭ і зробіць усё, каб больш не было перашкоды ў выглядзе гэтае групы з тым, каб пачаць нейкія двухбаковыя перамовы на дыпляматычным узроўні, узроўні галіновых структураў - у сфэрах адукацыі, культуры, экалёгіі і гэтак далей. Магу нават меркаваць, што ўжо ёсьць сыгналы зь некаторых эўрапейскіх краінаў, што яны гатовыя перайсьці на такі ўзровень стасункаў з Беларусьсю. Гэта зусім ня будзе азначаць прызнаньня таго, што адбылося ў 96-м годзе, гэта ня будзе азначаць далучэньня беларускага парлямэнту да агульнаэўрапейскіх парлямэнцкіх структураў, аднак двухбаковыя працэсы могуць пайсці. З майго гледзішча, з боку Эўропы было б прынцыпова важна падтрымаць тыя праграмы, да якіх маглі б далучыцца тысячы і тысячы грамадзянаў Беларусі. Вось гэтая праца нават ва ўмовах недэмакратычнага, аўтарытарнага рэжыму Беларусі можа даць добрыя вынікі".

Наколькі сумяшчальнай можа быць быць падобная гатоўнасьць Эўропы да стасункаў з Беларусьсю з ейным непрыманьнем палітычнай лініі Менску? – такое пытаньне я задаю нямецкаму экспэрту, прафэсару Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэту Кляўсу Зэгбэрсу.

(Зэгбэрс: ) "Мы заўсёды думаем як на ўзроўні ўраду Нямеччыны, так і на ўзроўні Брусэля, што лепш – супрацоўніцтва з рэжымам альбо дыстанцыя. І мне здаецца, што тут сумяшчальныя дзьве стратэгіі: з аднаго боку, захаваць дыстанцыю з рэжымам, пакуль пастаўленыя ўмовы ня будуць выкананыя, аднак адначасова ладзіць збліжэньне з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, грамадзкіх структураў, асацыяцыяў. Весьці гарызантальнае супрацоўніцтва на камунальным, рэгіянальным узроўні. Гэта той шлях, які падаецца мне вельмі пэрспэктыўным. Што тычыць апазыцыі, то лічу, што пасьля выбараў ў гэтых шэрагах пакуль яшчэ няма яснай лініі. Мне падаецца, што яна яшчэ не прыйшла да самаідэнтыфікацыі і не выпрацавала стратэгічнай лініі, прывабнай для шырокага насельніцтва."
XS
SM
MD
LG