Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ПРАЦЯГВАЕ СПРОБЫ ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ МАНДАТ КНГ АБСЭ


Ул. інф.

На сёньняшнім брыфінгу ў МЗС прэсавы сакратар міністэрства Павал Латушка, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра пэрспэктывы прызначэньня новага кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, заявіў, што Арганізацыя бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе мусіць надаваць "роўную ўвагу як Беларусі, гэтак Эстоніі, Латвіі і Ўзбэкістану" і аднолькава будаваць адносіны з гэтымі краінамі.

Спадар Латушка зазначыў:

(Латушка: ) "Нашая пазыцыя: мандат КНГ АБСЭ павінен быць перагледжаны. Група ня можа прасьледаваць палітычных мэтаў".

Павал Латушка сказаў таксама, што афіцыйны Менск ацэньвае нядаўні візыт дэлегацыі рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф "як пачатак той складанай працы, якая можа атрымацца", але дадаў:

(Латушка: ) "Мы адзначаем, што падыходы ў дадзены момант у нас некалькі адрозьніваюцца. Мы лічым, што наш парлямэнт павінен быць паўнапраўна прадстаўлены ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ".

З гэтых словаў Паўла Латушкі можна зразумець, што дэлегацыя пад кіраўніцтвам Уты Цапф не наважаная прапанаваць прызнаньне гэтак званага “нацыянальнага сходу” у часе лютаўскае Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а беларускія ўлады ўжо на гэта й не разьлічваюць.

Што да мандату групы АБСЭ ў Менску, дык прэсавы сакратар зноў заявіў сёньня, што пытаньне пра зьмену гэтага мандату пастаўленае перад дзейным старшынём АБСЭ і "гэта зьяўляецца прадметам для перамоваў паміж Беларусьсю й дзейным старшынствам АБСЭ". Аднак апошняе – міністэрства замежных справаў Партугаліі – заяўляе, што вядзе зь Менскам перамовы толькі пра прызначэньне новага кіраўніка КНГ, нямецкага амбасадара Эбэргарда Гайкена, а не пра мандат гэтай групы.

Дарэчы, агенцтва Reuters падало такую пазыцыю беларускага МЗС: "Мы ня можам даць нашую згоду на прызначэньне Гайкена – мы спачатку будзем настойваць на пераглядзе мандату групы АБСЭ, якая апошнім часам вучыла апазыцыю і ператварылася ў палітычнага гульца ў Беларусі". Спадар Латушка сёньня заявіў, што гэта быў недакладны пераклад Reuters, а насамрэч пазыцыя наступная:

(Латушка: ) "Мы ня зьвязваем гэтыя два пытаньні. Зараз мы займаемся пераглядам мандату КНГ АБСЭ".

Прэсавы сакратар беларускага МЗС таксама пракамэнтаваў выказваньне ўкраінскага міністра замежных справаў Анатоля Зьленкі, які ў часе візыту ў Латвію заявіў, што пашырэньне НАТО ўмацуе зону бясьпекі й стабільнасьці ў Эўропе. Як ставіцца Менск да такой пазыцыі Кіева?

(Латушка: ) "Вы ведаеце пазыцыю беларускага боку наконт пашырэньня НАТО. Мы лічым, што пашырэньне НАТО не зьяўляецца як бы галоўнай мэтай і ўвогуле непатрэбнае ў сёньняшняй сытуацыі і для забесьпячэньня бясьпекі для дзяржаў, якія знаходзяцца ў Эўропе".

Павал Латушка ня змог адказаць на пытаньне пра характар учорашняга візыту лідэра ўкраінскіх камуністаў Пятра Сыманэнкі, які нечакана сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымаў ад таго публічную падтрымку напярэдадні выбараў у Вярхоўную Раду 31 сакавіка.

Украінская амбасада ў Менску таксама адмовілася камэнтаваць прыезд украінскіх камуністаў у Менск. "Яны як грамадзяне могуць езьдзіць куды заўгодна, тым больш яны дэпутаты. Мы гэты візыт увогуле ніяк не разглядаем", -- заявіў прадстаўнік амбасады Ўкраіны ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG