Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ДЫРЭКТАР МТЗ ПРАВЯДЗЕ Ў СЬЛЕДЧЫМ ІЗАЛЯТАРЫ ЯШЧЭ НЯ МЕНШ ЗА МЕСЯЦ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дакладна месяц таму быў арыштаваны цяпер ужо былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў. Спачатку паведамлялася, што яго абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці і злоўжываньнях, якія быццам прывялі да вялікіх стратаў. Потым да гэтага абвінавачваньня дадалі яшчэ і хабарніцтва. Сёньня прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў паведаміў, што расьсьледаваньне працягваецца і няма гаворкі пра тое, каб выпусьціць Лявонава з-пад варты. Паводле Таранава, сьледзтва будзе весьціся яшчэ ня менш за месяц.

Дагэтуль няма ніякіх зьвестак пра тое, які хабар і ад каго нібыта атрымаў Лявонаў. А вось адносна шкодных, як лічыць сьледзтва, кантрактаў пэўныя зьвесткі зьявіліся. Гэтак, называюцца партнэры МТЗ – амэрыканскія кампаніі T.F.A. Marketing i GRO Trading, якія нібыта прадалі беларускаму заводу ўкраінскія камплектуючыя ўдвая даражэй за адпускную цану. Нібыта з гэтай прычыны МТЗ згубіў 3,8 мільёна даляраў. Аднак адвакаты Лявонава заяўляюць, што за гэтыя кантракты былы дырэктар адназнасьці не нясе, і называюць у якасьці адказных кіраўніцтва плянава-эканамічнага аддзелу. Дарэчы, былую загадчыцу гэтага аддзелу Натальлю Каранец арыштавалі яшчэ да затрыманьня Лявонава. Адвакаты экс-дырэктара сьцьвярджаюць, што ім невядома , каб сьледзтва мела доказы і паводле іншых эпізодаў абвінавачваньня.

Што да сытуацыі на МТЗ, то зьвесткі пра яе супярэчлівыя. Паводле адных крыніцаў, завод ледзь трымаецца, у студзені трактараў было сабрана толькі 250, хаця звычайна зьбіраюць больш за 2 тысячы, з усіх кіраўнікоў нібыта ўзятыя падпіскі пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. Аднак намеснік дырэктара МТЗ Мікалай Стукач гэтыя зьвесткі часткова абверг. Ён запэўніў, што ў студзені было сабрана больш за тысячу трактараў, што адгружаныя першыя 198 машын паводле кантракту з Туркмэністанам і на чарзе пастаўкі для Пакістану і Расеі. Мікалай Стукач колькі словаў сказаў і пра дзейнасьць сьледчых, якія працуюць цяпер на заводзе.

(Стукач: ) "Дарэмна вы думаеце, што яны тут сідзьма сядзяць. Яны сюды прыходзяць ці прыяжджаюць, бяруць ў адпаведнасьці з законам пэўныя дакумэнты -- гэта ў іх , здаецца, называецца “выемка” – потым зь імі працуюць і звычайна вяртаюць. А пра высновы, якія яны робяць, я нічога ня ведаю.

(Карэспантэнт: ) "Ці праўда, што ўсё кіраўніцтва дало падпіскі аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва?"

(Стукач: ) "Гэта няпраўда. Размова ідзе пра іншае. У нас зьявілася шмат жадаючых пачасаць языкі. Дзе трэба і дзе ня трэба. Таму ў адпаведнасьці з 47-ым артыкулам працоўнага кодэксу ўсе службовыя асобы падпісаліся пад так званымі абавязацельствамі , якія прапісаныя працоўным кодэксам і дэкрэтам прэзыдэнта аб барацьбе з карупцыяй".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG