Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТРЫ КІРАЎНІКІ АБЛАСНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПАРТЫІ БНФ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ВАХТЫ ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Першае, што заўважаеш, падыходзячы да Курапатаў – гэта бел-чырвона-белы сьцяг, усталяваны ля намёту валанцёраў. Адметна, што на ягонае зьяўленьне пакуль ніяк не рэагуюць амонаўцы, якія дзяжураць ва ўрочышчы. Летась міліцыянты неаднойчы патрабавалі ад валанцёраў зьняць сьцяг.

Мінулую ноч у лягеры разам з валанцёрамі правялі трое кіраўнікоў абласных арганізацый Партыі БНФ: з Магілёўшчыны – Анатоль Фёдараў, з Гарадзеншчыны – Мікола Байсюк і зь Меншчыны – Валянцін Баранаў. Раніцай я засьпела ў намёце Міколу Байсюка.

(Байсюк: ) "Мы вырашілі знайсьці нейкі момант, каб сабрацца й падтрымаць людзей, якія ўтрымліваюць Курапаты. Мы вырашылі, што не павінны быць у баку, таму што можна сказаць, што ўсё Адраджэньне ў Беларусі пачалося з Курапатаў і Зянона Пазьняка".

Мікола Байсюк прыяжджаў у Курапаты летась на некалькі гадзінаў, калі толькі пачыналася вахта памяці. Тады яшчэ не было намёту і не вяліся будаўнічыя работы ля ўрочышча. Спадар Мікола працягвае.

(Байсюк: ) "Мы вельмі ўсьцешаныя, што першым чалавекам, які падтрымаў гэтую ідэю, быў прафэсар Астроўскі, які першы з нашых рэгіянальных прадстаўнікоў тут начаваў. І мы хочам падтрымаць гэтую ідэю і працягнуць яе на Гарадзеншчыне. Гэтаксама й мае паплечнікі зь Менскай і Магілёўскай абласьцей".

Паводле Міколы Байсюка, на Гарадзеншчыне многія людзі ведаюць пра тое, што адбываецца цяпер у Курапатах, і падтрымліваюць валанцёраў.

(Байсюк: ) "Людзі ведаюць... У мяне была выпадковая сустрэча з адным кіроўцам. І ён сказаў вельмі проста: "Ніколі ня будзе шчасьця кіроўцу на гэтай дарозе. Відавочна, што тут пастаянна будуць розныя аварыі. Дарога, якая прайшла па касьцях людзей, будзе нешчасьлівай".

Як кажа Мікола Байсюк, кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў Партыі БНФ прыйшлі да высновы, што трэба, каб да менскіх валанцёраў бліжэйшым часам далучыліся і добраахвотнікі з рэгіёнаў.

(Байсюк: ) "Зараз мы ўнясем такія прапановы ў сваіх абласьцях. Я напрыклад проста спадзяюся на сваіх паплечнікаў, якія заўсёды падтрымлівалі мяне на працягу амаль дзесяці гадоў. Мы прымем такое рашэньне, і нашыя людзі будуць стала падтрымліваць маральна, а па магчымасьці, і матэрыяльна, змагараў за Курапаты".

Абаронцы Курапатаў былі вельмі ўдзячныя рэгіянальным кіраўнікам за падтрымку. Гаворыць старшыня Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі.

(Высоцкі) "Калі прыяжджаюць людзі-аднадумцы, напрыклад, нашыя хлопцы-бэпээсаўцы з Магілёву, прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, прыяжджаюць людзі з Горадні, з розных куткоў Беларусі, узьнікае адчуваньне сваёй моцы, што мы адзіная сіла, што беларускі супраціў – гэта рэальная рэч, і што мы – вялікі беларускі народ".


XS
SM
MD
LG