Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДГ СПРАЎЛЯЕ 10-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

10 гадоў таму, 7 лютага 1992 году, журналісты карэспандэнцкага бюро расейскай газэты "Коммерсантъ" у Менску Пётар Марцаў, Аляксандар Вальвачоў, Аляксандар Міхальчук, Раман Якаўлеўскі ды Аляксандар Старыкевіч заснавалі выданьне пад назваю "Биржи и банки. Белорусская деловая газета". 1992 год быў часам станаўленьня ў Беларусі прыватнага бізнэсу, і заснавальнікі арыентаваліся менавіта на бізнэсмэнаў. Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі заснавальнікі вырашылі зьмяніць профіль выданьня.

(Марцаў: ) "З часам стала зразумела, што біржаў і банкаў будзе ўсё менш і менш, што рынкавая эканоміка будзе згорнутая. У кожную сфэру грамадзтва: у культуру, спорт, тым больш у эканоміку стала мяшацца палітыка, і натуральна, што газэта мусіла зьмяніцца. На сёньняшні дзень гэта ўжо газэта палітычных і дзелавых колаў. Мы проста йшлі за часам, час кіраваў намі і газэта стала абсалютна іншай."

(Карэспандэнт: ) "Спадар Марцаў, скажыце, што, на вашую думку ёсьць галоўным дасягненьнем газэты за гэтыя 10 гадоў?"

(Марцаў: ) "Па-першае, мала хто ведае, што такое з нуля зрабіць гандлёвую марку, зрабіць газэту. Гэта й ёсьць уласна галоўнае дасягненьне – газэта зробленая, у яе ёсьць свая аўдыторыя і газэта ёсьць не найгоршая на беларускім рынку. Гэтую газэту хваляць ды паважаюць ўлады, апазыцыя й грамадзтва. Гэта значыць, што мы йдзем слушнай дарогай. БДГ ёсьць нармальным грамадзкім інструмэнтам, незалежным выданьнем, якое дае аб'ектыўную інфармацыю. Што патрэбна любому грамадзтву, якое хоча звацца дэмакратычным".

Спадар Марцаў лічыць самым радасным днём за 10 гадоў існаваньня газэты той, калі ў 2000 годзе нямецкая фундацыя "Zeit-Shtiftung" назвала БДГ лепшай газэтай Беларусі. А самы нешчасьлівы – калі ён быў вымушаны закрыць свой іншы праект, газэту "Имя».

Адметна, што якраз напярэдадні 10-годзьдзя пракуратура вынесла рэдакцыі чарговае папярэджаньне пра непапушчальнасьць парушэньня Закону аб друку. У адным з нядаўніх матэрыялаў БДГ пракуратура ўгледзела абразу праваахоўчых ворганаў.

А сам рэдакцыйны калектыў зрабіў сабе падарунак іншага кшталту – днямі ў сьвет выйдзе першы нумар штомесячнага дадатку пад назваю "БДГ – для службовага карыстаньня" ў якім будуць друкавацца матэрыялы ў жанры журналісцкага расьледаваньня. Паводле Пятра Марцава, будзе шмат увагі надавацца і інтэрнэт-старонцы газэты, на якой зьмяшчаюцца навіны ў рэжыме рэальнага часу.

Галоўны рэдактар БДГ спадзяецца, што ягонае выданьне вытрымае ціск уладаў.

(Марцаў: ) "Проста ад журналістаў патрабуецца максымальна прафэсыйная праца. Тады ўсё будзе добра. Я думаю, што гэтая ўлада не такая моцная, не такая трывалая, і перамены ў гэтай краіне раней ці пазьней адбудуцца".

Сёньня калегаў з БДГ павіншавалі журналісты іншых недзяржаўных выданьняў Беларусі.
XS
SM
MD
LG