Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ДАБРАЧЫННАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ СПЫНЯЕ ДАПАМОГУ ПІНСКАМУ ІНТЭРНАТУ З-ЗА КАНФЛІКТУ ЗЬ ЯГОНАЙ ДЫРЭКТАРКАЙ


Алег Супрунюк, Берасьце

Гэтая дабрачынная арганiзацыя зь Нямеччыны ўжо дзесяць гадоў дапамагае мэдычным i навучальным установам Пiнску i Пiнскага раёну. Асаблiва шчыльныя сувязi арганiзацыя мае з школай-iнтэрнатам для дзяцей, што засталiся без бацькоў. Але на адмысловай прэсавай канфэрэнцыi, якая прайшла ў Нямеччыне пасьля апошняга вiзыту ў Пiнск, кiраўнiкi арганiзацыi Карл-Гайнц Кок i Гiда Лангеброкер паведамiлi пра магчымае спыненьне кантактаў з гэтай навучальнай установай.

Паводле прадстаўнiкоў нямецкай арганiзацыi, адмiнiстрацыя школы-iнтэрнату – у прыватнасьцi, яе дырэктарка Зiнаiда Чайкоўская – не задаволеная тым, што немцы пачалi самастойна распаўсюджваць гуманiтарны груз сярод прыватных асобаў, якiя маюць у гэтым патрэбу. Дзеяньнi спадарынi Чайкоўскай нямецкi бок расцэньвае як своеасаблiвую помсту: кiраўнiца школы не пажадала дапамагчы замежным дабрачынцам зь меньшымi клопатамi перасекчы беларускую мяжу i адмовiлася даць аўтамабiль для таго, каб разьвезьцi гуманiтарны груз па атрымальніках. Дарэчы, гэты аўтамабiль нямецкая арганiзацыя падаравала школе падчас аднаго з ранейшых вiзытаў.

Карл-Гайнц Кок лiчыць, што зараз займацца дабрачыннай дзейнасьцю ў Беларусi вельмi складана. Гэтаму перашкаджаюць шматлiкiя праявы бюракратызму i няўзгодненыя дзеяньні розных дзяржаўных структураў. Напярэдаднi паездкi ў Пiнск спадар Кок зьвяртаўся ў беларускую амбасаду ў Бэрлiне. Там яго запэўнiлi, што нiякiх абмежаваньняў па дастаўцы пакетаў для прыватных асобаў не iснуе. Але на Пiнскай мытнi iншаземцам абвесьцiлi, што гуманiтарны груз трэба арыштаваць на чатыры тыднi – з-за адсутнасьцi рэгiстрацыйных дакумэнтаў. Больш за ўсё немцаў зьдзiвiла тое, што з гэтай прапановай пагадзiлiся i кiраўнiкi школы. Яны спадзявалiся, што ў такiм выпадку нямецкi бок пагадзiцца са схемай размеркаваньня гуманiтарнай дапамогi, якую распрацавала дырэктарка Чайкоўская.

Прадстаўнiкi дабрачыннай арганiзацыi таксама вiнавацяць адмiнiстрацыю школы ў фальсыфiкацыi некаторых дакумэнтаў. Зь гэтых дакумэнтаў вынiкае, што немцы прызналi сьвядомае парушэньне беларускага заканадаўства, якое тычыцца гуманiтарнай дзейнасьцi. Кiраўнiкi нямецкай арганiзацыi гатовыя зьвярнуцца ў суд, каб абвергнуць iлжывыя зьвесткi. Пакуль жа прадстаўнiкi "Вайсрусьлянд-Гiльфэ е.В. Мэтэлен" заяўляюць, што спыняць кантакты з Пiнскай школай-iнтэрнатам, пакуль яе ўзначальвае Зiнаiда Чайкоўская.
XS
SM
MD
LG