Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РУХ "ЗУБР" У СВАЁЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ БУДЗЕ НАДАВАЦЬ АСНОЎНУЮ ЎВАГУ САЦЫЯЛЬНЫМ ПРАБЛЕМАМ НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры моладзевага руху супраціву "Зубр" Цімох Дранчук, Ірына Тоўсьцік і Андрэй Пятроў сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра новую стратэгію сваёй арганізацыі.

Паводле іх, увесь мінулы год "Зубр" актыўна дапамагаў дэмакратычным сілам Беларусі перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах 9 верасьня. Цяпер кіраўніцтва "Зубра" лічыць, што стратэгія мусіць быць зьмененая. На іхную думку, менавіта праз абарону сацыяльных правоў насельніцтва можна здабыць сымпатыі людзей. Перад выбарамі Аляксандар Лукашэнка абяцаў "рэзка падвысіць дабрабыт народу і наблізіць яго да ўзроўню эканамічна разьвітых эўрапейскіх дзяржаваў". Вось "зубры" й вырашылі дамагацца ад уладаў выкананьня тых абяцаньняў спадара Лукашэнкі.

Гаворыць адзін зь лідэраў руху "Зубр" Цімох Дранчук:

(Дранчук: ) "Ніякага павышэньня ўзроўню дабрабыту ніхто не назірае, сацыяльныя праблемы праз паўгода пасьля выбараў застаюцца актуальнымі. Я бачу гэтыя праблемы штодня, выходзячы з свайго пад'езду й пераступаючы праз калужыны. Гледзячы на дарогі, якія не рамантаваліся ўжо 5 гадоў, на дамы ў суседнім двары, што не рамантуюцца 10 гадоў. І ніхто пра гэта не клапоціцца. "Зубр" цяпер будзе займмацца гэтымі сацыяльнымі праблемамі, праблемамі народу".

У распаўсюджанай сёньня адмысловай заяве "зуброўцы" нагадваюць пра тое, што рэзка вырасьлі кошты на камунальныя паслугі, праезд у грамадзкім транспарце і на прадукты харчаваньня. Актывісты руху абураныя паведамленьнямі дзяржаўных СМІ пра росквіт беларускай эканомікі і заяўляюць, што "Так жыць нельга!" бо паводле Канстытуцыі " кожны мае права на годны ўзровень жыцьця".

"Зубры" ўжо распачалі сацыяльныя акцыі ў рэгіёнах. У Магілёве, Гомелі, Барысаве, Маладэчне, Баранавічах, Мар'інай Горцы, Вілейцы, Жодзіне, Крупках і Смалявічах актывісты "Зубра" правялі сацыяльныя акцыі й распаўсюдзілі каля 100 000 ўлётак з заклікам да жыхароў патрабаваць ад кіраўніцтва жыльлёва-камунальных службаў належным чынам выконваць сваю працу. Актывісты "Зубра" нават абавязаліся цягам месяца не маляваць сваіх графіці на сьценах дамоў, каб сродкі ЖЭСаў, што йдуць на зафарбоўку іхных надпісаў былі скарыстаныя на рэмонт жыльля людзей.

Вялікая ўвага будзе нададзеная й праблемам моладзі й студэнцтва. Гаворыць Ірына Тоўсьцік:

(Тоўсьцік: ) "Мы будзем зьвяртацца да моладзевых праблемаў. Не павышаюцца стыпэндыі, а я сама студэнтака й мяне гэта вельмі кранае. А таксама нічога ня робіцца ў інтэрнатах. Студэнты працягваюць жыць разам з прусакамі ў зусім не нармальных умовах".

Актывісты "Зубра" абяцаюць у блізкім часе арганізаваць падобныя акцыі ў Менску ды іншых гарадах Беларусі. Аднак разам з сацыяльнымі, "Зубры" будуць праводзіць акцыі й палітычнага ды праваабарончага характару. Актывісты руху таксама не выключаюць, што возьмуць удзел у выбарах у мясцовыя ворганы ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG