Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКІЯ БУДАЎНІКІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ НЯВЫПЛАТЫ ЗАРОБКАЎ І ЗВАЛЬНЕНЬНЯ ПРАФСАЮЗНАГА АКТЫВІСТА


Аляксандр Сердзюкоў, Магілёў

Будаўнікі выказалі незадавальненьне тым, што кіраўнікі гораду і вобласьці ня могуць выканаць свае абяцаньні. Вось што заявіў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту: “Нам абяцалі плаціць 29-га кожнага месяца. Але ніхто ня плаціць і, наколькі мы разумеем, не зьбіраецца плаціць”.

Як раней паведамлялала Радыё Свабода, напрыканцы студзеня рабочыя прыйшлі ў аблвыканкам і атрымалі ад намесьніка старшыні Міхаіла Краснова абяцаньне ліквідаваць запазычанасьць па заробках ужо на наступны дзень. Ён спаслаўся на ліст кіраўніка абласной вертыкалі Барыса Батуры, у якім той прасіў урад выдзеліць грошы з рэспубліканскага бюджэту.

У пачатку лютага запазычанасьць перад будаўнікамі дасягнула 800 мільёнаў рублёў. Сёньня да рабочых выйшаў Віктар Дзюбайлаў, які выконвае абавязкі старшыні гарвыканкаму. Гэты чыноўнік паабяцаў прывезьці грошы ўжо сёньня, а назаўтра звольніць дырэктара трэста Барыса Ваксмана:

(Дзюбайлаў: ) “30 мільёнаў будзе выплачана зарплата апрацоўшчыкам, 10 мільёнаў, па распараджэньні Ваксмана, будзе выплачана тым, каму ня выплацілі. Я вас прашу мабілізавацца. Рашэньне пытаньня з Ваксманам сёньня - заўтра будзе прынятае. Таму галоўным для вас павінна быць праца”.

Аднак спадар Дзюбайлаў адмовіўся камэнтаваць пратэсты будаўнікоў супраць сёньняшняга звальненьня з працы лідэра Вольнага прафсаюза трэсту муляра Аляксея Паўлоўскага. Менавіта ён арганізоўваў паходы у аблвыканкам. Дагэтуль яму неаднойчы абвяшчалі вымовы – напрыклад летась, нібыта за дрэнную ўкладку пліткі. Гэтым разам яго абвінавацілі ў тым, што ён ня выйшаў на працу, і звольнілі нібыта за прагулы. Аднак, як стала вядома, ягоны кіраўнік яшчэ летась падпісаў загад, паводле якога муляр мае права раз на тыдзень браць адпачынак за уласны кошт. Сам Паўлоўскі лічыць, што звальненьне зьяўляецца помстай за ягоную прафсаюзную дзейнасць:

(Паўлоўскі: ) “Маё звальненьне пракамэнтаваў кіраўнік 56-га будаўнічага упраўленьня Субач тым, што ад яго патрабавалі зьверху: калі ня звольніш Паўлоўскага, звольнім цябе. Напярэдадні гэтай падзеі спрабаваў звольніць начальніцу аддзела кадраў асабіста сам наймальнік Ваксман. Ён сказаў: калі ты ня звольніш Паўлоўскага, будзеш сама звольненая”.

Пасьля размовы з кіраўніком Магілёва да спадара Паўлоўскага падыйшлі міліцыянты, запатрабавалі дакумэнты і абвінавацілі у арганізацыі несанкцыянаванага пікетаваньня. Капітан міліцыі Яблонскі таксама запатрабаваў у карэспандэнтаў газэты Дэ-факта і Радыё Свабода пасьведчаньні і пашпарты і чамусьці выпісаў адтуль хатнія адрасы ўладальнікаў.
XS
SM
MD
LG