Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САМАЛЁТАЎ ТУ-134, ЯКІЯ СКЛАДАЮЦЬ АСНОВУ БЕЛАРУСКАЙ АВІЯЦЫІ, НЯМА НІЯКІХ ШАНЦАЎ ПАТРАПІЦЬ У КРАІНЫ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Ігар Карней, Менск

Насуперак спадзяваньням расейскіх вытворцаў, пазыцыя кіраўніцтва Эўракамісіі застаецца нязьменнай ад 1995 году, калі пытаньне абмежаваньня палётаў самалётаў зь недасканалымі тэхнічнымі характарыстыкамі ўпершыню было ўзьнятае так востра. Незалежна ад высноваў эўрапейскіх адмыслоўцаў (а канчатковыя вынікі павінны быць агучаныя 21 лютага), паводле 3-й часткі Канвэнцыі ІКАО новыя патрабаваньні да авіяляйнэраў на міжнародных лініях закрануць найперш Ту-134, Ту-154Б, Іл-62, Іл-76 і Іл-86. Кіраўніцтва беларускага Дзяржкамавіа спадзяецца, што расейцам усё ж удасца ўлагодзіць стаўленьне да сваёй тэхнікі. Да таго ж, паводле намесьніка старшыні камітэта Вадзіма Мельніка, эўрапейскія краіны самі да канца ня вызначыліся з тым, прымаць расейскія самалёты альбо не.

(Мельнік: ) "Яны там адзінай палітыкі таксама не прытрымліваюцца: Ірляндыя пачынае адколвацца, Аўстрыя дагэтуль думае, вялікія пытаньні з Італіяй. Што далей будзе — не магу прадказваць, сам зь нецярпеньнем чакаю вырашэньня гэтага пытаньня. Спадзяюся, што урэшце ўсе дамовяцца. Эўразьвяз зарана пачаў выступаць. Больш за тое, магу сказаць паводле аналізу, ад здольнасьцяў пілёта (як ён заходзіць на пасадку і ўзьлятае) таксама шмат што залежыць. У Франкфурце, прыкладам, стаяць адпаведныя маніторы: летась нашы Ту-134 ніводнага разу не парушылі патрабаваньняў, а знакамітыя Boeing і Airbus парушаюць. У нас ёсьць з гэтай нагоды поўны аналіз".

Але Францыя, Нямеччына й Вялікая Брытанія выказалі пазыцыю катэгарычна: ніякіх паслабленьняў чакаць ня трэба. Пытаньні наконт таго, ці абмяркоўвае беларускі бок верагоднасьць набыцьця самалётаў замежнай вытворчасьці, пакуль застаюцца без адказу. Спадар Мельнік толькі сказаў, што якраз гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца днямі “на адпаведным узроўні”.

Таксама зацікаўленыя ў гэтым і самі пілёты, якія ў выпадку прыняцьця Эўропай радыкальнага рашэньня першымі застануцца бяз працы. Вось меркаваньне камандзіра экіпажу Ту-134 Аляксея Асташэвіча.

(Асташэвіч:) “Мы й самі пакуль ня ведаем: якія пэрспэктывы, што надалей? Калі адтэрміноўкі ня будзе, то палёты на Ту-134 практычна спыняцца. Яны не сэртыфікаваныя паводле дадатку ІКАО — рухавікі не праходзяць паводле шумоў і, само сабой, паводле экалёгіі. Таму Эўропа адмаўляецца ад гэтых самалётаў. Але паказальна, што ў амэрыканцаў таксама шмат старой тэхнікі, якая трапляе пад гэты артыкул. Так што, апроч краінаў СНД, лабіруе адтэрміноўку таксама й Амэрыка. А тое, што мы не шумім і да нас няма прэтэнзыяў, дык рашэньні ўсё роўна прымаюцца на ўзроўні ўраду Эўразьвязу. І калі мы не падыходзім паводле патрабаваньняў, выконваць палёты права ня маем. Да таго ж, у бартавых дакумэнтах ўказана, да якога ўзроўню шумоў належыць самалёт”.

Разумеючы, што цэлы парк дарагіх “Боінгаў” набыць наўрад ці рэальна, некаторыя адмыслоўцы прапануюць спыніць увагу на сярэдніх і недарагіх амэрыканскіх самалётах “Эмбраер”, якія адпавядаюць ня толькі усім неабходным патрабаваньням ІКАО, але й сьціпламу попыту на авіяперавозкі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG