Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМЭРЫКАНСКАЯ АМБАСАДА Ў МЕНСКУ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО ПАЛІТЫКА ЗША Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ НЕ ЗЬМЯНІЛАСЯ


Ул. інф.

Амбасада ЗША сёньня заявіла, што ня можа камэнтаваць заявы міністра Хвастова у інтэрвію "Советской Белоруссии", аднак дадала: "Мы можам катэгарычна заявіць, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі не зьмянілася".

Амэрыканская амбасада таксама нагадала пра выступ на Менскім форуме 24 лістапада 2001 году амбасадара Майкла Козака, дзе ён сказаў:

(Козак: ) "Мы мусім быць як мага больш яснымі й канкрэтнымі ў дачыненьні да беларускіх уладаў і народу, кажучы пра тое, чаго мы дабіваемся: праўнае сыстэмы, у якой мірная палітычная апазыцыя й грамадзянская супольнасьць могуць дзейнічаць гэтаксама, як і ў іншых эўрапейскіх краінах – бяз страху. Сыстэмы, у якой ўсе пункты гледжаньня могуць быць выказаныя ў сродках масавай інфармацыі – як дзяржаўных, гэтак і незалежных – без цэнзуры й боязі перасьледу. Адкрытага й дэмакратычнага выбарчага працэсу. І нарэшце, вяртаньня заканадаўчай і судовай галінам улады іх незалежных функцыяў".

У сваім інтэрвію міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў сказаў, што ня бачыць "прыкметных намаганьняў з боку таго ж дзярждэпартамэнту ЗША". "Але й тыя невялікія крокі, якія ўсё ж такі робіць афіцыйны Вашынгтон, мы цэнім", – заявіў беларускі міністар.

На гэтую цытату амбасада ЗША ў Менску таксама адказала цытатай зь лістападаўскай прамовы Майкла Козака:

(Козак: ) "Мы мусім быць гатовыя абмяркоўваць як канкрэтныя крокі ў напрамку да мэты, гэтак і тое, што беларускі бок можа чакаць узамен, калі такія крокі будуць зробленыя. Ці будуць усе гэтыя крокі рабіцца адразу або нарастаць паступова – зрэшты ня так важна, галоўнае, каб яны ўсё ж такі рабіліся. Але беларускі бок ня мусіць памыляцца, мяркуючы, што досыць будзе адных толькі словаў і жэстаў. Ані сама праблема, ані яе вырашэньне ня ёсьць рытарычнымі".

Амбасада ЗША ў Менску таксама нагадала пра зварот дзяржаўнага сакратара Коліна Паўэла з нагоды дзясятай гадавіны незалежнасьці Беларусі. У звароце зазначалася: "Злучаныя Штаты гатовыя да аднаўленьня прадуктыўных двухбаковых стасункаў, якія ўлучаюць кантакты на высокмі узроўні й пашырэньне палітычных, інвэстыцыйных і вайсковых кантактаў. Аднак гэтая гатовасьць можа быць рэалізаваная толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады будуць прытрымлівацца тых нормаў, якія Беларусь забавязалася выконваць, далучыўшыся да АБСЭ й зьяўляючыся сябрам ААН. Гэтыя нормы ўлучаюць, апрача іншага, свабодны, справядлівы й дэмакратычны выбары працэс, нармальныя ўмовы для разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці й выкананьне правоў чалавека, а таксама вяршэнства закону".
XS
SM
MD
LG