Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САДЖАЮЦЬ ТЫХ, КІМ НЕЛЬГА КІРАВАЦЬ НА 100%, КАЖА БЫЛЫ НАМЕСЬНІК ДЫРЭКТАРА МЕНСКАГА АЎТАМАБІЛЬНАГА ЗАВОДУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Пра сувязь арыштаў кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў з прыватызацыяй гэтых прадпрыемстваў праз расейскі капітал, пра выгляд беларускіх прадпрыемстваў на міжнародным узроўні ды іншае з Аляксандрам Якаўлевым гаворыць Аляксей Дзікавіцкі.

(Дзікавіцкі: ) “Яшчэ на пачатку студзеня ў першым інтэрвію для нашага радыё вы казалі, што арышты кіраўнікоў прадпрыемстваў на Беларусі будуць працягвацца. Так сапраўды і адбываецца. Аднак апошнім часам зьявіліся меркаваньні, што “прыбіраюць” менавіта тых кіраўнікоў, хто выступае супраць перадачы сваіх прадпрыемстваў у рукі расейскага капіталу – а менавіта такім чынам Лукашэнка мусіць расплочвацца за падтрымку Расеі на выбарах. Што вы думаеце ў гэтай справе?”

(Якаўлеў: ) “Я б сказаў так – садзяць ня тых, хто супраць прыватызацыі, а тых, хто з гледзішча ўладаў ня ёсьць чалавекам, якім на 100 адсоткаў можна кіраваць. У гэтым сэнсе я згодны з тымі, хто кажа, што ў часе прыватызацыі прадпрыемстваў адбудзецца спроба легалізаваць тыя грошы, якія зарабілі прадстаўнікі ўлады ў часе знаходжаньня ва ўладзе. Прыкладна так, як было ў часе распаду Савецкага саюзу ў 1991 годзе. Тады прадстаўнікі камуністычнай партыі, маючы грошы, укладалі іх у прыватызаваныя прадпрыемствы і такім чынам забясьпечвалі легалізацыю партыйных грошай і адначасова надалей забясьпечвалі сабе жыцьцё сумленных прадпрымальнікаў і атрыманьне прыбыткаў з гэтых прадпрыемстваў.

Улічваючы тое, што праз 5 гадоў будуць наступныя выбары, цяпер вельмі актуальнае пытаньне аб тым, як выкарыстаць гэтыя грошы ды забясьпечыць сабе жыцьцё ў будучыні.

Таму улады ня могуць быць ні ў якім выпадку задаволеныя кіраўнікамі, якія ў часе прыватызацыі сваіх прадпрыемстваў, ці ўжо па прыватызацыі, могуць быць здольныя расказаць пра ўдзел у гэтай прыватызацыі некаторых асобаў. А казаць пра тое, што дырэктар прадпрыемства будзе працівіцца прыватызацыі проста сьмешна, бо гэта не ягонае прадпрыемства, не ягоная ўласнасьць. На гэтую пасаду яго прызначылі і ён ня ёсьць асобай якая глыбока зацікаўленая ў тым, каб рызыкаваць сваім жыцьцём за тое, каму будзе адданы кантрольны прыватызацыйны пакет таго ці іншага прадпрыемства”.

(Дзікавіцкі: ) “Дык значыць наўрад ці можна спадзявацца, што дырэктары беларускіх заводаў будуць супраціўляцца перадачы іхных прадпрыемстваў расейцам?”

(Якаўлеў: ) “Канечне ня будуць”.

(Дзікавіцкі: ) “Ёсьць інфармацыя, што кантрольны пакет акцыяў Менскага аўтамабільнага заводу хоча выкупіць кампанія “Сібірскі алюміній”. Што вы пра гэта ведаеце?”

(Якаўлеў: ) “Я ўжо казаў і раней, што “Сібірскі алюміній” цікавіцца МАЗам яшчэ ад 2000 году – тады прадстаўнікі гэтай фірмы першы раз прыехалі на прадпрыемства. Зацікаўленасьць МАЗам яны маюць і цяпер. “Сібірскі алюміній” скупіў шэраг найбуйнешых аўтамабільных вытворцаў у Расеі – ГАЗ, Яраслаўскі маторны завод, Уральскі завод. Цяпер іх у першую чаргу цікавіць МАЗ, бо МАЗ ёсьць найбуйнейшым спажыўцом рухавікоў Яраслаўскага маторнага заводу”.

(Дзікавіцкі: ) “Спадар Якаўлеў, пераход беларускіх прадпрыемстваў ў рукі замежнага капіталу для саміх прадпрыемстваў гэта добра ці не?”

(Якаўлеў: ) “Ведаеце, ёсьць такі анекдот. Да Абрамовіча прыйшлі міліцыянты і кажуць “Аддайце нам сто тысячаў даляраў, якія мы ведаем, што ў вас ёсьць, бо нам няма за што будаваць камунізм. Абрамовіч параіўся з жонкай і адказаў: “Калі няма грошай, дык навошта будаваць камунізм”. Прыкладна ў такой сітуацыі знаходзяцца цяпер і беларускія прадпрыемствы. Няма грошай на рэканструкцыю, на аднаўленьне асноўных фондаў – а бяз гэтага прадпрыемствы выжыць ня могуць. Усе грошы, якія павінны былі б на гэта йсьці, забірае праз падаткі дзяржава, якая зусім не клапоціцца, каб у прадпрыемстваў заставаліся грошы на свае патрэбы. Тады адзіны выхад – шукаць партнэраў, якія гэтыя грошы маюць, маюць досьвед і змогуць забясьпечыць далейшае існаваньне такім прадпрыемствам як МАЗ, Трактарны завод, Гомсельмаш. Ну колькі яшчэ зможа існаваць МАЗ ці МТЗ без тэхнічнага пераўзбраеньня, сучасных тэхналёгіяў? Гадоў праз 10 ўсе фонды будуць вынішчаныя, і прадпрыемства ня зможа існаваць фізычна. Таму зьяўленьне інвэстараў у любой краіне - гэта нармальна”.

(Дзікавіцкі: ) “Зразумела, каб выжыць, беларускія прадпрыемствы патрабуюць інвэстыцыяў. Але ці ўсё роўна, адкуль гэтыя інвэстыцыі атрымаць? Спэцыялісты кажуць, што паміж Расеяй і Нямеччынай ідзе своеасаблівая барадзьба за ўплыў на беларускую прамысловасьць. На вашую думку, чые інвэстыцыі, расейскія ці нямецкія былі б больш карысныя для беларускіх прадпрыемстваў?”

(Якаўлеў: ) “Гэтае пытаньне можна падзяліць на дзьве часткі – што добра для прадпрыемства, і што добра для простага працаўніка. Спачатку пра прадпрыемства. Канечне, калі такі завод як МАЗ выкупяць немцы ці амэрыканцы, дык далей у сучасным выглядзе ён існаваць ня будзе. Так было напрыклад з польскім вытворцам грузавікоў – заводам “Стар”. Пасьля таго, як яго купіла нямецкая фірма “МАН”, на гэтым прадпрыемстве пачалі зьбіраць грузавікі “МАН”. Тое самае было б і з МАЗам. А калі б МАЗ выкупілі расейцы, дык напэўна яны б захавалі вытворчасьць.

Але калі гаварыць з пункту гледжаньня простага працаўніка, дык яму няма ніякай розьніцы, хто купіць завод. Галоўнае – колькі будуць плаціць і ці зможа ён за гэтыя грошы выжыць. І вось менавіта з гэтага пункту гледжаньня, вопыт паказвае, што лепш, калі на прадпрыемства і ў краіну прыходзіць заходні капітал. Таму што ён прыходзіць з найноўшымі тэхналёгіямі, са сваім узроўнем мысьленьня, са сваім бачаньнем пабудовы сацыяльнага грамадзтва ў краіне. І з часам, канечне пасьля пэўнага пераходнага перыяду, зьвязанага і з шэрагам адмоўных зьяваў, жыцьцё людзей паляпшаецца. Тут добры прыклад - падзеленая Карэя. У Паўдзённую Карэю амэрыканцы шмат заінвэставалі ў 50-я гады і цяпер гэта квітнеючая краіна. А што сталася з Карэяй Паўночнай?”

(Дзікавіцкі: ) “Калі б на прадпрыемстве вы былі намесьнікам дырэктара не па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, а па ідэалёгіі, як бы вам давялося тлумачыць рабочым, што, прыкладам, ад заўтрашняга дня, іхнае прадпрыемства належыць расейцам?”

(Якаўлеў: ) “Па першае, я нават у страшным сьне не хацеў бы ўявіць сябе намесьнікам якога-небудзь дырэктара па ідэалягічных пытаньнях. Але сыстэма працы гэтых людзей вельмі простая і існуе хіба з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Амаль заўсёды людзям гавораць тое самае – трэба яшчэ пачакаць, затое вашыя дзеці будуць жыць пры камунізме, ці, напрыклад, пры разьвітым грамадзстве беларускага тыпу. А зараз трэба трохі пацярпець, а потым, гадоў праз 20, пад кіраўніцтвам нашае ўлады, мы будзем жыць значна лепей. Але гэтыя 20 гадоў трэба пацярпець”.

(Дзікавіцкі: ) “Скажыце, на МАЗе стасункі з расейскімі партнэрамі належаць да зьнешнеэканамічных сувязяў?”

(Якаўлеў: ) “З пункту гледжаньня валютнага заканадаўства – так, бо расейскі рубель адпавядае ўсім правілам валютнага рэгуляваньня, прыкладам для гэтай валюты таксама існуе абавязковы продаж. А з пункту гледжаньня гандлю, на нашым прадпрыемстве гандаль з Расеяй не разглядаўся як зьнешнеэканамічныя сувязі.

(Дзікавіцкі: ) “Вы ня лічыце гэта дзіўным?”

(Якаўлеў: ) “Я ў сваёй працы лічыў, што ніколі ня трэба выдумляць тое, што ўжо выпрацаванае ў сьвеце. Трэба браць і карыстацца гэтым у сябе, пажадана нічога не зьмяняючы, бо мы любім рабіць карэктывы ў адпаведнасьці з нацыянальнымі асаблівасьцямі. І гэтымі карэктывамі звычайна ўсё псуем. Дык вось, калі ўзяць фірмы “Mercedes”, “Renault”, “MAN”, на якіх я быў, дык там няма людзей, якія асобна займаюцца зьнешнімі і ўнутранымі эканамічнымі сувязямі. Там ёсьць дырэкцыя па продажы і дырэкцыя па закупках. Для немцаў няма розьніцы, куды прадаецца машына – у Нямеччыну ці ў Афрыку. Адзінае, ёсьць падзел па рэгіёнах, бо кожны рэгіён мае сваю спецыфіку. Так і мы мусім рабіць – няма зьнешніх ці ўнутраных сувязяў, ёсьць продаж і пакупка.”

(Дзікавіцкі: ) “Як выглядае ў вачох замежных бізнэсоўцаў ідэя рабіць бізнэс з беларускімі партнэрамі?”

(Якаўлеў: ) “Спэцыфіка Беларусі ў тым, што гэта краіна вельмі высокай эканамічнай рызыкі. Таму, беларускія прадпрыемствы ня могуць атрымаць крэдыты ў замежных банках. А калі вы купляеце што-небудзь за мяжой, дык у вас абавязкова запатрабуюць 100-працэнтную папярэднюю аплату, ці акрэдытыў, падцьверджаны першаклясным эўрапейскім банкам. Атрымаць такі акрэдытыў для беларускай фірмы гэта практычна тое ж самае, што зрабіць папярэднюю аплату, бо тады мусіш пералічыць такую ж суму ў банк. Тое, што краіна мае гэтакі высокі узровень эканамічнай рызыкі, прымушае нашыя прадпрыемствы выключаць з абароту валюту, якую можна было б выкарыстаць на што-небудзь іншае”.

(Дзікавіцкі: ) “А як вы тлумачылі сваім заходнім партнэрам прыкладам тое, што на Беларусі прадпрыемства абавязкова павінна прадаць дзяржаве добрую частку заробленай валюты па курсе, усталяваным дзяржавай. Ці могуць замежныя бізнэсоўцы гэта зразумець?”

(Якаўлеў: ) “Гэта даводзіцца доўга тлумачыць. Ну як немец можа зразумець, што ён абавязаны прадаць пэўную частку атрыманых амэрыканскіх даляраў дзяржаве? Для іх гэта выглядае дзіўным, але адначасова і мала іх цікавіць. Гэта нашыя цяжкасьці”.

(Дзікавіцкі: ) “Яшчэ раней вы гаварылі пра тое, што стаўленьне замежных бізнэсоўцаў да беларускіх партнэраў у вялікай ступені залежыць ад прафэсійнага ўзроўню тых, хто прадстаўляе беларускія прадпрыемствы.На вашую думку, ці паспрыяе цяперашняя сытуацыя на прадпрыемствах краіны таму, што кваліфікаваныя супрацоўнікі будуць уцякаць з гэтых прадпрыемстваў шукаючы лепшых месцаў?”

(Якаўлеў: ) “На мой погляд, пры цяперашняй сытуацыі на Беларусі, разьвіцьцё кадраў увогуле спынілася. Асабліва ў сэнсе сучасных тэхналёгіяў. Ніводнае прадпрыемства ня можа дазволіць сабе выкарыстоўваць сучасныя кампутарныя тэхналёгіі. А не выкарыстоўваць іх – гэта значыць увесь час адставаць і не выхоўваць кваліфікаваных супрацоўнікаў, якія маглі б гэтымі тэхналёгіямі карыстацца. Цяпер Расея і Ўкраіна ва ўсю выкарыстоўваюць заходнія тэхналёгіі, і ня толькі кампутарныя, але і тэхналёгіі продажу, закупак і гэтак далей. Мы ж гэтага ня робім. Калі раней на Беларусі паводле прафэсійнага ўзроўню кадры былі лепшыя чым ў Расеі, то зараз, я думаю, мы ўсё больш адстаем. Хутка Расея і Ўкраіна будуць наперадзе.”

(Дзікавіцкі: ) “Значыць можна сказаць, што цяпер нашыя прадпрыемствы і ўзровень падрыхтоўкі іх супрацоўнікаў ужо не выглядаюць сучаснымі нават для расейцаў?”

(Якаўлеў: ) “Так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG