Лінкі ўнівэрсальнага доступу

116 АХВЯРАЎ РЭПРЭСІЯЎ – ТОЛЬКІ Ў АДНОЙ СЯМ’І


Ганна Соусь, Менск

Вячаслаў Станішэўскі нарадзіўся ў 1932 годзе на поўначы Расеі ў Архангельскай вобласьці блізу Котласу – менавіта туды ў трыццатыя гады ягоных бацькоў як “кулакоў” выслалі зь Беларусі бальшавікі. Як узгадвала маці спадара Станішэўскага, іх прывезьлі ў вагонах у лес, дзе было сьнегу па пояс, і проста выкінулі. Мужчыны секлі дрэвы й палілі вогнішчы, потым жанчыны закладвалі яшчэ цёплы попел яловымі галінкамі і лажыліся спаць, каб не замерзнуць. Раніцай прачыналіся прысыпаныя сьнегам. Распавядае Вячаслаў Станішэўскі.

(Станішэўскі: ) "Там адразу пачаўся мор, голад. Мае тры браты на адным тыдні памерлі з голаду ў 1930 годзе. Я нарадзіўся, а праз год бацька патануў. Ад голаду кружылася галава, а трэба было па бярвеньнях перайсьці праз бурлівую раку. Пасьлізнуўся, упаў і замерз…"

Вячаслаў Станішэўскі пражыў на поўначы Расеі 16 гадоў. Дагэтуль памятае, як маці распавядала яму пра гісторыю свайго роду. Можа, таму ў семідзесятыя гады кандыдат тэхнічных навук Вячаслаў Станішэўскі пачаў ствараць свой радавод. Ягоным дзядзькам быў вядомы беларускі гісторык Мікалай Улашчык, які таксама пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. Дарэчы, менавіта да яго зьвярнуўся спадар Вячаслаў, калі пачаў ствараць радавод.

(Станішэўскі: ) "Прыехаў аднойчы ў Маскву да Мікалая Мікалаевіча Ўлашчыка. Ён мне дастае паперку – вось такія карані ў нас. І расказвае пра нашага продка Мацея Ўлашчыка й усю гісторыю роду да 30-х гадоў. І, кажа, займайся гэтым. Я прыехаў у Менск, намаляваў спачатку таблічку. Напісаў лісты сваякам... Я дасьледаваў усё дваццатае стагодзьдзе".

Вячаслаў Станішэўскі дасьледваў гісторыю свайго роду паводле архіваў і сьведчаньняў родных, абхадзіў вясковыя могілкі. Напрыканцы 80-ых праз вайсковую пракуратуру даведаўся пра лёс рэпрэсаваных сваякоў. У 1991 годзе ён і ягоныя родныя былі рэабілітаваныя.

Вячаслаў Станішэўскі як кандыдат тэхнічных навук заўважае пэўныя арытмэтычныя адметнасьці. У ягонага прадзеда Андрэя было 30 унукаў і 93 праўнукі. Зь іх 116 чалавек пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў – хто быў сасланы, хто арыштаваны, хто расстраляны. Калі суаднесьці 116 да 123, то атрымліваецца 94,3% – гэткі паказчык палітрэпрэсіяў у родзе Станішэўскіх.

І яшчэ адзін прыклад. У 18-19 стагодзьдзях працягласьць жыцця Станішэўскіх была 56 с паловай гадоў, а ў 20 стагодзьдзі за савецкім часам – усяго 43 гады. Імёны ўсіх пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсіяў названыя ў двух кнігах Вячаслава Станішэўскага – "Радавод сям'і Улашчыкаў" і "Радавод Станішэўскіх". Але дагэтуль няма помнікаў зь імёнамі ўсіх загінулых на вайне Сталіна з уласным народам, піша спадар Вячаслаў у адной са сваіх кніг.

Што да яго асабіста, то спадар Станішэўскі ў Дзень Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, штогод прыходзіць у Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG