Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЗІЯ ЯРМОШЫНА: “УЖО СЁЛЕТА ПАЧНЕЦЦА НОВАЯ ВЫБАРЧАЯ КАМПАНІЯ – У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ”


Ул. інф.

Як паведаміла сёньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, ужо сёлета ў Беларусі ізноў пачнецца выбарчая кампанія. Да 4 сакавіка 2003 году павінны адбыцца выбары ў мясцовыя саветы, а ўказ пра прызначэньне даты выбараў Аляксандар Лукашэнка павінен падпісаць за тры месяцы да таго, то бок, да 4 сьнежня.

(Ярмошына: ) “Я думаю, што гэта будзе альбо канец лістапада альбо пачатак сьнежня”.

Спадарыня Ярмошына зазначыла, што мясцовыя выбарчыя камісіі мусяць быць сфармаваныя неўзабаве пасьля выданьня згаданага ўказу. Такім чынам, палітычным партыям ужо сёлета трэба прапанаваць мяцовым выканкамам кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў. На леташніх прэзыдэнцкіх выбарах шмат каму з апазыцыянэраў адмовілі ў праве ўвайсьці ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, чарговая кампанія будзе "ня менш скаданай, чым прэзыдэнцкія выбары, а ў тэхнічна-арганізацыйным пляне больш складанай". Трэба будзе абраць больш як 1600 мясцовых саветаў – ад абласных да сельскіх. На мінулых выбарах 1999 году было створана каля 25 тысячаў выбарчых акругаў – прыблізна столькі ж будзе й дэпутатаў усіх узроўняў.

Замежных участкаў для галасваньня ня будзе, бо грамадзяне Беларусі са сталым месцам жыхарства за мяжой права выбіраць мясцовыя саветы ня маюць. Затое такое права ёсьць у грамадзян Расеі, якія стала жывуць у Беларусі.

Гэтым удзел расейцаў у беларускіх выбарах абмяжуецца. Хаця яшчэ нядаўна шмат казалі пра выбары ў гэтак званы саюзны парлямэнт і рэфэрэндум пра Канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына на пытаньне пра пэрспэктывы гэтых двух галасаваньняў адказала так:

(Ярмошына: ) “Не, гэтыя пытаньні не абмяркоўваліся пакуль і не абмяркоўваюцца. Што да рэфэрэндуму, я думаю, што падобныя мерапрыемствы трэба праводзіць тады, калі грамадзтва сасьпела й патрабуе. Згаданыя мерапрыемствы, калі й будуць праводзіцца, дык тады, калі зьявіцца рэальная неабходнасьць і калі гэта будзе асэнсавана ня толькі ў Беларусі, а найперш у самым вялікім члене супольнасьці – у Расейскай Фэдэрацыі”.

На пытаньне, ці бачыла яна 4 праекты Канстытуцыйнага акту гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, старшыня Цэнтарвыбаркаму адказала, што нейкі адзін праект адшукала ў Інтэрнэце "зыходзячы з уласнай цікаўнасьці й цікавасьці", але ці разглядаецца ён недзе, яна сказаць ня можа.

Хаця яшчэ ўчора дэлегацыя АБСЭ на чале з Утай Цапф заклікала беларускія ўлады да зьменаў у Выбарчым кодэксе, сёньня Лідзія Ярмошына заявіла, што Выбарчы кодэкс цалкам адпавядае канвэнцыі аб стандартах свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбарах, і таму ён, паводле словаў Ярмошынай, не патрабуе дапрацоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG