Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТ АМЭРЫКАНСКАГА ДАСЬЛЕДНАГА ЦЭНТРУ HERITAGE FOUNDATION – ПРА БЕЛАРУСЬ


Юры Дракахруст, Менск

Удзельнікі: Арыэль Коэн, Аляксандар Рар.

Лукашэнкаўская Беларусь, якая супрацьстаіць любым спробам Захаду хаця б крышачку зрушыць яе па шляху дэмакратыі, нечым нагадвае няўлоўнага Джо зь вядомага анэкдоту. “Што, ніхто злавіць ня можа ? Ды не, нікому непатрэбны”.

Тое праўда, што сёньня галовы і ЗША, і Эўропы занятыя іншым. Зразумела, можна меркаваць, што надзейная схема “рэвалюцыі выбарчых скрыняў” не спацавала ў Беларусі летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў выключна з прычыны нямогласьці беларускай апазыцыі. Такую думку выказвае, напрыклад, дасьледчык зь вядомага амэрыканскага кансэрватыўнага дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн.

(Коэн: ) “Перш за ўсё і ў Нікарагуа ў 1990 годзе, і ў Югаславіі ў 2000 годзе зьмена рэжыму залежыла ад моцы ўнутранай апазыцыі. Апазыцыя ў гэтых краінах рэальна мела вельмі шырокую падтрымку і была добра арганізаваная. На жаль у 2001 годзе ў Беларусі гэта не назіралася.

Ёсьць і іншы момант. Нягледзячы на тое, што Амэрыка безумоўна падтрымала б дэмакратычную ініцыятыву ў Беларусі, гэта не было прыярытэтам амэрыканскай зьнешняй палітыкі. Да таго ж перадвыбарчая кампанія ў Беларусі праходзіла ў той час, калі адміністрацыя Буша толькі-толькі вызначала сваю кадравую структуру. Проста не было кадраў сярэдняга зьвяна, якія маглі б праводзіць у жыцьцё такую палітыку. Так што нам на жаль, відаць, прыйдзецца пачакаць да наступнага разу. Але і тады вынік будзе залежаць ад таго, ці будзе беларускае пытаньне ў сьпісе прыярытэтаў ЗША”.

Гаварыў амэрыканскі дасьледчык Арыэль Коэн.

І ўсё ж відавочна, што ані сьвет, ані Амэрыка ня будуць проста чакаць да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Напрыканцы мінулага году амэрыканскі сэнатар Джэсі Гелмс выступіў з прапановаю прыняць адмысловы закон пра палітыку ЗША адносна Беларусі. Гэтая прапанова прадугледжвае ўвядзеньне сыстэмы жорсткіх эканамічных і палітычных санкцыяў. Прапанова Гелмса, якая ў хуткім часе будзе разглядацца Кангрэсам, выклікала раздражнёную рэакцыю афіцыйнага Менску. Аднак шмат экспэртаў выказвалі меркаваньне, што у такім жорсткім выглядзе прапанова Гелмса наўрад ці будзе прынятая. Да таго ж палітыка ціску можа быць эфэктыўнаю толькі ў тым выпадку, калі праводзіцца ўзгоднена шэрагам краінаў, у прыватнасьці як Амэрыкаю, гэтак і Эўропаю. Ізноў гаворыць Арыэль Коэн.

(Коэн: ) “Джэсі Гелмс зьбіраецца ў адстаўку, ён не зьяўляецца больш старшынём сэнацкага камітэту ў міжнародных справах. У пэўнай ступені ён страціў уплыў, сілу. Аднак трэба сказаць, што для супрацоўнікаў ягонага апарату, якія зараз пайшлі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, пытаньне Беларусі застаецца важным, і магчыма, што некаторае закручваньне гаек мы ўсё ж убачым. Я ня думаю, што будуць прынятыя санкцыі, бо адміністрацыя Буша вельмі неахвотна ідзе на ўвядзеньне санкцыяў, калі жыцьцёвыя інтарэсы ЗША не пастаўленыя на карту. У выпадку Беларусі я ня бачу такой пагрозы.

ЗША вельмі хацелі б, каб і Эўропа націснула на Менск, каб эўрапейскія краіны, асабліва Нямеччына, праводзілі больш жорсткую палітыку ў адносінах да Менску. Мне падаецца, што размовы пра эканамічнае супрацоўніцтва і ўцягваньне Беларусі ў эўрапейскі дыялёг ня знойдуць вялікага разуменьня ў Вашынгтоне”.

У сваім адказе Арыэль Коэн адзначыў менавіта тыя накірункі – эканамічнае супрацоўніцтва і ўцягваньне Беларусі ў эўрапэйскі дыялёг – паводле якіх краіны Эўразьвязу пасьля выбараў і меркавалі весьці сваю палітыку адносна Беларусі. Яшчэ да выбараў палітычнымі дэпартамэнтамі МЗС Нямеччыны і Францыі была распрацаваная дастаткова стройная канцэпцыя будучых адносінаў з Беларусьсю. У кастрычніку ў нашым эфіры вельмі ўплывовы нямецкі дасьледчык Аляксандар Рар казаў пра тое, што ізаляцыя Беларусі – палітыка бясплённая, што дыялёг і эканамічнае супрацоўніцтва прывядзе да мэты, у тым ліку і да дэмакратызацыі краіны, куды хутчэй. Тады спадар Рар, спасылаючыся на меркаваньні і іншых экспэртаў, прагназаваў, што пасьля выбараў Лукашэнка пачне рабіць крокі насустрач Эўразьвязу. Сумніўныя вынікі апошніх сустрэчаў беларускага кіраўніка з прэзыдэнтам Расеі сьведчылі пра слушнасьць гэтых прагнозаў – куды ж падзецца. Але падзеі пайшлі іншым шляхам.

Пра лібэралізацыю, абяцаную Лукашэнкам і чаканую Эўразьвязам, можна казаць толькі зь велізарнай умоўнасьцю. Але патрабаваньне МЗС Беларусі пра зьмяненьні ў мандаце Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ было ўжо наўпроставым выклікам Эўропе. Аднак і гэтым беларуская “дыпляматыя скандалу” не абмежавалася – напрыканцы студзеня было адмоўлена ў візе былому кіраўніку групы АБСЭ Гансу-Георгу Віку. Гаворыць супрацоўнік Нямецкай Рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

(Рар: ) “Мы ў Заходняй Эўропе атрымлівалі шмат сыгналаў зь Менску, што пасьля свайго пераабраньня беларускі прэзыдэнт зьменіць сваю палітыку адносна Эўразьвязу і пойдзе на паляпшэньне адносінаў. Чаму гэтага не адбылося? Мы самі гэтага ня ведаем. Сьвет зьмяніўся пасьля 11 верасьня, і Беларусь неяк апынулася паміж дзьвюма лягерамі: ані разам з Расеяй, якая далучылася да заходняга альянсу супраць тэрарызму, ані ў іншым лягеры, у якім, магчыма, пэўныя сілы хацелі б яе бачыць.

Сапраўды, тое, што беларуская палітыка адносна Эўразьвязу стала больш жорсткаю, гэта відавочна. Аб гэтым тут шкадуюць, бо спадзяваліся на пацяпленьне. Гэта можа быць зьвязана з тым, што сама Беларусь не атрымлівае тых сыгналаў, якіх яна чакае ад Захаду, які заняты іншымі праблемамі і хоча атрымаць ад беларускага лідэра максымум зьменаў. У той жа час і Расея знаходзіцца ў чаканьні. Яна чакае, што Лукашэнка дасьць расейскаму бізнэсу шырокія магчымасьці на беларускім рынку, на што Лукашэнка таксама не пагаджаецца, бо баіцца, што расейскія алігархі могуць яго праглынуць.

Краіна то глядзіць на Расею, то на Захад, заігрывае і з тым, і зь іншым бокам, але ў прынцыпе застаецца ў ізаляцыі, бо неабходныя крокі ў накірунку Захаду, зразумела, мусяць зыходзіць ад Менску”.

Так мяркуе нямецкі дасьледчык Аляксандар Рар.

Дыпляматычнае мастацтва “элегантнага” пераможцы леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ня можа не выклікаць зьдзіўленьня. Мала таго, што ён ня можа (ці ня хоча) скарыстаць, магчыма, кан’юнктурны намер Эўропы зьмякчыць абмежаваньні, што дзейнічаюць у адносінах да Беларусі. У рэшце рэшт і Эўропа не клялася на крыві заўсёды адстойваць мяккую палітыку адносна Менску.

Да таго ж Менск аказаўся няздольным скарыстаць нават натуральную паўзу, зьвязаную з тым, што Захад заняты барацьбою з тэрарызмам. Ізноў гаворыць супрацоўнік цэнтру Heritage Foundation Арыэль Коэн.

(Коэн: ) “Шчыра кажучы, сёньня Злучаным Штатам не да Беларусі. Калі Вы спытаеце шэраговага амэрыканца, што ён думае пра сытуацыю ў Беларусі, ён наіўна спытае ў адказ, дзе гэтая краіна знаходзіцца і ці мае яна дачыненьне да тэрарызму. Таму пакуль спадара Лукашэнку не злавілі за руку на тым, што ён прадае зброю Бін Ладэну, ці Ірану, які перапрадае гэтую зброю Арафату, то Амэрыка ня будзе надта разважаць над сытуацыяй у Беларусі. Гэта сказана ня ў крыўду беларускаму народу ці спадару Лукашэнку, проста ў Вашынгтону сёньня іншыя клопаты.

Аднак паведамленьні пра безадказны продаж зброі, якія зьяўляюцца ў друку час ад часу, могуць выклікаць даволі рэзкую рэакцыю як расейцаў, якія самі хацелі б прадаваць гэтую зброю, гэтак і амэрыканцаў, якія ўдвая больш пільна ставяцца цяпер да безадказных паставак зброі краінам-ізгоям ці краінам, што падтрымліваюць тэрарызм. Сёньня гэта жыцьцёвая пагроза, пагроза бясьпецы ЗША і за “фінты” на гэтым рынку ніхто сп-ра Лукашэнку па галоўцы гладзіць ня будзе”.

Гаварыў амэрыканскі дасьледчык Арыэль Коэн.

Яго меркаваньне пра тое, што Расея будзе абурацца беларускімі пастаўкамі зброі сумніўным пакупнікам, падаецца спрэчным: па меншай меры частка такіх зьдзелак – гэта зьдзелкі расейскіх гандляроў зброяй, у якіх афіцыйны Менск выступае толькі пасярэднікам. Хаця пастаўкі зброі чачэнскім паўстанцам, калі гэта будзе даказана – гэта занадта нават для Масквы.

Але галоўнае – гэта тое, што Беларусь на чале з Лукашэнкам усё меньш упісваецца ў новую расейскую палітыку збліжэньня з Захадам. Афіцыйны Менск чакае, што ў Маскве гэтая, так бы мовіць, “дурь” у хуткім часе пройдзе і Крэмль вернецца да старой палітыкі супрацьстаяньня Захаду. Ізноў гаворыць Арыэль Коэн.

(Коэн: ) “Калі Расея зьбіраецца інтэгравацца ў Эўропу, то савецкі патрыёт Лукашэнка ёй непатрэбны, бо інтэгравацца ў Эўропу з Лукашэнкам цяжэй, чым безь яго. Зразумела, Расея хацела б мець ляяльных ёй людзей у постсавецкіх краінах, але эпоха Лукашэнкі прайшла гэтак жа, як прайшла эпоха Сьмірнова ў Прыднястроўі, і Туркмэнбашы ў Туркмэністане, хаця ўсе гэтыя людзі пакуль знаходзяцца на сваіх месцах. Што тычыцца страты Беларусьсю фармальнага сувэрэнітэту – мне не здаецца, што гэтае пытаньне сур’ёзна знаходзіцца ў маскоўскім парадку дня.

Разьлічваць Лукашэнку на амэрыканскую эканамічную дапамогу не даводзіцца, і вінаваціць тут ён мусіць толькі самога сябе, таму што ён адхіліў усе прапановы па рэфармаваньні беларускай эканомікі, якія зыходзілі ад Усясьветнага банку і МВФ. Ён мог бы паспрабаваць разыграць заходнеэўрапейскую карту, але сёньня з эканамічнага пункту гледжаньня для заходнеэўрапейцаў, гэтак жа, як і для амэрыканцаў, прыярытэтам з’яўляецца Расея і беларускі тэатар дыпляматычных дзеяньняў заўсёды будзе разглядацца, як другарадны”.

На думку амэрыканскага дасьледчыка беларускі кіраўнік у любым выпадку будзе вымушаны мець справу з Эўропаю, пойдзе ён уласна на Захад ці на Ўсход. Аднак, як можна ўбачыць з рэакцыі нашага нямецкага суразмоўцы спадара Рара, новая мяккая палітыка Эўропы адносна Беларусі не прыносіць відавочнага плёну гэтак жа, як і ранейшая жорсткая палітыка. “А можа Эўропа, стаміўшыся ад спробаў разгадаць загадку беларускага сфінксу, проста ўвогуле перастане зважаць на гэтую краіну, так бы мовіць, закрые беларускі гаршчок крышкаю і пачакае гадоў пяць?” – спытаў я Аляксандра Рара.

(Рар: ) “Такая палітыка да дабра не прывядзе. Палітыка ізаляцыі – гэта ня шлях у будучыню. Гэта шлях да далейшых эканамічных цяжкасьцяў, а магчыма і катаклізмаў. Усім зразумела, што ў Расеі няма эканамічных магчымасьцяў, каб дапамагаць беларускай эканоміцы. Сама Расея пры Пуціне рэзка зьмяніла сваё стаўленьне да Захаду. Пуцін цягне Расею на Захад і хоча зрабіць яе часткаю заходняга сьвету. Гэтая палітыка Пуціна стала сюрпрызам для Лукашэнкі. Ізаляваць краіну і ад Захаду, і ад Расеі яму будзе вельмі складана. Ён можа выйграць толькі тады, калі будзе рабіць тое ж, што робіць Пуцін – шукаць шлях на Захад і, ува ўсялякім выпадку, не раздражняць эўрапэйцаў тымі жэстамі, якія цяпер ізноў праяўляюцца ў беларускай палітыцы. Тым больш, што ў адрозьненьні ад амэрыканцаў, якія занялі жорсткую палітыку ў адносінах да яго, я магу ўпэўнена сказаць, што ў Нямеччыне, ува Францыі, у Велікабрытаніі, у большасьці эўрапэйскіх краінаў людзі будуць гатовыя на пэўныя кампрамісы, таму што адчуваюць неабходнасьць супрацоўніцтва і паступовага збліжэньня з Беларусьсю”.

Гаварыў нямецкі дасьледчык Аляксандар Рар.

Паводле его словаў, Эўропа па-ранейшаму трымае дзьверы адчыненымі, хаця ўжо і адчувае пэўнае расчараваньне ад таго, што на запрашэньне да дыялёгу пачула ў адказ лаянку. Пакуль гэтае расчараваньне яшчэ не ператварылася ў адмову ад мяккай палітыкі. Але аргумэнты прыхільнікаў жорсткай лініі з-за акіяну і ў самой Эўропе гучаць цяпер больш пераканаўча. Ізноў гаворыць Арыэль Коэн.

(Коэн: ) “Яшчэ да выбараў Масква, хаця б на ўзроўні рыторыкі, спрабавала дыстанцыявацца ад Лукашэнкі і пасылала сыгнал Вашынгтону, што і яна хацела б зьмены рэжыму ў Менску. Паколькі гэтага не адбылося, Масква вымушаная супрацоўнічаць са спадаром Лукашэнкам, але разумеючы, што ён зьяўляецца чымсьці кшталту непажаданай радні, якую няёмка паказваць чужым. Так што калі ЗША па нейкіх прычынах дадуць зразумець сваім расейскім партнэрам, што няблага было б на наступных выбарах знайсьці кагосьці больш прагрэсыўнага і лібэральнага, то думаю, што Масква з разуменьнем паставіцца да такой прапановы, асабліва калі яна будзе скаардынаваная паміж Вашынгтонам і эўрапейскімі сталіцамі”.

Гэта было меркаваньне супрацоўніка амэрыканскага дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Арыэля Коэна.
XS
SM
MD
LG