Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ПРАДСТАВІЦЬ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПЛЯН ПА ЎВЯДЗЕНЬНІ ВІЗАЎ ДЛЯ ЎСХОДНІХ СУСЕДЗЯЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, Польшча мусіла ўвесьці візавы рэжым для беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў да канца 2001 году, як гэта зрабілі Чэхія і Вугоршчына.

Аднак, як тлумачылі ў Брусэлі прадстаўнікі польскага боку, увядзеньне візаў патрабуе вялізных выдаткаў на разбудову памежнай інфраструктуры: паўстаньне новых консульстваў, навучаньне патрэбных спэцыялістаў і гэтак далей.

Прыкладам, у 2000 годзе Польшчу наведалі каля 6 мільёнаў беларусаў, каля 9 мільёнаў украінцаў і прыкладна столькі ж расейцаў. Тым часам, цягам году ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы ў сьвеце выдалі толькі 185 тысячаў візаў.

Затрымка з увядзеньнем візаў для расейцаў і украінцаў, мела таксама некалькі палітычных прычынаў. Палякі, напэўна, не хацелі парушаць так званы перыяд “пацяпленьня адносінаў”, які нядаўна надыйшоў у стасунках з Расеяй. А Ўкраіна ёсьць стратэгічным партнэрам Польшчы, і польскі бок шматкроць абяцаў, што візы для ўкраінцаў будуць уведзеныя толькі ў дзень далучэньня Польшчы да Эўразьвязу.

Аднак, гэтае абяцаньне Польшча, напэўна, ня зможа выканаць, бо чыноўнікі з Эўрапейскай камісіі настойваюць на як мага хуткім сканчэньні перамоваў у справе візаў. Брусэль рэкамэндуе Варшаве ўвесьці візы ўвесну 2003 году, а ў крайнім выпадку - не пазьней чым за паўгода да ўступленьня ў Эўразьвяз. Гэта значыць, што астатні тэрмін мінае ў чэрвені 2003 году.

Выглядае, што гэтым разам польскі бок зробіць усё, каб не падмануць спадзяваньняў Эўразьвязу. Плян увядзеньня візаў, пасьля зацьверджаньня ўрадам, будзе праз некалькі тыдняў накіраваны ў Брусэль.

Як увесь час падкрэсьліваюць прэзыдэнт і прэм’ер Польшчы – далучэньне краіны ў 2004 годе да Эўразьвязу ёсьць галоўнай задачай польскага кіраўніцтва.

Цяпер Варшава яшчэ мусіць адмовіцца ад міждзяржаўных пагадненьняў у справе бязьвізавага руху грамадзянаў зь Беларусьсю, Расеяй і Украінай. А потым - запэўніць Брусэль, што па ўвядзеньні візаў, польская мяжа, якая мае быць найдаўжэйшай сухапутнай мяжой Эўразьвязу, будзе дастаткова шчыльнай, каб спыніць магчымы наплыў мігрантаў з усходу.

Акрамя гэтага, значныя сродкі будуць патрэбныя для кампэнсацыі стратаў тысячам вытворцаў і гандляроў з памежных ваяводзтваў, якія жывуць коштам дробных чаўнакоў з усходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG