Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІСТ ІВОНКІ СУРВІЛЫ ДА ЗІНАІДЫ ГАНЧАР


ул. інф.

Зь вялікім сумам чытала Ваш ліст ад 1 лютага, так як я чытаю ад верасьня 1999 года ўсе весткі аб лёсе Вашага паважанага мужа Віктара Ганчара. Тым болей разумею Ваш боль, што ў дзяцінстве і мне прыйшлося перажыць падобную трагедыю, калі энкавэдысты “забралі” нявіннага бацьку, і мама цэлы год плакала і старалася ўсяму сьвету даказаць, што ён нічым не правініўся.

Гісторыя на нашай беднай Бацькаўшчыне, на жаль, паўтараецца, а людзі або ня хочуць, або ня здольныя гэтага сабе ўсьведаміць. У сваёй заклапочанасьці здабыць кавалак хлеба, не здаюць сабе справы, што заўтра, магчыма, настане калейка і на іх, і ня будзе ўжо каму іх бараніць.

Дазвольце перад усім Вам сказаць, дарагая спадарыня Ганчар, што Вашыя высілкі бачым мы ўсе і бачыць іх увесь вольны сьвет. Ваш першы адкрыты ліст Барысу Ельцыну яшчэ ў верасьні 1999 году я сама пераклала на ангельскую мову і выслала, разам з маёю асабістаю просьбаю, тагачаснаму міністру замежных справаў Канады, Лёйду Аксуорты. Мне дакладна вядома, што прадстаўнікі канадзкага ўраду ўздымалі гэтае пытаньне на міжнародных форумах. Сябры Рады БНР у ЗША і ў краінах Эўропы таксама пісалі сваім урадам. На жаль, дыктатуру, якая дзяржыцца пры ўладзе сілай, пераканаць можна толькі сілай. Тым болей, калі ёй абыякавы лёс народу.

Уважаю аднак слушнымі Вашыя лісты прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі Ў. Пуціну, бо ў вялікай меры дзякуючы ягонай падтрымцы, “дзеля стратэгічных інтарэсаў Расеі,” Лукашэнка яшчэ знаходзіцца пры ўладзе. На жаль, “стратэгічныя інтарэсы Расей” для сп-ра Пуціна важнейшыя за ўсе парушэньні людзкіх правоў у Беларусі.

Застаецца наш народ. Ігнараваньне злачынстваў і зьдзеку над сваімі людзьмі, над сваімі суседзямі і сваякамі, над сваім краем, над сваёй культурай і мовай, ня ёсьць годным ніякага цывілізаванага народу.

Частка грамадзтва, і асабліва моладзі, гэта зразумела. Калі б моладзь і жанчыны, якія Вам спачуваюць, калі б усе людзі добрае волі, зьяднана і мужна выйшлі на вуліцы гарадоў Беларусі, дамагаючыся адказу на пытаньні адносна лёсу зьніклых – так як людзі ў іншых краінах сьвету выходзяць у абарону сваіх правоў – перамаглі б мы і дыктатуру, бяз зброі і бітваў.

Рада БНР і беларускае нацыянальнае грамадзтва будуць і найдалей дамагацца дапамогі ад вольнага сьвету, каб раскрыць праўду аб лёсе Вашага мужа.

З глыбокай пашанай,

Івонка Сурвілла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG