Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМПАНІЯ АКЦЫЯНАВАНЬНЯ "БЕЛНАФТАХІМУ" ВЫКЛІКАЕ АБУРЭНЬНЕ Ў НЕЗАЛЕЖНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менску лідэры Беларускага незалежнага прафсаюзу абмеркавалі становішча, якое склалася на прадпрыемствах нафтахімічнай галіны ў сувязі з абвешчаным акцыянаваньнем яе вядучых прадпрыемстваў. Як прагучала на паседжаньні, кампанія акцыянаваньня праходзіць на шасьці прадпрадпрыемствах "Белнафтахіму": бабруйскай "Белшыне", наваполацкіх заводах "Нафтан" і "Палімір", гарадзенскім"Азоце" і ў двух аб'яднаньнях "Хімвалакно"(магілёўскім і сьветлагорскім).

Вось, напрыклад, што паведаміў на гэты конт прафсаюзны актывіст Гарадзенскага "Азоту" Генрых Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) "Не разумею, як мы будзем акцыянавацца і з кім. Але ўжо на 7 лютага прызначаная канфэрэнцыя, дзе працоўны калектыў мусіць сказаць акцыянаваньню "так" ці "не". Гэта – па першае. А, па-другое, у нас было бліц-апытаньне работнікаў "Азоту" ў гэтфм пытаньні, і толькі 48% выказалася "за". Інакш кажучы – меншасьць. Я ня ведаю, што скажа працоўны калектыў 7 лютага. Але нам сказалі, што прыватызацыя будзе, што ёсць у нас чатыры патэнцыйныя інвэстары, але непасрэднага кантакту ў нас зь імі не было".

Як высьветлілася, гэткім жа чынам кампанія акцыянаваньня праводзіцца і на іншых прадпрыемствах "Белнафтахіму". У такіх варунках Беларускі незалежны прафсаюз лічыць памылковай падтрымку працэсу прыватызацыі прадпрыемстваў галіны з боку шэраговых работнікаў. Прафсаюз лічыць, што адказнасьць за наступствы цяперашняга акцыянавання павінна несьці ўлада. Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне Радыё Свабода лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Мы прыйшлі да той высновы і рэкамендавалі сваім суполкам, каб дамагацца, што на сходах павінны прымацца рашэньні, каб урад Беларусі выступаў у якасьці ініцыятара прыватызацыі. Па сутнасці ўрад ужо прыняў такое рашэньне аб прыватызацыі, а цяпер ён дамагаецца, каб ініцыятарамі выступілі самі працоўныя калектывы. На мой погляд, гэта робіцца толькі з адной мэтай: каб потым, калі мы ўбачым нэгатыўныя наступствы (а іх будзе вельмі шмат), працоўныя не маглі выступіць у абарону сваіх правоў, бо, маўляў, яны самі выступалі ініцыятарамі. І людзям у сваё апраўданьне сказаць будзе няма чаго".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG