Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОВАЯ РАБОЧАЯ ГРУПА Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПА АБСЭ ЗАНЕПАКОЕНАЯ СТАЎЛЕНЬНЕМ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ ДА КНГ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Ута Цапф у сваім выступе на прэсавай канферэнцыі на першае месца паставіла стаўленьне беларускіх уладаў да Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. Яна адзначыла наступнае:

(Цапф: ) "Першая рэч, натуральна – канфлікт вакол КНГ АБСЭ ў Менску і ейнага новага кіраўніка, патрабаваньне перагляду мандата альбо стварэньня новага мандата. Мы далі ясна зразумець, што палітычнае значэньне КНГ АБСЭ не можа быць перагледжана.е.. Таму вельмі важна як мага хутчэй прыняць новага кіраўніка, не абмяркоўваць мандат групы і вельмі хутка пачынаць працаваць з новым кіраўніком місіі".

На думку сябраў дэлегацыі, у працэсе пошуку паразуменьня паміж міжнароднымі структурамі і беларускімі ўладамі большую актыўнасьць павінны выявіць афіцыйныя структуры Беларусі. Сябра дэлегацыі дэпутатка парляменту Латвіі Хэлена Дэмакава падкрэсліла:

(Дэмакава: ) "Калі беларускі бок гаворыць пра тое, што хоча далучыцца да гэтых структураў, дык адной толькі добрай волі для гэтага недастакова. Ёсьць правілы гульні і іх патрэбна выконваць. Але гэтая цікавасьць (маецца на ўвазе да Беларусі) ня зьнікае ні ў якіх абставінах".

Яшчэ адна праблема, якая часта ўзгадвалася падчас прэсавай канферэнцыі – гэта лёс зьніклых вядомых беларускіх палітыкаў. Сябра дэлегацыі старшыня Палітычнага камітэту парляменту Швэцыі Урбан Алін так акрэсліў пазыцыю дэлегацыі:

(Алін:) "З нашага пункту гледжаньня, вельмі важна, каб было вельмі празрыстым і адкрытым расследваньне, якое б дапамагло вырашыць тыя пытаньні, пра якія вы добра ведаеце".

А кіраўнік рабочай групы дадала, што група будзе кожны раз вяртацца да справы зьніклых, пакуль не атрымае яснага і зразумелага адказу з боку беларускіх уладаў.

Ута Цапф адмовілася прагназаваць, якое рашэньне прыме Сталы камітэт Парляменцкай асамблеі АБСЭ адносна беларускага пытаньня 21 лютага. Яна параўнала такі прагноз з гаданьнем на гушчы ад кавы і дадала, што справай рабочай групы ёсьць толькі маніторынг і рэкамэндацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG