Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАКІ АДЗНАЧАЮЦЬ 65-ГОДЗЬДЗЕ МАСТАКА-ДЫСЫДЭНТА ЛЕАНІДА ЛАПЧЫНСКАГА


Ігар Карней, Менск

Калегі-мастакі дагэтуль называюць Леаніда Лапчынскага "самотным ваўком". Яго не прымалі ў афіцыйных кабінетах, бо адмовіўся стаць партыйным плякатыстам. Ён так і ня стаў сябрам Саюзу мастакоў, бо ізноў жа ня меў неабходных для ўступленьня рэкамэндацыяў. Але нейкім чынам яму ўсё ж ўдалося больш за 30 гадоў адпрацаваць у Менскай мастацкай вучэльні і падрыхтаваць вялікую кагорту вучняў. Вось што прыгадвае мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) "Каб у нармальнай краіне — гэта магла быць такая манаграфія! Лапчынскі — пасьлядоўнік імпрэсіянізму, але на нашай глебе. Гэта першы чалавек, якія адкрываў студэнтам Сэзана, Ван Гога; фактычна нон-канфарміст, які ў савецкія часы ня ўспрыняў той сацрэалізм. З-за гэтага не ўступіў у мастацкую раду. Мастак вельмі цікавы, ёсьць сапраўдныя шэдэўры. Мастак новай плыні, які ўсёй душой не ўспрыняў казённае сацрэалістычнае мастацтва. Ды наагул можна казаць пра пакаленьне 60-70-ых. У Беларусі гэта якраз пакаленьне незапатрабаванае. Абсалютна выкінутае за борт. Вазьміце Генрыха Ціхановіча, Лапчынскага, Аляксея Пятрухну (таксама памёр), у нечым Малішэўскі — яны з гэтай плыні, з кінутага пакаленьня: дзяржаве яны не патрэбныя. Чыноўнікам патрэбныя, як і ў ранейшыя часы, тыя, хто ляяльна да іх ставіцца і хто іх ухваляе".

Удава Леаніда Лапчынскага ад моманту сьмерці мужа спрабуе рэабілітаваць імя мастака, але плёну ў гэтай справе пакуль няшмат. Гаворыць Лідзія Лапчынская.

(Лапчынская: ) "Да гэтага часу не адчынілася ягоная мастацкая майстэрня для дэманстрацыі палотнаў. Так і не пабачыў сьвету праект каталёгу ягоных твораў. Вельмі шкада. Чаму так сталася, што здольны чалавек, які 32 гады працаваў, стаў нікому не патрэбны і нават “шкодны” для дзяржавы? Пасьля ягонай сьмерці адразу была разрабаваная майстэрня: 250 карцінаў зьнікла. Зьніклі дакумэнты на майстэрню, зьніклі каштоўныя інструмэнты, іншыя атрыбуты. Але ж гэта ўсё магло (і яшчэ можа быць) музэем. Увесь гэты час я намагаюся перад уладамі, каб гэта ня зьнікла канчаткова. Бо творчасьць Лапчынскага належыць усім нам".

Паводле успамінаў, Лапчынскі адным зь першых пачынаў шлях на Курапаты: гэта таксама было сюжэтнай лініяй ягоных твораў. Але багатая спадчына, паводле жонкі мастака, раскрадзеная. Гаворыць Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) "Мабыць і скралі працы, бо рыскаюць такія "ваўкі", якія, ведаючы каштоўнасьць гэтых працаў, злачынным чынам іх зьбіраюць".

(Карэспандэнт: ) "Ці гэтыя працы насамрэч маюць высокую мастацкую каштоўнасьць на Захадзе?"

(Марачкін: ) "Так. Ня ўсе, натуральна, бо толькі ў благога мастака ўсё добра. Але каштоўнасьць твораў вельмі высокая. Як на мой погляд, дык колісь гэта было адкрыцьцё".

Удава Лапчынскага упэўненая, што выбітнай асобе няма месца ў неправавой дзяржаве. Прынамсі, амаль усе законы, якія быццам павінны выступаць на баку творцаў, насамрэч указваюць, якія ідэалягічныя функцыі мастак павінен выконваць. Ці не таму сёньня для бальшыні шэраговых грамадзянаў прозьвішча Лапчынскага ўжо наўрад ці пра што кажа?
XS
SM
MD
LG