Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕЙТЭНАНТ ДЗЯВЯТКІН ХАЦЕЎ ДОБРА ПАБАВІЦЬ ЧАС СА ЗБРОЯЙ?


Валер Каліноўскі, Менск

Начальнік аддзела Вайсковай пракуратуры Беларусі Віктар Сомаў сказаў Радыё Свабода, што ў пракуратуры зараз "запарка", усе вельмі занятыя, таму камэнтаваць сытуацыю ён не мае часу, але ў інтэрвію агенцтву БелТА паведаміў, што ўдзельнікі гэтых уцёкаў – адзін афіцэр і трое жаўнераў – з дапамогай зброі зьбіраліся здабыць алькаголь, харчу і "весела правесьці час".

Прынамсі, так вайсковая пракуратура тлумачыць іхны учынак паводле першых матэрыялаў сьледзтва. У Беларускай вайсковай пракуратуры мяркуюць, што "матывамі для злачынства сталіся асаблівасьці характару і нежаданьне падпарадкоўвацца статутным патрабаванням".

Стала таксама вядома, што падзеі адбываліся ў 356-м асобным мотастралковым батальёне 120-й мэханізаванай брыгады, што месьціцца ў менскім мікрараёне Уручча. У Радзе Бясьпекі паведамляюць, што гэтыя дзеяньні разглядаюцца як вынік папярэдняй змовы афіцэра і жаўнераў.

Лейтэнант Аляксандр Дзявяткін асабіста раззброіў дзяжурнага па часьці маёра Адамовіча, калі той прыехаў правяраць каравул, прыставіўшы яму свой пісталет да скроні. На дзяжурнай грузавой машыне разам з маёрам Адамовічам і рэштай каравула (дзевяць чалавек) у якасьці закладнікаў лейтэнант Дзявяткін і трое ягоных саўдзельнікаў рухаліся ў бок Раўбічаў, дзе ў іх сапсавалася машына.

У Астрошыцах, што зусім непадалёкак ад адной з загарадных рэзідэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі, афіцэр і трое жаўнераў былі затрыманыя ў выніку буйнамаштабнай апэрацыі сілавых міністэртсваў. Як афіцыйна паведамляецца – без аніводнага стрэлу. Захапіў іх спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Самога Паўлічэнкі пад час гэтай аперацыі не было – кіраваў атрадам ягоны намесьнік Мікалай Кашыраў.

Тым ня менш, за гэтае затрыманьне ўзброеных вайскоўцаў вядучы перадачы "Панарама" на БТ Юры Казіятка назваў атрад Паўлічэнкі "экадронам жыцьця" ў процівагу абвінавачваньням Паўлічэнкі ў арганіазцыі гэтак званага "эскадрону сьмерці", які зьнішчаў апазыцыйных дзеячоў.

Супраць Аляксандра Дзявяткіна і трох жаўнераў распачатая крымінальная справа за парушэньне Статута гарнізоннай і каравульнай службаў, крадзёж зброі і захоп закладнікаў.

Вось што на гэты конт мяркуе былы міністар абароны Беларусі у 92-94 гадах Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “У Беларускім войску за тры гады майго кіраўніцтва Мінабароны з 92 па 94 гады гэткіх выпадкаў не было. А вось ва ўзброеных сілах былога СССР такія інцыдэнты здараліся, але гэта як правіла рабілі людзі, у якіх ці псыхіка надламаная ці яшчэ што. Здаровы чалавек на такое ня пойдзе. Бывалі такія выпадкі ня толькі з удзелам жаўнераў, але і афіцэраў, але вельмі рэдка”.

Павал Казлоўскі назваў гэты выпадак надзвычай рэдкім і дзікунскім. На ягоную думку, матывы злачынства магчымыя самыя розныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG