Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ МІЖНАРОДНЫ СЫМПОЗЫЮМ "РАЗНАСТАЙНАСЬЦЬ МОВАЎ І КУЛЬТУРАЎ У КАНТЭКСЬЦЕ ГЛЯБАЛІЗАЦЫІ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ініцыятарам міжнароднага сымпозыюму, які плянуецца правесьці 9-10 ліпеня сёлета, выступіў Саюз пісьменьнікаў і ягоная старшыня Вольга Іпатава. Яна лічыць, што гэта мерапрыемства, на якое зьбіраюцца запрасіць вядомых ўсясьветных інтэлектуалаў у тым ліку генэральнага сакратара UNESCO Кайчыра Мацуора, ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі з шэрагу краінаў, і прыцягнуць увагу да праблемы захаваньня беларускай мовы й культуры з боку міжнароднай супольнасьці.

А праблема гэтая сапраўды сур'ёзная. Паводле Вольгі Іпатавай, цяпер толькі 29% беларускіх школьнікаў вучыцца ў сярэдніх школах па-беларуску й гэтая лічба стала скарачаецца. Няма ніводнай вышэйшай навучальнай ўстанову зь беларускай мовай выкладаньня, ці хаця б зь беларускамоўнымі плынямі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў праўда спадзяецца, што становішча ў гэтай справе можа зьмяніць нядаўна прынятыя палатай прадстаўнікоў папраўкі да закону аб адукацыі, паводле якіх у кожным населеным пункце Беларусі мусяць быць беларускамоўныя школы, а ў ВНУ беларускамоўныя плыні. Пры ўмове, што гэты закон будзе выконвацца, а не сабатавацца. Прадстаўнікі ж уладаў лічаць, што вялікіх праблемаў ў справе беларусізацыі не йснуе. Гаворыць старшыня Нацыянальнай камісыі ў справах UNESCO ў Беларусі Ўладзімер Шчасны:

(Шчасны: ) "З большага нашы ўлады ня супраць таго, каб насельніцтва гаварыла па-беларуску ці каб больш шырэй выкладалася беларуская мова. У першую чаргу трэба, каб насельніцтва хацела навучацца на гэтай мове й размаўляць на гэтай мове ды ведаць іншыя мовы".

UNESCO падтрымала просьбу беларускай інтэлігенцыі ды пагадзілася прафінансаваць правядзеньне сымпозыюму. Дарэчы, нядаўна гэтая арганізацыя прыняла адмысловую дэклярацыю ў справе захаваньня разнастайнасьці нацыянальных моваў і культураў у пэрыяд глябалізацыі. У рамках падрыхтоўкі да сымпозыюму ў Беларусі пройдзе шэраг круглых сталоў па разнастайных праблемах мовы й культуры. Гаворыць Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) "Пачынаючы нейкую акцыю, тут нельга адразу вылічыць, што будзе канкрэтна зроблена й якія будуць вынікі. Галоўнае заявіць аб праблемах. А калі праблемы заяўляюцца, то грамадзтва, калі яно зацікаўленае само высоўвае праблемы, праекты, якія пасьля будуць ратаваць мову й культуру".

Прадстаўнікі ТБМ, Пэн-цэнтру ды іншых грамадзкіх арганізацыяў таксама спадзяюцца, што правядзеньне сымпозыюму ў любым выпадку прынясе станоўчы плён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG