Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЯЦАНАЯ ЛУКАШЭНКАМ ЛІБЭРАЛІЗАЦЫЯ НЯБАЧНАЯ ДЛЯ ЭЎРОПЫ І ДЛЯ САМІХ БЕЛАРУСАЎ, ПІША "FRANKFURTER ALLGEMEINE"


Алена Панкратава, Менск

"Пасьля элегантнай перамогі на выбарах Лукашэнка заняўся генэральнай прыборкай," – так назваў свой артыкул Маркус Венэр, маскоўскі карэспандэнт "Frankfurter Allgemeine", які першы сярод эўрапейскіх журналістаў паведаміў чытачам пра “эскадрон сьмерці”. Як піша журналіст, цягам апошніх трох месяцаў беларускі дыктатар не саромеючыся робіць усё што хоча: саджае за краты кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, імкнецца нават "зачысьціць" місію АБСЭ ў Менску. Паводле словаў старшыні парлямэнцкай рабочай групы АБСЭ Уты Цапф, усе гэтыя захады сьведчаць аб верагодным абвастрэньні стасункаў паміж Захадам і Беларусьсю. Сама сытуацыя, па сутнасьці, нагадвае "халодную вайну".

"Нядаўняя адстаўка кіраўніка менскай місіі Ганса-Гёрга Віка, – піша Маркус Венэр, – нарэшце дала Лукашэнку магчымасьць уздыхнуць з палёгкай. Беларускі дыктатар неаднойчы кідаў на адрас 74-гадовага дыплямата нэрвовыя папрокі: маўляў, ён "рыхтуе змагароў, якія ўдзень назіраюць за выбарамі, а ўначы дастаюць з-пад ложкаў зброю". Што тычыцца Віка, то ён, зразумеўшы, што Лукашэнка ігнаруе любую спробу дыялёгу з апазыцыяй, пачаў, згодна з паўнамоцтвамі АБСЭ, засяроджвацца на справе яднаньня апазыцыі і на стварэньні сеткі назіральнікаў за леташнімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Як піша франкфурцкі журналіст, тое, што апазыцыя выставіла на выбарах адзінага кандыдата Ганчарыка, а частка вышэйшай намэнклятуры падтрымала гэтую кандыдатуру, натуральна, не абышлося без былога кіраўніка нямецкай выведкі BND. Зразумела, беларускі лідэр ня мог дачакацца адстаўкі амбасадара. Асабістая нянавісьць беларускага лідэра зайшла надзвычай далёка: ня так даўно Віку "адпомсьцілі" чарговы раз - адмовілі ў прыватнай беларускай візе.

Цікава, што ў складаных адносінах з афіцыйным Менскам нечакана апынуўся і пераемнік Віка Эбергард Гайкен, – працягвае "Frankfurter Allgemeine". Маркус Венэр не выключае, што Лукашэнку хапіла ўжо аднаго немца. Новы кандыдат у амбасадары АБСЭ, 66-гадовы юрыст і кар'ерны дыплямат, які ў савецкі час працававаў у нямецкім дыпляматычным ведамстве ў Маскве, без сумневу, мае досьвед таго, як супрацьстаяць магчымым інсынуацыям КГБ. Для Лукашэнкі, верагодна, гэта Вік нумар два, і рашэньне адносна ягонай акрэдытацыі будзе максымальна адцягвацца.

Як сьведчыць спадарыня Цапф, ейныя надзеі наконт таго, што Лукашэнка пасьля выбараў будзе праводзіць больш адкрытую палітыку, ня спраўдзіліся. Нягледзячы на тое, што верасьнёўскія выбары былі, па-сутнасьці, фарсам, АБСЭ і Эўразьвяз прызналі ізаляцыю Беларусі памылковай. Аднак - лічыць Ута Цапф - ў Менску адразу палічылі, што Захад мусіць зьняць сваю блякаду ў любым выпадку. Абяцаная Лукашэнкам лібэралізацыя для Эўропы такая ж нябачная, як і для саміх беларусаў,- піша "Frankfurter Allgemeine".
XS
SM
MD
LG