Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ АДМЫСЛОВАЙ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ РЫХТУЕ СПРАВАЗДАЧУ ДЛЯ СТАЛАГА КАМІТЭТУ ПА АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Адносна беларускага парлямэнту ў ПА АБСЭ існуе канцэпцыя "пустога крэсла". На думку міжнародных парлямэнтароў, паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня ўжо скончыліся, а так званая «палата прадстаўнікоў» абраная недэмакратычным шляхам. Але беларускія ўлады штогод у лютым уздымаюць пытаньне наконт прызнаньня «палаты» паўнавартасным парлямэнтам. Таму і прыяжджае рэгулярна ў Беларусь дэлегацыя адмысловай рабочай групы. Вось як ацэньвае яе цяперашні візыт старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) "Па гэтай дарозе мы ўжо некалькі разоў езьдзілі. Працэдура звычайная — рабочая група павінна дакласьці на Сталым камітэце, якая сёньня рэальная сытуацыя і ці ёсьць нейкія перамены. Перамены -- гэта значыць, ці ёсьць падставы для перагляду той сытуацыі, якая склался ў гэтай міжнароднай арганізацыі. Паводле нашага перакананьня, такіх падставаў няма, і мне падаецца, што пасьля ўсіх сустрэч такое ж перакананьне будзе і ў сяброў рабочай групы".

Эўрапейскія парлямэнтары сустракаюцца з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі, урадавых структураў і няўрадавых арганізацыяў. Апазыцыя, напрыклад, вуснамі палітыкаў Лябедзькі, Скрыган, Бухвостава, Стужынскай і іншых пераконвала дэлегацыю ў тым, што ніякіх станоўчых зьменаў у краіне не назіраецца. Больш за тое, улады ігнаруюць любыя спробы "навесьці масты", адхіляюць канструктыўныя прапановы. Напрыклад, без адказу засталіся ініцыятывы апазыцыі разгледзець праект альтэрнатыўнага бюджэту, альтэрнатыўную эканамічную праграму і іншыя.

Міжнародных парлямэнтароў уразіў такі факт: на просьбу аб дапамозе ад сваякоў зьніклых беларускіх палітыкаў не адгукнулася ніводная з 14 жанчын -- дэпутатак так званай «палаты прадстаўнікоў». Дарэчы, сёньня дэлегацыя сустракалася з жонкамі Віктара Ганчара, Зьмітра Завадскага і Анатоля Красоўскага, жонкай і маці Андрэя Клімава. Міжнародным парлямэнтарам перадалі ліст да кіраўніка ПА АБСЭ Адрыяна Севярына, у якім яго просяць падтрымаць ідэю стварэньня незалежнай міжнароднай камісіі ў справе зьніклых.

Між тым, як паведаміла сёньня Ірына Красоўская, жанчыны атрымалі адказ на падобны ліст ад кіраўніцтва Эўрапарлямэнту. Кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі, Украіны і Малдовы Ян Віерсма напісаў, што на зварот эўрапарлямэнтароў да Аляксандра Лукашэнкі, які быў накіраваны яшчэ ў снежьні, адказу дагэтуль няма.

Сёньня ж падчас сустрэчаў з кіраўнікамі абедзьвюх палатаў так званага «нацыянальнага сходу» Паповым і Вайтовічам, міністрам замежных справаў Хвастовым сябраў дэлегацыі спрабавалі пераканаць, што сытуацыя ў Беларусі зьмяняецца ў лепшы бок, што Беларусь яшчэ толькі вучыцца дэмакратыі, і што міжнародным структурам трэба абавязкова ўлічваць гэтыя абставіны.

«Якое ўражаньне засталося ў Вас пасьля сустрэчы з дэлегацыяй, якія высновы можа яна зрабіць пасьля візыту ў Беларусь?» На гэтае пытаньне адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка.

(Хадыка: ) "Мне падаецца, што дэлегацыя ня вельмі ўпэўненая ў посьпеху сваёй місіі. І гэта ўжо пэўны крок наперад, таму што мяне асабіста турбаваў той аптымізм, які быў прадэманстраваны спадарыняй Цапф у канцы лістападу мінулага года. Мне здаецца, што зараз у дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ёсьць больш рознабаковае ўяўленьне, больш аб'ёмнае ўяўленьне пра тую сытуацыю, якая існуе ў Беларусі".
XS
SM
MD
LG