Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ З РАКАВЫМІ ЗАХВОРВАНЬНЯМІ


Галіна Абакунчык, Менск

Змрочныя прагнозы экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя спраўдзіліся: на пачатак трэцяга тысячагодзьдзя ў сьвеце на рак штогод хварэюць 20 мільёнаў чалавек, палова зь іх памірае. Паводле спэцыялістаў, у пэрспэктыве найбліжэйшыя 20 гадоў небясьпечнае першынство будуць трымаць краіны пераходнага пэрыяду, якой ёсьць й Беларусь.

Асаблівую вострыню праблеме ракавых захворваньняў у краіне надаюць наступствы чарнобыльскай катастрофы, хоць многія лекары, асабліва ў рэгіёнах, спрабуюць замаўчаць праблему. Да прыкладу, злаякасную пухліну нагі ў 17-гадовага Васіля Сілівоніка зь Берасьця мясцовыя дактары доўгі час называлі сухотамі касьцей. Таму лекарам зь Дзіцячага анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах замемт лекаваньня прыйшлося рабіць апэрацыю.

(Сілівонік: ) "Спачатку ў Берасьці паклалі ў шпіталь. Cухоты лячылі – ня тое зусім лячылі. Тут зрабілі "кампутар" – усё. Паказала, што пухліна. Трэцяга студзеня зрабілі апэрацыю. Было б добра, каб адразу правільна дыягназ паставілі".

Кожныя 16 хвілінаў у аднаго з нашых суайчыньнікаў дыягназуюць рак, а за дзень такіх рэгіструюць 90 чалавек. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што анкалёгія пакуль займае другое месца, але вельмі хутка выйдзе на першае, прычым у міжнародным маштабе. Прычынай імклівага распаўсюду раку спэцыялісты называюць кепскае харчаваньне й дрэнныя звычкі, але галоўнае – наступствы чарнобыльскай аварыі. Менавіта з выбухам у Чарнобылі зьвязвае рак нырак у свайго 11-гадовага сына Сяргея Вольга Братчык з Жыткавічаў.

(Братчык:) "Мы раней жылі ў "зоне", у Нараўлянскім раёне. Мы перасяленцы. Мой сын нарадзіўся менавіта там. Перасяліліся ў Жыткавіцкі раён, калі Сярожу было паўтара года. Ён доўга не гаварыў. Калі Сярожа захварэў, для нас гэта было моцным ударам. Ды й цяпер ня можна прывыкнуць. Падключаны ўвесь час да капельніцы, блёк хіміі праходзіць. Таму ўжо пятыя суткі нікуды не выходзім."

Цяпер у гэтак званай "зоне" жыве пятая частка насельніцтва Беларусі. Гэта амаль два мільёны чалавек, у тым ліку дзеці. Таму толькі ў Бараўлянах штогадовы курс лекаваньня праходзяць больш за тры тысячы малых. Рэспубліканскі анкалягічны цэнтр амаль цалкам адпавядае міжнародным стандартам паводле тэхнічнага й матэрыяльнага забесьпячэньня. Аднак нават найсучасныя тэхналёгіі яшчэ ня здольныя цалкам вылечыць людзей хворых на рак. Гаворыць мэдычная сястра адзьдзяленьня дзіцячай анкалёгіі Сьвятлана Пташнік:

(Пташнік: ) "Дзеці ёсьць вельмі цяжкія, якім ужо нічым нельга дапамагчы. Цяжка бачыць, што робіш – і ўсё дарэмна. Гэтая ўся абстаноўка прыгнятае".

На завяршэньне мінулага году хворых на рак у Беларусі было зарэгістравана 167 тысячаў 239 чалавек. Штогод іхная колькасьць павялічваецца прыкладна на 8 тысячаў. 30% ад агульнай колькасьці анкалягічна-хворых паміраюць штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG