Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРАЧКІН: “КРЫЖ – ГАЛОЎНЫ СЫМБАЛЬ КУРАПАТАЎ”


Ганна Соусь, Менск

Адметна, што ў майстэрні Аляксея Марачкіна дагэтуль захоўваецца эскіз курапацкага крыжа, які ён зрабіў напрыканцы васьмідзесятых. Потым, як і многія, ён нёс на сваіх плячах ужо рэальны крыж ад будынку КГБ ва ўрочышча. Лёс мастака шчыльна зьвязаны з нацынальным нэкропалем і цяпер.

Летась 8 лістапада, калі бульдозэры валілі крыжы, Аляксей Марачкін быў разам з валанцёрамі. І цяпер у грамадзскай ініцыятыве "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" мастак узначальвае рабочую групу, якая выпрацоўвае канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў.

(Марачкін: ) "Безумоўна, найважнейшую ролю ў адкрыцьці Курапатаў адыграў Зянон Пазьняк. І маральнае права менавіта яго – гаварыць уголас, як зрабіць так, каб гэтае сьвятое месца не парушыць. Я памятаю, як Зянон сабраў нас, мастакоў і зацікаўленых асобаў тады яшчэ на Дзімітрава, 3 (дарэчы лёс гэтага будынка вядомы). Я, Маркавец, Кулік, Купава – мы думалі пра тое, які жа зрабіць, знак, сымбаль? Безумоўна, самы асноўны – гэта крыж".

Аляксей Марачкін узгадвае, як праводзіўся конкурс на лепшы мэмарыял у Курапатах. Тады ён браў удзел у абмеркаваньні праэктаў.

(Марачкін: ) "І тады гэты конкурс нічога не даў, бо падыход быў савецкі. Я ўзгадваю гэтыя праэкты, яны мне нагадвалі, усё роўна, што Брэсцкай крэпасьцю былі гэтыя вялізарныя манумэнты. Фактычна, нічога новага там не было, і я зараз думаю, дзякуй Богу, што не ўзьвялі. Ведаеце, урывацца ў гэтую сьвятую мясьціну з гэтымі мэмарыяльнымі комплексамі, гэта дужа небясьпечна. Гэта магло быць яшчэ горш, чым цяпершняя дарога праз Курапаты".

Аляксей Марачкін цяпер працуе над канцэпцыяй мэмарыялізацыі Курапатаў. Надоечы ён абмяркоўваў яе ў Лёндане з айцом Аляксандрам Надсанам, і той ухваліў канцэпцыю, выпрацаваную актывістамі грамадзскай ініцыятывы.

(Марачкін: ) "Курапаты, гэтыя магілы, гэтыя сосны маўклівыя – гэта й ёсьць той храм, які павінен быць. Ніякага мэмарыяла, ніякага будаўніцтва там ня трэба рабіць. Сымбаль Курапатаў - гэта крыж, і ён ужо пастаўлены. Адзінае, што яго трэба зрабіць больш даўгавечным. А далей гэтая алея - не парушаючы ніводнай сьцяблінкі, ніводнай галінкі, ідуць крыжы, праваслаўныя й каталіцкія. Там можна ўстанавіць камень для тых габрэяў, якія там загінулі, нейкі знак, каб ушанаваць другія нацыі. У нас ёсьць беларускія традыцыі, гэта значыць, што кожны добры могільнік павінен быць аздоблены агароджай. Павінен быць уваход, брама. Магчыма, каля брамы невялічкая каплічка, каб там заўсёды гарэлі сьвечкі".

Гэткая канцэпцыя мэмарыялізацыі Курапатаў будзе прадстаўленая для абмеркаваньня ў наступную пятніцу на чарговым паседжаньні грамадзскай ініцыятывы "За выратаваньнен мэмарыялу Курапаты". Паводле Аляксея Марачкіна, рэалізацыя канцэпцыі не патрабуе шмат грошай, да таго ж можна зрабіць і наступныя захады.

(Марачкін: ) "І калі б адкрылі агульны рахунак, то нават па даляру, па рублю, па капейцы мы маглі б сабраць грошы самі й зрабіць добраўпарадкаваньне Курапатаў".

Дарэчы гэтая праца ўжо распачатая. У мінулую суботу на талацэ ў Курапатах былі ўсталяваныя слупкі, якія пазначаюць межы мэмарыялу. А калі растае сьнег, мяркуе Аляксей Марачкін, можна будзе пачаць добраўпарадкаваньне ўрочышча, узьвядзеньне агароджы й брамы.
XS
SM
MD
LG