Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

* Рэжысэр Арына Волах завяршае працу над фільмам пра мастака Алеся Пушкіна. Стужка атрымала назоў няіснай інтэрнэтайскай адрэсы “www.рushkin.by”, бо закранае праблемы захаваньня чалавечае ідэнтычнасьці ў інфармацыйную эру. Фільм вельмі лірычны: твар скандальна вядомага героя не зьяўляецца ў кадры ніводнага разу, камэра ўвесь час назірае за працалюбнымі й пяшчотнымі рукамі мастака. Фундатарамі стужкі выступілі землякі Пушкіна з Крупскага раёну – дрэваапрацоўчая фірма “Пільня” й фэрмэрская гаспадарка “Васілёк”.

* Дзеля скарачэньня выдаткаў і ўзмацненьня кантролю над мастацкімі выданьнямі Міністэрства культуры пастанавіла аб’яднаць часопіс “Мастацтва” й газэту “Культура” ў холдынг пад назовам-абрэвіятураю “КіМ”. Мяркуецца, што кіраваць холдынгам будзе супрацоўніца Міністэрства інфармацыі Ліліяна Анцуг, а цяперашнія рэдактары часопісу “Мастацтва” й газэты “Культура” Аляксей Дудараў і Людміла Крушынская стануцца ейнымі намесьнікамі. Чакаецца значнае скарачэньне штатаў абодвух выданьняў.

* У Магілёўскім краязнаўчым музэі праходзіць выстава францускіх габэленаў. Усе 56 твораў уяўляюць сабой узоры-копіі насьценных дываноў, што пабачылі сьвет на Парыжскай фабрыцы габэленаў на працягу яе 300-гадовае гісторыі. Арыгіналы тых дываноў сёньня аздабляюць сьцены найбуйнейшых мастацкіх музэяў і прэзыдэнцкіх палацаў Эўропы.

* Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Дражын агучыў на калегіі Міністэрства культуры дырэктыву Лукашэнкі шукаць пазабюджэтныя крыніцы фінансаваньня й узьняць самаакупнасьць установаў культуры зь 10 да 30 %. У якасьці прыкладу было згаданае Міністэрства адукацыі, дзе самаакупнасьць дасягнула ўжо 36 %. Паводле Дражына, Міністэрства культуры прасіла ў дзяржавы на гэты год 17 мільярдаў рублёў, але атрымала пакуль толькі 2,5 мільярды.

* Начальнік упраўленьня культуры Берасьцейскага абласнога выканкаму Раман Бысюк паведаміў нашаму карэспандэнту, што ў мэтах эканоміі ў бліжэйшы час на Берасьцейшчыне мяркуецца зачыніць каля 50 вясковых клюбаў і яшчэ 18 клюбаў аб’яднаць зь бібліятэкамі. Будуць зьліквідаваныя 14 кінаўстановак. Агулам пад скарачэньне штатаў трапяць 163 работнікі культуры. Мяркуецца рэзка ўзьняць кошты на квіткі ў музэі ды канцэртныя залі, а таксама — плату за навучаньне дзяцей у школах мастацтва.

* 5 лютага ў Гомелі мае адчыніцца галерэя народнага мастака Беларусі імпрэсіяніста Гаўрылы Вашчанкі. Ураджэнец Гомельшчыны, ён вырашыў ахвяраваць калекцыю сваіх твораў землякам. Новая галерэя месьціцца ў будынку былога дзіцячага садку на вуліцы Карповіча, 4. На першым паверсе будуць праходзіць часовыя выставы, а на другім атабарылася сталая экспазыцыя палотнаў самога Вашчанкі, а таксама — ягонае жонкі Матыльды й некаторых сяброў, агулам — каля 200 карцінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG