Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЯ ВЕРАЦЬ, ШТО ПАДВЫШЭНЬНЕ ТАРЫФАЎ ВЫРАШЫЦЬ ПРАБЛЕМЫ ГАРАДЗКОГА ТРАНСПАРТУ


Галіна Абакунчык, Менск

Зь сённяшняга дня кошты на гарадзкі транспарт у Беларусі павялічыліся ў паўтары разы: адна паездка цяпер каштуе 120 (замест ранейшых 80 рублёў) альбо 60 рублёў – для пасажыраў-ільготнікаў. Аднак абедзьве гэтыя катэгорыі – за рэдкім выключэньнем – аднолькава незадаволеныя новымі тарыфамі. І ўсе без выключэньня перакананыя, што рост коштаў праблемы транспартнай галіны ня вырашыць. На пытаньне “Што вы думаеце пра падвышэньне тарыфаў на праезд у гарадзкім транспарце?” сёньня ахвотна адказвалі жыхары беларускай сталіцы. Вось іх меркаваньні на гэты конт:

“Пры сёньняшнім узроўні жыцьця гэта зашмат для людзей”.

“Ну што рабіць, дзяржаве трэба дапамагаць. Я за”.

“Гэта вельмі дрэнна, бо грошай нам не дабаўляюць, а за праезд даводзіцца плаціць больш.”

“Ну трэба, мусіць, заробак сьпярша павышаць”.

“Заробак у нас нізкі, палітыкі ўвесь час нам кажуць, маўляў, імкнемся да сусьветных стандартаў, кошты набліжаем да сусьветных стандартаў… А пра заробак чамусьці маўчаць”.

“Я ежджу бясплатна, мне ўсё адно. Але, вядома, гэта дарагавата”.

“Мяркую, нармальна. Даўно час пераходзіць на самаакупальнасьць. Сумнеўна, канешне, што будзе лепей езьдзіць, бо аплата, тарыфы не зьвязаныя з акупальнасьцю аўтобусаў і тралейбусаў”.

Ці стане езьдзіць лепш пасьля падвышэньня коштаў? Адказы менчукоў:

“Лепш у транспарце? Ня думаю”.

“Я думаю, што так і будзе. Будзем езьдзіць на тым, што ёсьць”.

“Ня будзе лепей. Усё адно пасажыраў будзе шмат”.

“Кіроўцы ад гэтага, пэўна, таксама нічога мець ня будуць”.

Гарадзкія ўлады вымушаныя канстатаваць вялікую зношанасьць аўтатранспартнага парку: 65% аўтобусаў, 64% тралейбусаў і 55% трамваеў можна запісваць ў “старыя”. Каб абнавіць парк да ўзроўню 1990 году, неабходна штогод набываць па 230 аўтобусаў, 170 тралейбусаў і 27 трамваяў. Аднак з прычыны адсутнасьці сродкаў за ўвесь мілулы год удалося набыць удвая меньшую колькаць. Таму кошты на праезд будуць расьці й надалей – перакананы незалежны экспэрт Валеры Дашкевіч.

(Дашкевіч: ) “Унікнуць гэтага ў прынцыпе няможна. Канешне ж, лепш было б падвышаць кошты павольна і паклапаціцца пра кампэнсацыю насельніцтву. Трэба памятаць, што ў Расеі і Ўкраіне праезд нашмат даражэйшы. Нашыя кошты ніжэйшыя, і на жаль, гэта наўрад ці апраўдана. Трэба было стварыць умовы, каб чалавек мог зарабіць і спакойна заплаціць безь вялікай страты для свайго бюджэту. А для гэтага неабходны цэлы комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку і рынкавага характару”.

У бліжэйшы час плянуецца істотна падвысіць кошт праезду на прагарадных й міжгародніх маршрутах. Новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць пасьля апублікаваньня адпаведнай пастановы.
XS
SM
MD
LG