Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТРЭШЧЫНЫ Ў БЭТОНЕ“ – БРЫТАНСКІ ЧАСОПІС ECONOMIST ПРА БЕЛАРУСЬ


Аляксандар Лукашук, Прага

На здымку, які суправаджае артыкул – кіраўнік Беларусі ў чырвона-зялёнай хакейнай фуфайцы пад нумарам 99 і подпіс: “Яны ўсе – шайбы ў руках Лукашэнкі”. Аднак артыкул зусім не пра зімовую Алімпіяду ў Солт-Лэйк-Сіті.

Нават падчас алімпіяды ў Нагана, калі Лукашэнка быў легітымным прэзыдэнтам, ягоны прылёт у Японію, мякка кажучы, ня выклікаў захапленьня ў краіны-арганізатара гульняў; у ЗША ягоны візыт проста немагчымы. Не дадуць візы. “Ці нарэшце нешта зьмяняецца у пакутнай Беларусі?” – так пачынаецца артыкул “Трэшчыны ў бэтоне“. Пасьля аглушальнай перамогі ў сфальсыфікаваных выбарах здавалася, што няма спадзеваў на перамены ў самай недэмакратычнай краіне Эўропы – аднак брытанскі часопіс Economist піша пра дзве перамены пасьля выбараў у Беларусі.

Адна перамена была да горшага. Сп. Лукашэнка, на падставе сумнеўных абвінавачаньняў, пачаў саджаць у турму кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. Што дзіўна, бо трактары і лядоўні – у ліку нешматлікіх вырабаў, якія Беларусь можа прадаваць. Сапраўдная віна гэтых кіраўнікоў – яны недастаткова моцна падтрымалі прэзыдэнта на выбарах.

Больш дзіўнай і абнадзейваючай пераменай, на думку Economist, стала незадавальненьне у шэрагах кіруючай эліты. Economist цытуе старшыню так званай ”рады рэспублікі” Вайтовіча, які крытычна выказаўся пра кіраваньне дэкрэтамі, якія рыхтуюцца вузкім колам экспэртаў, а таксама пра адмову ў візе амбасадару Гансу Гёргу Віку. Інтэрвію было надрукаванае ва ўласнай прэзыдэнцкай газэце, якая даволі дарэчы называецца ”Советская Белоруссия”, адзначае Economist.

Часопіс таксама цытуе дэпутата так званай ”палаты прадстаўнікоў” Васіля Хрола, які выступіў з крытыкай адмовы ад лібэралізацыі эканомікі – гісторыя нам не даруе, калі гэтая стагнацыя працягнецца. Economist таксама прыводзіць самакрытычныя выказваньні мінсітра замежных справаў Хвастова і іншых і задаецца пытаньнем – як зрэагуе Лукашэнка. У мінулым тыя, хто выступаў супраць, зьнікалі, верагодна, яны былі забітыя. Сп Вайтовіч ды іншыя – ці вельмі сьмелыя людзі, ці ім надта надакучыла. Альбо яны адчуваюць павевы пераменаў.

Ці сапраўды ў бэтоне беларускай аўтарытарнай улады зьявіліся трэшчыны, наколькі яны глыбокія, як можа разгортвацца сытуацыя – гэтыя пытаньні будуць абмяркоўвацца за круглым сталом Радыё Свабода заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG