Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЗЬБІРАЮЦЦА ЎЗЯЦЬ ПАД КАНТРОЛЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ САЦЫЯЛЯГІЧНЫХ ІНСТЫТУТАЎ І ЦЭНТРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня аб'яднаньне "Беларускія фабрыкі думкі", якое аб'ядноўвае паліталягічныя й сацыялягічныя дасьледчыцкія цэнтры, праводзіла штоквартальны брыфінг, прысьвечаны вынікам дасьледваньняў сацыяльна-эканамічнага ды палітычнага жыцьця Беларусі. Галоўнае пытаньне, што абмяркоўвалі навукоўцы – які варыянт паводзінаў на нутранай і міжнароднай арэне абярэ для сябе беларуская ўлада пасьля сумнеўнай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 9 верасьня – лібэральны ці жорсткі. Большасьць аналітыкаў лічыць, што ўціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць узмоцніцца. І для гэтага меркаваньня ёсьць сур'ёзныя падставы.

Так, дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледваньняў доктар Алег Манаеў паведаміў, што ўлады маюць намер у самы бліжэйшы час абмежаваць дзейнасьць яго ды іншых падобных установаў, увёўшы абавязковае ліцэнзаваньне сацыяльных дасьледваньняў у Беларусі. Днямі ў Беларускую асацыяцыю сацыёлягаў прыйшоў ліст з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у якім паведамляецца пра такі намер уладаў. Незалежныя дасьледчыкі-сацыёлягі не сумняюцца, што такім чынам улады вырашылі адпомсьціць сацыёлягам за тое, што яны правялі й агучылі вынікі дасьледваньня, паводле якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў на выбарах 9 верасьня ня 75%, а толькі 55% галасоў выбаршчыкаў. Ўладзімер Ганчарык, адпаведна, – не 15%, а 28 %.

Гаворыць доктар Алег Манаеў:

(Манаеў: ) "Мы лічым, што, умоўна кажучы, дайшла чарга й да нас. але мы лічым, і таму прынялі заяву, што гэта тычыцца ня толькі навуковай супольнасьці. Страты наносяцца мільёнам беларускіх грамадзянаў, якія будуць пазбаўленыя свайго канстытуцыйнага права на атрыманьне сваечасовай ды дакладнай інфармацыі, гарантаванага артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Будуць нанесеныя страты й міжнароднаму прэстыжу Беларусі, ўскладнёны яе ўваход ва ўсясьветную супольнасьць. Пацерпіць і сама ўлада, бо пазбавіцца альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі і аналіза неабходных для прыняцьця абгрунтаваных рашэньняў, без якіх немагчыма правядзеньне нутранай і зьнешняй палітыкі, якая б адпавядала інтарэсам беларускіх грамадзянаў".

Спадар Манаеў паведаміў, што пра гэтае рашэньне ўладаў яны абавязкова праінфармуюць сябраў рабочай групы ў справах Беларусі Па АБСЭ, якія прыедуць у Менск пасьлязаўтра.

А праблемы ў беларускіх уладаў сапраўды сур'ёзныя, і найперш у эканоміцы – лічаць навукоўцы. Паводле кіраўніка дасьледчыцкага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, улады штучным чынам паднялі перад прэзыдэнцкімі выбарамі сярэдні заробак людзей да 100 даляраў. Гэткім чынам яны нанесьлі вялікія страты буйным прадпрыемствам. Леанід Заіка прагназуе, што неўзабаве ў Беларусі могуць быць заведзены тысячы крымінальных справаў супраць усіх дырэктараў буйных заводаў.
XS
SM
MD
LG