Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК НА БУЙНЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАХ САЛІГОРСКУ


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Гарнякі вытворчага аб’яднаньня "Беларуськалій" у страйку ўдзелу не бралі.

Старшыня Салігорскага гарадзкога страйкаму і Беларускага незалежнага прафсаюзу Віктар Бабаед патлумачыў Радыё Свабода, што яшчэ ўчора страйкавы камітэт заклікаў работнікаў "Беларуськалія" ня ўдзельнічаць у страйку. Прычына ў тым, што пазаўчора Менскі абласны суд прызнаў незаконнай маючую адбыцца акцыю, за якую выказаліся на мітынгу 11 студзеня салігорскія рабочыя. Удзельнікі мітынгу, нагадаю, пратэставалі супраць вядомай сьнежаньскай пастановы Саўміна, што скасавала ранейшы парадак збору сяброўскіх прафсаюзных складак праз заводзкія бухгалтэрыі. У гэтай сытуацыі, зазначыў Віктар Бабед, у выпадку страйку ўлады мелі б усе юрыдычныя падставы сурова пакараць прафсаюзныя арганізацыі "Беларуськалія" і нават скасаваць іх на аб'яднаньні.

Аднак наёмныя работнікі астатніх буйных прадпрыемстваў места, будаўнікі, настаўнікі ды мэдыкі, паводле інфармацыі Віктара Бабаеда, правялі страйк, у якім удзельнічалі некалькі тысячаў чалавек.

А вось што адказалі на мае пытаньні адносна свайго ўдзелу ў сёньняшнім страйку работнікі прадпрыемстваў "Калінка " і "Унівэрсал", зь якімі я сустрэўся падчас абедзеннага перапынку непадалёку ад заводзкіх прахадных. Паводле зразумелых прычынаў, яны не называлі сваіх імёнаў:

"Так, страйкую. Я поўнасьцю падтрымліваю патрабаваньні прафсаюза. Мой страйк заключаецца ў тым, што я пакінула сваё працоўнае мейсца роўна на пяць хвілін".

"Скажыце, шаноўны, Вы таксама бастуеце?"

"Да, конечно. Еслі скажут нам профсоюзы есчо поддержать, будем поддержівать до тех пор, пока это будет нужно, чтобы защітіть все наші інтересы."

"Сегодня я на пять мінут покінула своё рабочее место, но это сделала так по відімості, как ушла по делам".

- распавядалі рабочыя.

Сёньня прафкамы "Беларуськалія" завяршылі двухдзённыя перамовы з дырэкцыяй аб’яднаньня наконт захаваньня тых пунктаў калектыўнага пагадненьня, якія датычаць збору сяброўскіх складак праз бухгальтэрыю. Але да згоды не прыйшлі. Цяпер, паводле Віктара Бабаеда, у шахцёрскіх прафсаюзных арганізацыяў застаўся адзіны аргумант – уступленьне ў калектыўную спрэчку з адміністрацыяй. Што можа прывесьці да сапраўднага, а не сымбалічнага страйку, заўважыў Віктар Бабаед.
XS
SM
MD
LG