Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ ПАРЭ АЛЯКСАНДАР ШЫШЛОЎ: НЕДАВЕР РАСЕІ ДА БЕЛАРУСІ ЗЬВЯЗАНЫ ЗЬ ФІГУРАЙ ПРЭЗЫДЭНТА


Вольга Караткевіч, Потсдам

Прыпынены статус Беларусі як адмыслова запрошанай у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Афіцыйны Менск, дэпутаты так званай Палаты прадстаўнікоў рэгулярна гавораць, што праблема сяброўства Беларусі ў згаданых арганізацыях – пытаньне вельмі кароткага часу. Пра пэрспэктывы аднаўленьня гэтай прысутнасьці і стаўленьне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна да сытуацыі ў Беларусі ў інтэрвію Свабодзе гаворыць віцэ-прэзыдэнт фракцыі лібэралаў і рэфарматараў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, член фракцыі “Яблоко” Аляксандар Шышлоў.

(Шышлоў: ) “Перадусім гэта залежыць ад самой Беларусі і тых зьменаў, якія будуць адбывацца ў палітыцы, ва ўнутранай палітыцы, у гатовасьці беларускіх уладаў прыняць абавязацельствы, якія павінныя выконваць усе дзяржавы-сябры Рады Эўропы. Перадусім гэта выкананьне Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека, прызнаньне юрысдыкцыі эўрапейскага суду ў Страсбуры. Я як чалавек з Расеі, дэпутат Дзярждумы, сябра лібэральнай партыі "Яблоко" вельмі зацікаўлены, каб Беларусь была ў Радзе Эўропы, бо мы хочам, каб нашым суседам і краінай, зь якой наш шмат зьвязвае, была дэмакратычная дзяржава. Але гэта пытаньне да Беларусі, бо зараз Беларусь, на мой погляд, вельмі далёкая ад тых крытэрыяў, якімі павінныя кіравацца дзяржавы- сябры Рады Эўропы і, калі гіпатэтычна дапусьціць, што Беларусі вернуты статус, дапусьціць, што Беларусь стала сябрам Рады Эўропы, – гэта азначала б дэвальвацыю каштоўнасьцяў Рады Эўропы, азначала б прызнаньне таго, што Рада Эўропы ня можа дамагацца выкананьня сваіх прынцыпаў”.

(Караткевіч: ) “Існуюць розныя меркаваньні што да таго, як Расея ставіцца да палітычнай сытуацыі ў Беларусі – ад таго меркаваньня, што Расея падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку як хаўрусьніка, да меркаваньня пра чыста прагматычнае стаўленьне. На Вашую думку, чым адрозьніваецца стаўленьне Расеі Пуціна ад стаўленьня Расеі Ельцына, калі яно адрозьніваецца?”

(Шышлоў: ) “Усё ж як прадстаўнік фракцыі, якая невялікая і мае адрозную пазыцыю ў Дзяржаўнай Думе, я б не рызыкнуў даваць заключэньні ад імя афіцыйных уладаў. Адно відавочна, што стаўленьне стала значна больш прагматычным. Я думаю, што гэта добра. І для Расеі, і для Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Я б хацела закрануць актуальную зараз праблему – арышты кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, якія працуюць на расейскім рынку. На Ваш погляд, ці ёсьць тут сувязь, ці гэта адна з інтэрпрэтацыяў журналістаў?”

(Шышлоў: ) “Не, я нядумаю, што гэта чыста журналісцкія спэкуляцыі. Я думаю, што за гэтым сапраўды стаіць барацьба інтарэсаў, у тым ліку эканамічных, магчымасьць доступу да рэсурсаў, да прыбытковага бізнэсу. Бо Расея і Беларусь гістарычна мелі вельмі шчыльную каапэрацыю вытворчасьці. Натуральна, у тых выпадках, калі гэтая каапэрацыя працягваецца і разьвіваецца, гэта дае перавагу тым, хто можа гэта зьдзяйсьняць. Таму тут, відаць, пераплеценыя і палітычныя, і эканамічныя інтарэсы”.

(Караткевіч: ) “Аляксандар, беларускія палітыкі, гаворачы пра Расею, адзначаюць пасіўную рэакцыю Расеі ў зьвязку са зьнікненьнем людзей у Беларусі, палітычных апанэнтаў улады і тых, хто зьвязаны з Расеяй – я маю на ўвазе апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага. Ці калі прысутнічае гэтая тэма ў палітычных дыскусіях?”

(Шышлоў: ) “Думаю, што яна не займае таго месца, якое павінна была б займаць, калі сыходзіць з прынцыпаў, якія мы падзяляем, што самае галоўнае – гэта чалавечае жыцьцё, каштоўнасьць жыцьця чалавека – гэта самае галоўнае. Але зьвязана гэта з тым, што, нягледзячы на блізкасьць, існуе ўзаемны недавер і адчужэньне. Для Расеі гэта зьвязана перадусім з фігурай прэзыдэнта Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Зараз зьмяніліся дачыненьні паміж ЗША і Расеяй, адбываецца паразуменьне ў падыходах да важных міжнародных праблемаў. Вы ведаеце пра катэгарычную пазыцыю ЗША ў дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі. Як Вы лічыце, узгадненьне пазыцыяў ЗША і Расеі можа паўплываць на зьмену палітыкі Расеі ў дачыненьні да Беларусі?”

(Шышлоў: ) “Я думаю, што той паварот, які зьдзейсьніла Расея пасьля верасьнёўскага тэракту, удзел Расеі ў антытэрарыстычнай кааліцыі, увогуле дастаткова дакладныя заявы вышэйшага кіраўніцтва Расеі пра эўрапейскую арыентацыю – яны вельмі важныя. Гэта стратэгічна важнае рашэньне і яно, на мой погляд, правільнае. Я спадзяюся, што гэты выбар будзе пацьверджаны і прыняты і грамадзтвам, і палітычнай элітай. У Расеі сытуацыя супярэчлівая. З аднаго боку, мы маем удзел Расеі ў антытэрарыстычнай кааліцыі, арыентацыю на супрацоўніцтва з эўрапейскімі краінамі, інтэграцыю ў міжнародную супольнасьць. Зь іншага боку, у Расеі ёсьць і адваротныя тэндэнцыі. Мы бачым пастаяннае імкненьне пабудаваць кіраваную дэмакратыю ў Расеі, мы бачым вялікія праблемы са свабодай СМІ, асабліва з тэлебачаньнем. Мы бачым і новы ўсплёск шпіёнаманіі. Напрыклад, я не магу не сказаць пра справу Пасько, які нядаўна быў асуджаны, на мой погляд, на аснове прыдуманых абвінавачваньняў. Таму сытуацыя неадназначная. Зараз мы ня можам сказаць, як гэта паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні. Я б хацеў спадзявацца, што ў Беларусі з часам тыя сілы, якія выступаюць за дэмакратычнае развьцьцё, будуць больш уплывовымі. Я проста перакананы, што гэта адзіна магчымы шлях, каб дзяржава ў 21-ым стагодзьдзі забясьпечыла дабрабыт, нармальнае жыцьцё сваім грамадзянам, – толькі дэмакратычны шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG