Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДБЫЛАСЯ СУСТРЭЧА ПАМІЖ ПРАДСТАЎНІКАМІ ПОЛЬСКАГА І БЕЛАРУСКАГА МЗС


Аляксей Дзікавіцкі, Менск

У Менску адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі польскага і беларускага міністэрстваў замежных справаў на ўзроўні дэпартамэнтаў. Як растлумачыў напярэдадні Радыё Свабода дырэктар Дэпартамэнту сыстэмы інфармацыі і адначасова прэсавы сакратар польскага міністэрства замежных справаў Багуслаў Маеўскі, “сустрэчы такога кшталту зьяўляюцца звыклай працоўнай руцінай і ня маюць асаблівага палітычнага значэньня”.

Аднак у часе апошняй сустрэчы польскі бок закрануў шэраг важных праблемаў польска-беларускіх адносінаў.

У часе перамоваў прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Польшчы выказалі занепакоенасьць стаўленьнем беларускіх уладаў да польскай нацыянальнай меншасьці, у прыватнасьці, нядаўнімі спробамі ападаткаваць гуманітарную дапамогу з Польшчы, а таксама апісаць з гэтай нагоды маёмасьць гарадзенскай сядзібы Зьвязу палякаў.

“Стаўленьне дзяржавы да нацыянальных меншасьцяў ёсьць, сярод іншага, паказьнікам узроўню дэмакратыі у дадзенай краіне,” – сказаў кіраўнік дэлегацыі, дырэктар дэпартамэнту Эўропы польскага МЗС Марэк Ендрыс ды выказаў надзею, што гэтая праблема будзе “разьвязаная станоўча”.

Як паведамляе польская прэсавая агенцыя, у часе сустрэчы польскі бок таксама нагадаў прадстаўнікам беларускага МЗС, што актывізацыя стасункаў на найвышэйшым узроўні паміж Варшавай і Менскам будзе магчымая толькі ў тым выпадку, калі на Беларусі “пачнуцца пазытыўныя зьмены ў галіне правоў чалавека, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, а таксама будзе высьвятлены лёс зьніклых апазыцыйных палітыкаў”.

У часе кансультацыяў палякі таксама паведамілі, што набліжаецца тэрмін увядзеньня візаў для беларусаў. Аднак дырэктар Марэк Ендрыс падкрэсьліў, што праз увядзеньне візаў польскі бок ня мае намеру пабудаваць “жалезную заслону” на ўсходняй мяжы Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG