Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІЗЫЧНЫЯ НЕДАХОПЫ ЛЮДЗЕЙ ВА ЎСЬВЕДАМЛЕНЬНІ БЕЛАРУСАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) “Усе мы такія, якімі нас стварыла прырода і сам Бог. Нехта высокі, а нехта нізкі, адзін тоўсты, а іншы хударлявы, хтосьці бляндын, а хтосьці руды. Усе мы шмат чым падобныя адзін да аднаго.

Але калі сярод нас раптам сустракаецца гарбун, касавокі, занадта калматы, то ўсе іншыя характарыстыкі робяцца ўжо неістотнымі, а на чалавека навешваецца усё адно як ярлык. І гэты ярлык на роўні нават падсьвядомасьці вызначае нашае стаўленьне да гэтага — непадобнага — чалавека.

Сёньня і пойдзе размова пра культурны статус адхіленьняў ад нормы ў чалавечай зьнешнасьці”.

(Валодзіна: ) “Як вядома, канцэпт, паняцьце нормы ёсьць вызначальнай катэгорыяй традыцыйнай культуры. Тое, што норме адпавядае, апісвае яе, успрымаецца як станоўчае, добрае, правільнае, Божае, сваё. У той жа час любыя ад гэтае нормы адхіленьні як бы аўтаматычна адводзяцца да процілеглых полюсаў адпаведных апазыцыяў. І тады гэтыя “ненарматыўныя” рысы пачынаюць успрымацца як адмоўнае, дрэннае, непатрэбнае, грахоўнае і нават чортава, чужое”.

(Ракіцкі: ) “Самая відавочная вонкавая загана — крывата: ці гэта касавокасьць, напаўсьлепата ці кульгавасьць. Ужо клясычным стаў вобраз кульгавага д’ябла. А як наш чорт — гэтаксама крывы?”

(Валодзіна: ) “Крывы. І ня можа быць іншым ужо з тае прычыны, што крывата ў сымбалічнай мове народнай культуры — самы яскравы знак прыналежнасьці да сьвету нячыстай сілы. Толькі вось крывата яго беларусамі тлумачыцца па-свойму:

“Чорт зьляпіў з гліны воўка і, не пазнаўшы Бога, стаў вуськаць: “Кусі, воўк, яго! Кусі, воўк, яго!” Але гліняны воўк не крануўся зь месца. Тады Бог цюкнуў: “Кусі, воўк, чорта!” Воўк рынуўся да чорта і ўхапіў яго за нагу. Ратуючыся, чорт ускочыў на першае ж дрэва, але параненая нага гэтак і засталася крывою”.

Тут жа цікава прыгадаць і казачных Каргу, бабу Карготу і нават Бабу Ягу, якая гэтаксама выяўляецца крывою — Баба Яга касьцяная нага”.

(Ракіцкі: ) “А ў дачыненьні да чалавека? Чаму той жа кульгавы чалавек — пакрыўджаны лёсам — сустракаў такое зацятае непрыманьне?”

(Валодзіна: ) “Бо бачылася ў ім паралель да чорта, што сагнуў небараку паводле свайго ўзору. У беларусаў процьма праклёнаў якраз і арганізаваная праз насыланьне на чалавека крывізны: “Каб яго сагнула у крук”; “Каб табе ручкі ў кручкі, ножкі ў качарожкі”; “Каб цябе зьвіла да скруціла”.

На рытуальным роўні такія погляды адбіліся ў чарадзейскай практыцы загібаць заломы, скрыўляць каласы дзеля таго, каб наклікаць хваробу і сьмерць. Як у адпаведным прыгаворы: “Як каліўца пагнуліса-паламаліса, каб так таго немач сагнула, зламала рукі й ногі, хто гэтую завітку зачэпіць”. І таму ў кожным крывым чалавеку бачыўся аднавяскоўцам патэнцыйны чарадзей”.

(Ракіцкі: ) “Свайго кшталту крывізной ёсьць наяўнасьць гарба на плячох. А што з гэтамі бядотнікамі? У кожнага з нас на памяці экранныя і кніжныя гарбуны-адшчапенцы”.

(Валодзіна: ) “Такое ж стаўленьне да гарбатых было і ў нас. Бачыліся ў іх служкі д’ябла, зацятыя чарнакніжнікі, што маюць гэтую загану як Божае пакараньне за грахі. Але было і звычаёвае тлумачэньне: вінавацілі іх матак, што, будучы ў цяжку, пераступалі праз розныя крывыя прадметы — дугі, абручы і да т. п.”.

(Ракіцкі: ) “Усё ж адхіленьнем ад нормы лічылася поўная ці частковая адсутнасьць валасоў, прасьцей кажучы, лысіна. Як успрымаюць у нас лысых і што пра іх кажуць?”

(Валодзіна: ) “Самай папулярнай ёсьць характарыстыка лысага чалавека як разумнага. Так і кажуць: “Шмат будзеш ведаць — галава аблысее”; “Валасы ад вялікага розуму павылезьлі” ці нават “Дурная галава не лысее”.

Акрамя таго, паэтычныя тэксты актуалізуюць яшчэ адну рысу лысага — юрлівасьць ды асаблівую мужчынскую моц: “А чаго ты, лысы, без валос астаўся? — А таго, што рана зь дзеўкамі спазнаўся”. Дарэчы, у асобных кантэкстах гэтыя здольнасьці нават аб’ядноўваюцца. Так, і сёньня кажуць: “Калі лысіна сьпераду — дужа разумны, калі ззаду — многа гуляе, а калі праз усю галаву — гуляе з розумам”.

Падобныя выказваньні адбіваюць архаічнае разуменьне адзінства верхніх і ніжніх патэнцыяў, інтэлектуальнай (духоўнай) і фізычнай моцы”.

(Ракіцкі: ) “А як упісаць ў гэтыя ўяўленьні цэзуру ў каталіцкіх сьвятароў? Ці няма тут супярэчнасьці?”

(Валодзіна: ) “Нават гэты звычай у народзе растлумачылі менавіта з названага гледзішча: распавядаюць, што аднойчы ўпадабаў ксёндз адну маладзіцу ды пачаў да яе заляцацца. А тая толькі і чакала выпадку, каб яго правучыць. Села яна ў гумне на сена і чакае:

“Як толькі паказалася ксяндзова галава, яна адной рукой схваціла за валасы, а другой хацела заехаць моцную аплявуху. Ксёндз са страху шарахнуўся ўбок і з крыкам “Ратуйце!” разам з драбінаю бразнуўся на ток. А пасма ксяндзовых валасоў засталася ў жмені ў жанчыны. І тады ўсім ксяндзам было загадана галіць цемя — як напамінак, што да жанчыны хадзіць — вялікі грэх”.

Але калі казаць сур’ёзна, выстрыганьне валасоў, штучнае стварэньне лысіны мае месца ў рытуалах пераходнага тыпу, калі такім чынам пазначаецца зона кантакту зь іншымі сьветамі. Лысіна — гэта месца, адкрытае да ўспрыманьня рознага роду сыгналяў, у тым ліку і з тагасьвету з шырокім спэктрам яго насельнікаў — ад Бога да д’ябла”.

(Ракіцкі: ) “Але ж д’ябал і сам у беларусаў завецца лысым чортам”.

(Валодзіна: ) “Адсутнасьць валасоў, як і іншыя адхіленьні ад нормы, выступаюць у традыцыі як крытэр замагільля. Але этымолягі даказваюць, што паходзіць слова ‘лыс’ ад індаэўрапейскага кораню са значэньнем ‘сьвяціць’. І таму эпітэт ‘лысы’ ў дачыненьні да чорта можна тлумачыць як паказаньне на яго адрознасьць ад іншых — магчыма, гэта чорт, што мае асаблівыя адзнакі”.

(Ракіцкі: ) “Словам, лысыя ў народных паданьнях, як і ў жыцьці, у асноўным мужчыны. Жанчынам пашанцавала…”

(Валодзіна: ) “Не зусім — калі зьвярнуцца да старадаўніх аповедаў. Асабліва калярытная тут Бурая баба — ва ўяўленьнях палешукоў гэта жонка вупыра, кабеціна без вушэй альбо бяз носу, якая адну нагу трымае пад пахай ці чухае ёю сваю лысую галаву.

Згодна зь сярэднявечнымі помнікамі, лысіну маглі мець і ведзьмы, што бралі ўдзел у шабасах на Лысых (заўважым — на Лысых) гарах. Адмысловымі мазямі мазалі яны сабе ня толькі пад пахамі, але і на лысіне. Д’ябал жа менавіта там шкрабаў сваім кіпцем, ставячы пячатку-адзнаку”.

(Ракіцкі: ) “Лысых у тагачасных вёсках успрымалі адметна. Можа, ім прысьвячаліся нават рытуалы?”

(Валодзіна: ) “Існуе павер’е, што калі хочуць выклікаць вецер, належыць знайсьці ды дражніць лысага дзеда. А яшчэ пры вялікіх маразох пералічвалі лысых, як гэта распавядалі Аляксандру Сержпутоўскаму:

“Толькі тады маразы спалі, як наш Хвядос выскачыў з хаты голы, схапіў доўбню ды давай перыць аб вугал. Смаляне раз ды й назаве лысага, смаляне ў другае ды й назаве другога. Гэтак налічыў ён дванаццаць лысых. І за кожным разам казаў: “Пятрусь лысы, трэсьні мароз! Антось лысы, трэсьні мароз!” Дак от кажэце, толькі ён тое зрабіў, як паваліў сьнег, да такі, што й сьвету не відаць”.

(Ракіцкі: ) “А каму “пашанцавала”: таму, хто мае густыя валасы, ды яшчэ ўдалую бараду? Той, відаць, раўнуецца ўжо не да чорта, а да сьвятога?”

(Валодзіна: ) “І да сьвятога таксама, бо ўспрымаліся валасы як засяроджаньне асаблівай сілы і прыхільнасьці бостваў. Але і тут належная мера. Празьмерная валасатасьць раўнавалася да поўсьці самых розных дэманаў, а яе ўладальнікам гэтаксама прыпісвалі чарадзейскія здольнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Ну, а калі з колькасьцю валасоў усё нармальна, але колер іх, скажам, ня дужа звычны — прыкладам, рыжы?”

(Валодзіна: ) “І тут спрацоўвае ўсё тая ж схема: калі не такі як усе — значыць, у хаўрусе з чортам. Рыжы і зьяўляецца ў пары з лысым: “Бойся лысых ды рыжых: лысы дужа разумны, а рыжы надта хітры”. Ды і ў запісах часта ўзгадваюцца асабліва моцныя чарадзеі з рудымі бародамі й вогненна-яркімі валасамі”.

(Ракіцкі: ) “Ствараецца ўражаньне, што кожны хоць колькі адрозны ад шэрае масы — альбо чорт, альбо чарадзей. Ці ня надта катэгарычна?”

(Валодзіна: ) “Справа ў тым, што кожная анамалія, кожнае больш-менш заўважнае адхіленьне ад нормы ўспрымаюцца як вынік іншасьветнага ўмяшаньня, як свайго роду рэпліка тагасьвету. Але ж і гэтак званая божая іскра, талент — гэтаксама пячатка засьветаў. Так і становяцца людзі непадобнымі да іншых абавязкова заўважнымі, здольнымі кампэнсаваць сваю непадобнасьць неардынарнасьцю ды яскравасьцю натуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG