Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПІКЕР “ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ” СТАВІЦЬ ПАД СУМНЕЎ МАГЧЫМАСЬЦЬ ПРАВЯДЗЕНЬНЯ АБЯЦАНЫХ ЭЎРОПЕ СЛУХАНЬНЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Калі журналісты пачулі ад Вадзіма Папова цьверджаньне пра тое, што ён ня лічыць вырашаным пытаньне наконт парлямэнцкіх слуханьняў пра мараторый на пакараньне сьмерцю, то вельмі зьдзівіліся.

Яшчэ чатыры дні таму тым жа журналістам старшыня камісіі “палаты” Аляксей Ваганаў пасьля вяртаньня са Страсбургу казаў, што беларуская дэлегацыя і ён асабіста запрасілі прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы на гэтыя слуханьні.

Спадар Папоў даў наступнае тлумачэньне гэтай супярэчнасьці:

(Папоў: ) “У той час, калі вялася прапрацоўка, сытуацыя была адна. Але ж сытуацыя ў сьвеце зьмяняецца. Ад таго, што правядзем парлямэнцкія слуханьні, сутнасьць праблемы ня зьменіцца. Калі на гэтым будзе пастаўленая кропка, гэта можна разгледзець. Калі да гэтага будзе падрыхтавана цэлая сэрыя новых патрабаваньняў — гэта будзе зусім іншы падыход”.

У Страсбургу ПА Рады Эўропы да чатырох добра вядомых патрабаваньняў міжнародных арганізацыяў да Беларусі вылучыла яшчэ тры: правесьці парлямэнцкія слуханьні наконт мараторыя на сьмяротнае пакараньне і новага законапраекту аб мэдыях, а таксама ўвесьці пасаду амбудзмэна.

І толькі пасьля выкананьня гэтых умоваў можна будзе ўзнавіць абмеркаваньне праблемы вяртаньня Беларусі статусу “адмыслова запрошанага” ў Парлямэнцкай Асамблеі. Мяркуючы па словах Папова, беларускія ўлады баяцца, што пасьля згаданых умоваў могуць зьявіцца новыя.

Чым можна патлумачыць такія паводзіны уладаў? На пытаньне адказвае Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Язык гаворыць адно, галава думае другое. Толькі такім чынам я магу пракамэнтаваць разыходжаньні, якія ёсьць у выказваньнях Ваганава ў Страсбургу і Папова — у Менску. Відавочна, што статус дэлегацыі ня вызначаны дакладна і няма яснага фармату іх паўнамоцтваў у Страсбургу. Яны паводзяць сябе там такім чынам: хочуць спадабацца эўрапейскім дэпутатам.

А Папоў у Страсбургу не бывае. Ён у Менску жыве, і жыве рэальным жыцьцём. Таму, я думаю, што гэтыя разыходжаньні ёсьць матэрыялам для дэпутацкага аналізу ў Страсбургу. Каб у іх было разуменьне: тыя, хто прыяжджаюць у Страсбург, кажуць не заўсёды тое, што будзе насамрэч”.
XS
SM
MD
LG