Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ КЛЯШЧУК: “Я НЕ АБ’ЯДНОЎВАЮ ПАНЯТКІ БЕЛАРУСІ Й ПРЭЗЫДЭНТА”


Міхась Скобла, Менск

З часу вынаходніцтва францускім навукоўцам Люі Жакам Мандэ Дагерам фатаграфіі мінула ўжо 160 гадоў. За гэты час зьявіліся кіно й тэлебачаньне — канкурэнты, спадужнікі фатаграфіі, але яна й ня думае здаваць свае пазыцыі. Сёньня з намі ў “Вольнай Студыі” фотамастак Анатоль Кляшчук.

(Міхась Скобла: ) “Цягам нашае гутаркі мы закранем розныя тэмы, а пачнем з высьвятленьня: дык у чым, Анатоль, табе бачыцца перавага фотаімгненьня над хвілінай відэастужкі?”

(Анатоль Кляшчук: ) “У кожнага віда мастацтва ёсьць свае перавагі. Усё залежыць ад таго, чаму ты, як мастак, належыш, чаму ты адданы. Я падпарадкуюся стыхіі фатаграфіі, яна для мяне галоўная. І я цаню менавіта спыненае фотаапаратам імгненьне”.

(Скобла: ) “Ты ўжо многа гадоў бярэш удзел у розных прэстыжных фотавыставах. Мінулай вясной ты выстаўляўся ў Нью-Ёрку, у ААН. Гледачамі, я так разумею, былі прадстаўнікі дыпляматычнай эліты сьвету. Якія былі іхныя водгукі, і якія ў цябе засталіся ўражаньні ад той выставы?”

(Кляшчук: ) “Уражаньні засталіся добрыя, паколькі сама выстава была арганізаваная з дапамогай Ірляндзкага чарнобыльскага фонду на вельмі высокім роўні. Водгукі дыпляматаў таксама былі станоўчыя. Але для мяне галоўнае, што шараговыя амэрыканцы, жыхары Нью-Ёрку змаглі наведаць тую выставу.

Калі я прыяжджаў яшчэ раз паглядзець, як праходзіць выстава, то бачыў там шмат людзей з засяроджанымі тварамі. Значыць, чарнобыльская тэма й сёньня, праз 15 гадоў пасьля катастрофы, хвалюе людзей. Ня кожнаму шчасьціць паказаць свае працы ў штаб-кватэры ААН, многія фотамастакі нават гатовыя плаціць за гэта грошы. І для мяне нью-ёрская выстава — вяршыня маёй творчай дзейнасьці, нягледзячы на тое, што я многа дзе выстаўляўся — у Брусэлі, у будынку Эўрапарлямэнту, у Даніі, Нямеччыне, Польшчы, у Вільні”.

(Скобла: ) “Летась газэта “Наша Ніва” друкавала сэрыю тваіх фотаздымкаў пад назовам “Беларусы Амэрыкі”. Чым амэрыканскі беларус розьніцца ад беларуса тутэйшага, і якія рысы беларускага характару невынішчальныя — нават жыцьцём у другім сьвеце, нават цягам паўстагодзьдзя?”

(Кляшчук: ) “Самае галоўнае, што я назіраў у сваіх суродзічах на другім кантынэнце, — гэта іхнае вялікае жаданьне бачыць Беларусь вольнай і незалежнай краінай. Я ня думаў, што пачуцьцё любові да Радзімы можа быць такім усёпаглынальным! І гэтую любоў яны здолелі перадаць мне. Пасьля свайго першага падарожжа за акіян у 1991 годзе я быццам бы адкрыў для сябе новую Краіну Беларусь”.

(Скобла: ) “У сэрыі “Беларусы Амэрыкі” шмат здымкаў, на якіх цікавыя й вядомыя асобы: Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік, Данчык і Антон Шукелойць... Ты здымаў і Натальлю Арсеньневу ў хатнім інтэр’еры, у гарадку Рочэстэр, дзе яна жыла. Калі я глядзеў на яе фота, мне чамусьці думалася, што ў старасьці паэт мудрэй за любога філёзафа. А якой Арсеньнева запомнілася табе?”

(Кляшчук: ) “Сустрэчу з Натальляй Арсеньневай я лічу падарункам лёсу. У 1994 годзе я апынуўся ў Канадзе, і мне там трапіўся цудоўны чалавек, беларус Арсень Монід, які падахвоціўся звазіць мяне за 200 кілямэтраў у Рочэстэр. Я прыгадваю невялікі белы дом, старэнькую жанчыну, але з жывымі вачыма, гаваркую і цікаўную. Перад маім прыездам яна вярнулася з грыбоў — гэта на дзявятым дзясятку!

Атмасфэра ў ейным доме была прасякнутая беларускім духам. Памятаю, на сьценах віселі карціны й малюнкі мастака Пётры Мірановіча, дарэчы, аўтара выдатнага партрэта Н.Арсеньневай — ён уласнасьць спадара Моніда. Пры доме быў дагледжаны сад-агарод. Паэтка была ў курсе ўсіх беларускіх справаў, ведала, хто чым у Беларусі займаецца й якіх дасягнуў посьпехаў”.

(Скобла: ) “Я загадзя перапрашаю, калі маё наступнае пытаньне пасягне на раскрыцьцё нейкіх тваіх творчых сакрэтаў. Аднойчы я быў сведкам, як ты здымаў двух народных пісьменьнікаў Янку Брыля й Ніла Гілевіча на лясной дарозе. Здымкі тыя нагадвалі муштру: спыніцеся! размаўляйце! ідзіце! Потым ты загнаў шаноўнага Івана Антонавіча на нейкі корч-выварацень... У якіх выпадках ты зьвяртаесься да пастановачных здымкаў, і да якой мяжы можа даходзіць такое творчае нахабства?”

(Кляшчук: ) “Такіх людзей, як Янка Брыль і Ніл Гілевіч, даводзіцца здымаць нячаста. Як памятаеш, гэта быў дзень народзінаў Янкі Брыля, я ўпершыню быў на ягоным лецішчы ў Крынічным на Нёмане. Я ведаў, што і Брыль, і Гілевіч добра да мяне ставяцца, і яны дазвалялі мне тое творчае нахабства. Яны разумелі, што я шукаў кадар. Яны творчыя асобы, і іх нельга здымаць звычайна. Я ім удзячны, што яны цярпліва і ўважліва да паставіліся да маіх дзеяньняў”.

(Скобла: ) “Нядаўна я глядзеў тэлеперадачу, у якой адзін з Кукрыніксаў, Барыс Яфімаў, зь непрыхаваным гонарам расказваў, як ён маляваў кіраўнікоў імпэрыялістычных краінаў і меў за гэта асабістую падзяку Сталіна. А ці здаралася табе здымаць вядомых палітыкаў, быць фоталетапісцам эпохі?”

(Кляшчук: ) “Паколькі я зьяўляюся карэспандэнтам газэты “Звязда”, то мне прыходзіцца здымаць і першых асобаў нашай дзяржавы, і лідэраў іншых краін.

Мне запомнілася, як восем гадоў таму, акурат у гэтыя студзеньскія дні, Беларусь упершыню наведаў амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан. Трэба было зрабіць здымкі зь яго візыту, але ў Курапаты нас чамусьці не акрэдытавалі. Я на ўласныя страх і рызыку прабраўся ў Курапацкім лесе праз ахову. У прыцемках гэта было вельмі небясьпечна, але тады пра нешта падобнае не думалася.

Калі я вылез з кустоўя перад самым курапацкім крыжом, я ўбачыў Клінтана й Зянона Пазьняка, якія стаялі паасобку ад усіх і пра нешта размаўлялі. Часу на вымяркоўку кадра, вядома ж, не было. Я хуценька зрабіў некалькі здымкаў і даў лататы”.

(Скобла: ) “Мяркую, што ты, Анатоль, як і кожны мастак, не абыякавы да таго, як успрымаецца твая творчасьць грамадзкасьцю. Ты ўвогуле, як мне падаецца, чалавек увесьчасна натхнёны, дастаткова зірнуць на твае рабочыя здымкі ў “Звяздзе”. Ці дадала табе натхненьня прэзыдэнцкая прэмія “За духоўнае адраджэньне”, якую ты месяц таму атрымаў са шчодрых рук Аляксандра Лукашэнкі?”

(Кляшчук: ) “Яна мне ня так натхненьня, як клопату больш прынесла. Адны мяне віншуюць, другія мне спачуваюць — я нават ня ведаю, чаго больш... Я ні ў кога ніякай прэміі не прасіў, мяне вылучылі, мяне падтрымалі. Дзяржава ацаніла маю працу, цыкль фотаработ “Беларусь — зямля сьвятая”.

Вядома ж, прэзыдэнт ёсьць прэзыдэнт... але Бацькаўшчына для мяне — сьвятое, і я гэтыя паняткі не аб’ядноўваю. Ёсьць дзяржава — і ёсьць Радзіма. Я лічу, што гэтая прэмія — ад маёй Радзімы. А ўвогуле, я думаю, што ўсё мінецца, і я застануся са сваімі фотаздымкамі й буду працягваць сваю працу — дзеля Беларусі”.

(Скобла: ) “Пры канцы нашай гутаркі я б хацеў распавесьці пра тое, як аднойчы мяне вельмі ўразіў адзін фотаздымак. На жаль, ня ведаю, хто ягоны аўтар. На тым здымку паказаная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе, і дакладна відно, што прэзыдэнт клянецца на перавернутай дагары нагамі Канстытуцыі. Потым гэты здымак быў выразаны ў друкарні з кнігі Янкі Запрудніка “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях”, у кнігарні яна паступіла ўжо ў цэнзураваным выглядзе.

Такім чынам, сымбалічнае разыходжаньне Лукашэнкі з Канстытуцыяй засьведчана фотааб’ектывам ужо ў першы дзень яго легітымнай улады... Анатоль, а які свой здымак ты сам зьмясьціў бы на скрыжалях беларускай гісторыі?”

(Кляшчук: ) “Здымак, на якім зафіксаванае ўсталяваньне Крыжа пакуты ў Курапатах у 1989 годзе. Я памятаю, як праз увесь Менск несьлі гэты Крыж на чале шматтысячнага шэсьця, і як потым дзясяткі людзкіх рук узьнімалі яго ў Курапацкім лесе. Я думаю, што сёньня гэты Крыж уратоўвае Курапаты, уратоўвае нашу апошнюю сьвятыню перад наступам злачыннай будоўлі кружной дарогі па магілах”.
XS
SM
MD
LG